Вышла уникальная книга, посвященная хореографическому искусству Витебщины

Танцы Прыдзвіння

Кожная вёска Віцебскай вобласці мае свае фальклорныя асаблівасці. Танцы адрозніваюцца назвамі, матывамі найгрышаў, складам інструментаў у ансамблі. Цяпер усе адметныя карагоды, танцы і фальклорныя найгрышы Прыдзвіння змешчаны пад адну вокладку. У амаратаў традыцыйнай беларускай культуры ёсць магчымасць не толькі больш даведацца пра багатае харэаграфічнае мастацтва Віцебшчыны, але і самім навучыцца танцаваць «па-даўнейшаму».


Кніга «Прыдзвінскія карункі (Народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)» падрыхтавана Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Перш чым запісаць нотным тэкстам і харэаграфічнымі малюнкамі музычны і танцавальны матэрыял, які, здавалася, ужо даўно забыты, супрацоўнікам цэнтра прыйшлося апрацаваць вялікую колькасць метадычных выданняў мінулых гадоў, кніг па фальклоры, архіўных запісаў, паведамляе omcnt.by.


Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны вядомым харэографам рэгіёна. Сярод іх Іван Серыкаў, Леанід Барадулька, Восіп Партны. Іх напрацоўкі і сёння актыўна выкарыстоўваюцца танцавальнымі калектывамі не толькі Віцебскай вобласці, але і ўсёй краіны. Дзякуючы выданню шмат можна даведацца пра фальклорныя калектывы Віцебшчыны, якія займаюцца побытавымі танцамі, а таксама пра абласныя мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё і папулярызацыю танцавальнай спадчыны. Да прыкладу, агляды-конкурсы «Ад прашчураў да зор», «Прыдзвінскія карункі» і іншыя.

Кніга «Прыдзвінскія карункі» знаёміць чытачоў не толькі з харэаграфічнай спадчынай, але і з такім традыцыйным для нашай краіны відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як выцінанка. Справа ў тым, што старонкі выдання аздоблены работамі таленавітай выцінаншчыцы, галоўнага мастака Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ганны Перлінай.

mila@sb.by

Фото omcnt.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter