Танцуюць усе, працаваць няма каму

Аляксандр Мяжэнны лічыць, што ў Беларусі не хапае добрых харэографаў
Аляксандр Мяжэнны лічыць, што ў Беларусі не хапае добрых харэографаў

З Аляксандрам Мяжэнным (на здымку) можна доўга размаўляць пра кожны з яго заняткаў: харэаграфію, тэлебачанне і танцавальны бізнес. Але мы пайшлі іншым шляхам і вырашылі даведацца, як усё гэта ўжываецца ў адным чалавеку? Ці можна займацца ўсім адразу без шкоды адно аднаму?

— Вы — вядучы ранішняга шоу на тэлеканале СТБ і «Ранішняй пошты» на РТР-Беларусь. З’яўляецеся пастаноўшчыкам розных танцавальных праектаў, робіце нумары для беларускіх зорак. Вы перш за ўсё харэограф, а потым толькі тэлевядучы ці наадварот?

— Я не вельмі азадачаны гэтым пытаннем. Мяне больш цікавіць якасны ўзровень Аляксандра Мяжэннага як спецыяліста ў той справе, якой ён займаецца. Важны ўзровень прафесіяналізму чалавека. Не раблю для сябе пераваг, хто я ў першую чаргу: харэограф або тэлевядучы. Таму што мая работа як педагога ў танцавальнай зале — гэта таксама свайго роду шоу. Я не проста дэманструю рухі або практыкаванні, а перш за ўсё маю зносі¬ны з людзьмі. Па сутнасці, гэта работа вядучага. Мае дзеянні ў ранішнім шоу на тэлебачанні — свайго роду танец, скіраваны на тое, каб людзі атрымалі пазітыўную энергію. Я гэтыя прафесіі аб’ядноўваю. Для мяне гэта круг, а не лінія. Калі хочаце, кола, дзе адно дапаўняе другое.

— Вы ж яшчэ і бізнесмен. Гэта таксама ўваходзіць у ваша «кола»?

— Бізнесмен — гэта гучыць гучна. Не магу ў поўнай меры аднесці сябе да іх разраду, бо бізнесмен — гэта чалавек, які спрабуе атрымаць выгаду практычна з усяго. Умоўна кажучы, калі сёння на рынку добра ідуць падушкі з лебядзінага пуху, то ён займаецца імі, калі заўтра кан’юнктура змя¬нілася і поспехам карыстаецца сетка-рабіца, то ён прадае яе. Я раблю тое, да чаго ляжыць мая душа, тым самым абмяжоўваю круг магчымасцяў для атрымання прыбытку, што для сапраўднага бізнесмена, верагодна, няправільна.
Але калі гаварыць пра мяне як пра чалавека, які кіруе сваёй справай, то, так, я — бізнесмен, і гэта дастаўляе мне вя¬лікае задавальненне. Мой галоўны прынцып — атрымліваць задавальненне ад любой справы, якой займаюся.

— Дапусцім, вам тэлефануюць з тэлебачання. Што б вы хацелі пачуць: запрашэнне зрабіць танцавальную пастаноўку, прапанову на працу тэлевядучага ці на ўдзел вашых выхаванцаў у якім-небудзь праекце?

— Падобныя званкі мне паступаюць пастаянна. Пытанне вырашаецца лёгка: буду займацца ўсім вышэйпералічаным. Калі гаворка пра тэлездымкі, пага¬джуся, калі гэта мне цікава. Калі гэта танцавальны праект, то там могуць удзельнічаць вучні нашай школы з іншымі педагогамі школы. Калі запросяць мяне як пастаноўшчыка шоу, то гэта таксама не праблема, таму што падобныя праекты рыхтуюцца не адзін дзень, заўсёды знойдзецца «акно», каб падключыцца да працэсу. Словам, калі прапанова мяне захоплівае, то абавязкова знайду спосаб яе рэалізаваць. Мой звычайны дзень якраз і складаецца з такіх спраў: раніцай «Студыя добрага настрою», потым работа ў ансамблі. У абед — здымкі на ТБ, вечарам — рэпетыцыі ў школе і пастаноўка канцэртных праграм.

— Аляксандр, цікава ваша меркаванне вось у якім пытанні: у апошні час колькасць танцавальных школ няўмольна расце. Гэта добра ці не?

— Вітаю любыя пачынанні, ініцыятывы. Калі нешта новае з’яўляецца — гэта заўсёды добра. Але з іншага боку — людзі павінны дакладна разумець, што яны робяць. Ці прапарцыянальна адкрыццё школ танца з’яўленню таленавітых педагогаў? Мой адказ: «Не». Праблема з кадрамі ў Беларусі была, ёсць і будзе. Школ танца ў тым выглядзе, у якім яны павінны быць, у нас няма. Я і да сваёй установы прад’яўляю прэтэнзіі. На сённяшні дзень нават мы не зусім адказваем пэўным стандартам.

— Якой павінна быць сучасная школа танца?

— Школа павінна даваць шматузроўневую, ступеньчатую сістэму навучання. Свае магчымасці чалавек павінен рэалізоўваць у кожнай узроставай катэгорыі. І ў нас гэта ёсць. Але з-за аб’ектыўных прычын не можам мець пэўную колькасць зал у адным месцы. У маім разуменні школа — гэта будынак, які стаіць асобна, дзе паралельна працуе некалькі груп і харэографаў. Такіх устаноў у Беларусі няма. Ці магчыма гэта? Не ведаю. Пытанне, перш за ўсё, у фінансах.

— Як у цэлым ацэньваеце ўзровень харэаграфіі ў Беларусі?

— Як і ў любой галіне, ёсць пэўная колькасць людзей, якія правільна і сістэматычна робяць сваю справу. Іх няшмат. Але не магу сказаць, што іх колькасць павялічваецца і, што самае галоўнае, яна перарастае ў якасць.
Калі ахарактарызаваць сітуацыю з харэаграфіяй ў Беларусі ў цэлым, то трэба сказаць, што па некаторых пазіцыях мы знаходзімся ў лідарах. У першую чаргу — па ўзроўні таленту асобных людзей. Таленавітых людзей шмат, але што датычыцца нейкіх пэўных праектаў, калектываў, то з гэтым у нас праблема. Танцуюць усе, працаваць няма каму. Не магу сёння назваць нават дзясятак танцавальных груп, якія трымаюць пэўную планку.

— Што скажаце пра ўзровень харэаграфіі беларускіх эстрадных выканаўцаў?

— Пластыка і нашы артысты — гэта, на жаль, далёкія паняцці. Не таму, што яны не могуць танцаваць, а, хутчэй, не заўсёды знаходзяць час або жаданне займацца. Людзі засяроджана працуюць над вакалам, займаюцца аранжыроўкай. Калі ж застаецца некалькі дзён да эфіру ці канцэрта, яны ўспамінаюць, што трэба ж яшчэ і нумар падрыхтаваць. Гэта звычайная сітуацыя. Чалавек павінен кожную фразу прапускаць праз сваё цела, толькі тады ўсе яго ноткі становяцца асэнсаванымі. Танец патрэбны не як дадатак,
а як аснова. Голасам спявак перадае эмоцыі, а целам узмацняе іх. Танцамі трэба займацца пастаянна, толькі тады будзе вынік.

— Няўжо ўсё так дрэнна? Напэўна, ёсць станоўчыя прыклады?

— Ёсць выканаўцы, у якіх танец сядзіць унутры. Але яны не заўсёды яго адтуль «здабываюць». Напрыклад, Саша Нэма. Але калі б ён сур’ёзна займаўся, то адназначна змог бы пасунуць Джасціна Цімберлейка. Паважліва стаўлюся да артыстаў, якія пастаянна працуюць са сваім балетным калектывам на працягу доўгага часу. Гэта датычыцца Іскуі Абалян, Іны Афанасьевай, Ірыны Дарафеевай. Зараз сваю танцавальную групу збірае Алёна Ланская. Вось, мабыць, і ўсё.

— Вашы выхаванцы называюць вас дзядям Сашам. Гэта ваша пазіцыя ці выдумка дзяцей?

— Так мяне называюць не толькі вучні, але і іх бацькі, бабулі-дзядулі. Я ўмею і люблю працаваць з дзецьмі, лічу, што не трэба «ціснуць» на іх сваім імем па бацьку. Аляксандр Мікалаевіч — гэта строгі педагог каля дошкі. А я хачу, каб у дзіцяці, не важна, звяжа ён сваё жыццё з танцамі ці не, пры згадванні пра іх з’яўляліся станоўчыя эмоцыі.

Наталля СЦЯПУРА, «Р»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter