Танга на аргане

У гэтага інструмента ёсць свой захавальнік, а за яго фасадам можа схавацца цэлы чатырохпавярховы будынак

У гэтага інструмента ёсць свой захавальнік, а за яго фасадам можа схавацца цэлы чатырохпавярховы будынак

Нездарма арган называюць каралём інструментаў. Гэта самы вялікі музычны інструмент у свеце. І адзін з самых старажытных. Вядома, што першыя арганы з’явіліся яшчэ ў III стагоддзі да нашай эры, праўда, спачатку яны былі вадзянымі і называліся гідраўласамі. А колькі гадоў самаму старажытнаму аргану Беларусі? Дзе ў нашай краіне можна паслухаць наймагутнейшага караля інструментаў? І ці праўда, што арган можа замяніць цэлы аркестр?

Інструмент з гісторыяй

— Арган прынята лічыць атрыбутам заходняй царквы, — расказвае кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Савіцкая. — Аднак гэта не зусім так. Доўгі час пасля яго вынаходніцтва Ктэсібіем у трэцім стагоддзі да нашай эры арган быў свецкім музычным інструментам. На ім гралі на святах, падчас прыездаў  высокіх асоб. І ў каталіцкіх храмах арган з’явіўся толькі ў VII стагоддзі.

У Беларусі першыя арганы з’явіліся каля васьмісот гадоў таму, а росквіт беларускай арганнай культуры прыпаў на XVI—XVII стагоддзі.

—. Вялікімі цэнтрамі аргана былі Мінск, Брэст, Гродна, Нясвіж. Ужо ў той час працавалі такія таленавітыя арганісты, як Шымкевіч, Мазовіч, Рагачэўскі, якія не толькі гралі, але і пісалі для арганаў, — расказвае Вольга Парфёнаўна. — Да нашых дзён дайшлі некаторыя прыклады той старадаўняй беларускай арганнай музыкі. Па меркаванні сучасных даследчыкаў, самымі старажытнымі з’яўляюцца “Канцона” і “Матэт” Андрэя Рагачэўскага, створаныя на мяжы XVI—XVII стагоддзяў.

У 1872 годзе ў Мінску было нават адкрыта вучылішча арганістаў, адзінае на тэрыторыі Расійскай імперыі.

Арган у шасці вагонах

У XIX стагоддзі сталі з’яўляцца канцэртныя арганы. Адзін з першых такіх інструментаў быў пабудаваны ў Францыі.

— У сярэдзіне ХХ стагоддзя стала модным ствараць арганы ўніверсальныя, на якіх можна было граць самую розную музыку — старадаўнюю і сучасную, рамантычную і класічную. Да такіх адносіцца, да прыкладу, арган у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Выраблены вядомай чэшскай фірмай “Рыгер Клос” пад кіраўніцтвам славутага арганіста Іржы Рэйнбергера, ён адзначае сёлета 50-годдзе.

Гэта найбуйнейшы арган у краіне. Толькі ўявіце сабе, у беларускую сталіцу яго ў разабраным выглядзе дастаўлялі ў шасці таварных вагонах! Вышыня аргана каля дванаццаці метраў, шырыня — пятнаццаць. Чатыры мануалы і педаль, семдзесят тры гукавыя рэгістры, дзесяць паветраных мяхоў, 6366 труб. Самыя маленькія — дыяметрам са звычайны аловак і вышынёй з сантыметр, самыя вялікія — каля васьмі метраў у вышыню і дыяметрам з паўметра.

Доктар для “караля”

XXI стагоддзе адкрыла новую старонку ў гісторыі філарманічнага аргана. Арган быў адроджаны да новага жыцця таленавітым майстрам Станіславам Чарняўскім, які з 1963 года займаў пасаду захавальніка аргана. Больш за сорак гадоў ён дыхаў адным паветрам з арганам, ведаў яго характар, нораў, хваробы, моцныя і слабыя бакі. Свае веды ён перадаў сыну Генадзю, які сёння з’яўляецца майстрам і захавальнікам аргана. Без гэтых людзей, лічыць Вольга Савіцкая, арган проста не жыў бы. Гэтак жа, як і без выканаўцаў.

— Лёс аргана складаецца тымі людзьмі, якія на ім граюць, — лічыць Вольга Парфёнаўна. — Мінскаму аргану пашчасціла, бо за 50 гадоў яго існавання за яго пультам знаходзіліся толькі тры арганісты, прычым выбітныя і таленавітыя — Алег Янчанка, Аляксандр Фісейскі і Канстанцін Шараў. Апошні грае на аргане Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 1983 года.

Акрамя таго, з першых гадоў жыцця беларускі арган прыцягваў увагу многіх славутых музыкантаў з-за мяжы, якіх уражвае і сам інструмент, і работа майстроў, і арганізацыя канцэртаў, і добразычлівая падрыхтаваная мінская публіка. У Белдзяржфілармоніі выступалі галоўны арганіст Ватыкана Сакеці, арганіст з Бельгіі Петэрс, латышка Лісіцына, музыканты з Расіі Ройзман, Гродберг і многія іншыя.

— Філарманічны арган выдатна спалучаецца з самымі рознымі інструментамі. Больш за тое, можа замяніць цэлы аркестр, як, напрыклад, у арганных “Сімфоніях” французскіх кампазітараў Відора, В’ерна, — расказвае Вольга Савіцкая. — Магчымасці гэтага “караля інструментаў” неабмежаваныя. Марэк Стэфанскі з Польшчы, які нядаўна выступаў у Мінску, здзівіў... танга на аргане. Гледачы былі ў захапленні!

Арган з характарам

Яшчэ два вялікія канцэртныя арганы знаходзяцца ў сталічным касцёле святога Роха і ў Сафійскім саборы ў Полацку. Хоць усе яны вырабленыя ў Чэхіі, гучаць зусім па-рознаму, у кожнага свой характар. Усяго ж у Беларусі каля ста арганаў. Розных памераў, афармлення, ручной работы італьянскіх, нямецкіх, польскіх майстроў.

Самыя старадаўнія арганы Беларусі знаходзяцца ў Фарным і Францысканскім касцёлах у Гродне, Будславе, у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, у Тракелях на Воранаўшчыне. Усе яны паходзяць з XVIII стагоддзя. Адзначаюць музыканты таксама арганы ў Нясвіжы, Пінску, Віцебскім касцёле святой Барбары і Магілёўскім касцёле святога Станіслава, называючы іх па-сапраўднаму годнымі царамі музыкі.

 А вам даводзілася чуць караля інструментаў?

Белдзяржфілармонія запрашае акунуцца ў неабсяжны мір арганнага мастацтва, наведаўшы канцэрты, прысвечаныя 50-годдзю найбуйнейшага аргана Беларусі.

9 красавіка — гала-канцэрт: непаўторныя сустрэчы з выдатнымі беларускімі і расійскімі выканаўцамі (К. Шараў, І. Алоўнікаў, К. Пагарэлая, М. Воінава).

13 красавіка — канцэрт знакамітага ансамбля “Камерныя салісты Мінска” пры ўдзеле нямецкага арганіста Марціна Цімана і ўладальніка ўнікальнага голасу контртэнара, скрыпача Дзмітрыя Сінькоўскага. Дырыжор — Дзмітрый Зубаў.

17 красавіка — сольны канцэрт аднаго з выбітнейшых арганістаў сучаснасці, віртуознага канцэртнага выканаўцы і адначасова тонкага знаўцы царкоўнай музыкі Іаганеса Геферта з Германіі.

24 красавіка — вечарына маладых беларускіх арганістаў, вучняў класа арганіста Архікатэдральнага касцёла імя  Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзіміра Неўдаха.

6 мая — канцэрт Аляксандра Фісейскага “Французскі сімфанічны арган” у рамках унікальнай музычнай падзеі —  Сусветнага дня аргана, прысвечанага 850-годдзю Notre Dame de Paris.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter