Танец пад назваю “Бульба”

Гэты танец лічыцца на Беларусі народным, але ж некалі яго паставіў знакаміты харэограф Ігар Майсееў “Біс! Брава! Малайцы!” Бурнае захапленне выклікаў літаральна кожны нумар, які прадстаўляў нядаўна Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Майсеева на “Славянскім базары ў Віцебску”, на сцэне Летняга амфітэатра. Шэсць тысяч месцаў – і поўны аншлаг! Апісваць словамі, што адбываецца на сцэне, не мае сэнсу: гэта трэба бачыць. Прычым глядзець на расійскіх віртуозаў танца, мастацтва якіх здзіўляе і захапляе, можна бясконца.
Высокае майстэрства дэманстравалі артысты Ансамбля танца імя Ігара Майсеева на віцебскай сцэнеГэты танец лічыцца на Беларусі народным, але ж некалі яго паставіў знакаміты харэограф Ігар Майсееў
“Біс! Брава! Малайцы!” Бурнае захапленне выклікаў літаральна кожны нумар, які прадстаўляў нядаўна Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Майсеева на “Славянскім базары ў Віцебску”, на сцэне Летняга амфітэатра. Шэсць тысяч месцаў – і поўны аншлаг! Апісваць словамі, што адбываецца на сцэне, не мае сэнсу: гэта трэба бачыць. Прычым глядзець на расійскіх віртуозаў танца, мастацтва якіх здзіўляе і захапляе, можна бясконца. Высокая тэхніка, а яшчэ і разумная рызыка, бліскучая акцёрская ігра – усё даведзена да дасканаласці.
Ігара Майсеева па праву называюць найвялікшым харэографам XX стагоддзя. Мэтр ушанаваны мноствам узнагарод, ганаровых званняў і тытулаў. Ён першы ў свеце прыдумаў і стварыў прафесійны харэаграфічны ансамбль. Гэта да таго ж першы і адзіны прафесійны калектыў, які займаецца мастацкай інтэрпрэтацыяй танцавальнага фальклору народаў свету. І першы ансамбль народнага танца, які атрымаў званне “акадэмічны”. Яму апладзіравалі ў розных кутках планеты, і за рэкордную колькасць гастроляў калектыў занесены ў расійскую Кнігу рэкордаў Гінеса. Па сутнасці, ансамбль Майсеева адлюстроўвае культуру цэлага стагоддзя, не здарма ж ён доўгі час быў прыгожай візітнай карткай СССР. Кажуць, неаднаразова пасля канцэртаў ансамбля наладжваліся дыпламатычныя адносіны, змянялася стаўленне кіраўніцтва шэрагу заходніх краін да Савецкага Саюза.
У далёкія 30-я гады Ігар Майсееў пачаў збіраць фальклор. Аб’ездзіў усе рэспублікі былога Саюза. У рэпертуары ансамбля каля трохсот твораў, сярод якіх і беларускія танцы: “Лявоніха”, “Крыжачок”, полька “Янка”, “Бульба”, полька “Мама”, “Юрачка”. Дарэчы, а як нарадзілася “Бульба”, ведаеце? У некаторых рэгіёнах Беларусі сцвярджаюць, што “Бульба” – наш народны танец. На самай справе Ігар Аляксандравіч паставіў яго на матыў народнай беларускай песні, раней такога танца не было. У аўтабіяграфіі І. Майсеева чытаем: “Я цікавіўся фальклорам, ездзіў па беларускіх вёсках. Справа была ўвосень, паспяваў ураджай бульбы. Насустрач нам ішла група дзяўчат, якія неслі на плячах вілы і весела спявалі па-беларуску. Я спытаў майго спадарожніка, пра што яны спяваюць. Аказалася, пра бульбу: прасілі, каб надвор’е дапамагло ёй нарадзіцца, тады год будзе сыты, шчаслівы, а значыць, будуць і песні, будуць і танцы. Вярнуўшыся ў Маскву, я зрабіў танец пад назвай “Бульба”. Калі гадоў праз 15 я зноў пабываў у Беларусі, то даведаўся, што ўсюды танцуюць маю “Бульбу”! Пытаюся: адкуль у вас гэты танец? Мне адказваюць: “А ён у нас заўсёды быў”. Хоць усе фалькларысты пацвярджалі, што гэты танец з’явіўся ў Беларусі пасля маёй пастаноўкі”.
І яшчэ адзін цікавы факт з творчага жыцця Ігара Майсеева, звязаны з Беларуссю. У 1936-м ён упершыню стаў рэжысёрам фізкультурных святаў, якія вельмі любіў Сталін. Атрымалася так паспяхова, што на наступны год было шмат калектываў-прэтэндэнтаў, а Майсееў абраў сярод іх Беларускі дзяржаўны тэхнікум фізічнай культуры. Пазней Ігар Аляксандравіч успамінаў: “Кожны тыдзень я ездзіў у Мінск на два дні для падрыхтоўкі выступлення, якое задумвалася мной у нетрадыцыйнай для парада тэатралізаванай форме. Называлася яно “Граніца на замку”. Красная плошча ператваралася ў бярозавы гай, з яго выходзілі танкі, выбягалі салдаты. Выканаўцы выйшлі на плошчу з маленькімі бярозкамі, загадзя прывезенымі з Падмаскоўя, чым стварылі ілюзію Беларусі. Пасля параду тэхнікум перайменавалі ў інстытут, выканаўцаў узнагародзілі ордэнамі”.
Сёлета знакамітаму калектыву — 75 гадоў. Ён даўно перажыў краіну, у якой нарадзіўся, але і цяпер, як гаворыцца, не здае сваіх пазіцый. Канцэрты гурта імя маэстра Майсеева па-ранейшаму выклікаюць буру станоўчых эмоцый.

Іна Ганчаровіч
На здымку:
Высокае майстэрства дэманстравалі артысты Ансамбля танца імя Ігара Майсеева на віцебскай сцэне
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter