Адпачынак у Сакольнiках
Уік-энд і водпуск гродзенскi журналіст Генадзь Гіль звычайна праводзіць у родных Сакольнiках, кажа, тут душа адпачывае. Цэлае гладыёлусавае поле, дзе адных толькі сартоў грацыёзнай кветкі сотня, распасціраецца адразу за бацькоўскім домам. Як не залюбавацца такой прыгажосцю! А жыхары невялікай вёсачкi ведаюць, што гэты незвычайны кветнік – справа мужчынскіх рук.
Сам кветкавод-аматар кажа, што здзіўляцца такому хобі не варта, бо спрадвеку выбраная ім кветка лічыцца мужчынскай:
— Гладыёлус жа ў перакладзе з латыні азначае «маленькі меч», рымляне яго называлі кветкай гладыятараў, а пялёсткі, як абярэгі, воіны бралі з сабой на бітву. Да гэтага часу раслiна з'яўляецца сімвалам вернасці, высакароднасці і памяці. Дарэчы, ва ўсім свеце іх селекцыяй займаюцца практычна толькі мужчыны.
А пачатак такому незвычайнаму хобі Генадзя Андрэевіча паклала жонка Алена Францiшкаўна. Гэта з яе лёгкай рукі трыццаць гадоў таму выраслі першыя гладыёлусы. Пераборлівыя кветкі патрабавалі часу для карпатлiвага прыгляду, а ў гаспадыні-педагога яго заўсёды бракавала, так паступова да вырошчвання гладыёлусаў далучыўся і муж. А калі ўбачыў вынік сваіх старанняў, загарэўся. Знайшоў селекцыянераў у Беларусі і за яе межамі, з году ў год пачаў прыбаўляць сорт за сортам. Так у невялікай вёсачцы з гадамі вырасла цэлае арыгінальнае поле, падобнага якому ў наваколлi няма.
— Колькі ж сілы патрабуецца, каб прыгажосць такую стварыць і зберагчы? — цікаўлюся ў энтузіяста:
— Увесну каля тыдня iдзе на пасадку, а ёй папярэднічае самая скрупулёзная праца — кожную цыбуліну і яе дзеткі варта ачысціць ад шалупіння. Працаёмкі працэс — выкопванне і сартаванне, бо кожны з сотняў сартоў трэба пакласцi асобна ў пакуначкі, падпісаць, каб не пераблыталіся, і схаваць у скрыні. Для гэтага патрабуецца мінімум два тыдні, таму адпачынак я бяру толькі ў верасні.
Заўважу, што родныя Сакольнікі Гіля размешчаны за сотню кіламетраў ад Гродна, але гэта не адлегласць для таго, каб пасля інтэнсіўных працоўных будняў у выхадныя не перанесціся цалкам у іншае вымярэнне.
Кветка з семечка
Генадзь Андрэевіч паказвае сваю чароўную плантацыю — пярэстую каляровую палітру. Цікаўлюся, ці ёсць сярод гэтай пышнасці любімы сорт.
— За 30 гадоў у цэлым мне ўдалося вырасціць каля сямі сотняў сартоў, са многімі, на жаль, прыйшлося развітацца. А любімым застаецца «Неўская экзотыка», якi вывеў піцерскі селекцыянер Трыфанаў, — кажа ён і паказвае незвычайную кветку: ярка-ружовую з цёмна-зялёным беражком.
Да цiкавага хобі жонка Алена Францiшкаўна ставiцца з вялікай павагай, хоць прызнаецца, што спачатку глядзела на яго па-іншаму:
— Памятаю, калі муж прынёс з пошты першую скрынку з дзеткамі гладыёлусаў і прызнаўся, колькі заплаціў за іх, я ледзь не заплакала. Сума для сямейнага бюджэту была немалая, зразумела было з самага пачатку, што на кветках зарабляць мы не будзем, гэта занятак для душы. У нашай рэчаіснасці, на жаль, назіраецца ўхіл у бок матэрыяльны, часам нават нізінны, а Гена, стварыўшы сваiмi рукамі такую прыгажосць, здолеў пераадолець стэрэатыпы.
Свой сорт Гіль, як належыць селекцыянеру, вывеў з маленькага семечка. На тое, каб цыбуліна ўвянчалася коласам, спатрэбілася пяць гадоў.
— А як жа ён будзе называцца? — цікаўлюся ў кветкавода-аматара.
Генадзь Андрэевіч кажа, што спачатку хочацца ўбачыць саму кветку, а імя, хутчэй за ўсё, будзе звязана з роднымі Сакольнікамi, якім ён яго і падараваў.
semenova@sb.by