Беларусы і ўкраінцы дружна жывуць у пасёлку чарнобыльскіх перасяленцаў Вільча на Харкаўшчыне

“Там жа хата бацькава стаіць...”

Беларусы і ўкраінцы дружна жывуць у пасёлку чарнобыльскіх перасяленцаў Вільча на Харкаўшчыне. Аднак нашы супляменнікі не забываюць і пра бацькоўскую зямлю.
Беларусы і ўкраінцы дружна жывуць у пасёлку чарнобыльскіх перасяленцаў Вільча на Харкаўшчыне. Аднак нашы супляменнікі не забываюць і пра бацькоўскую зямлю.

Летась у 4-м нумары часопіса мы пісалі, як жыхары з забруджанага радыенуклідамі ў 1986 годзе пасёлка гарадскога тыпу Вільча з Палескага раёна Кіеўскай вобласці былі адселены ў 1992-94 гадах у Харкаўскую вобласць Украіны. У ліку перасяленцаў у новую Вільчу, якая была спланавана ды пабудавана хуткімі тэмпамі “ў чыстым полі” за 6 кіламетраў ад райцэнтра Ваўчанск, аказаліся і нашы супляменнікі. У савецкі час, як вядома, жыхары Беларусі маглі пераязджаць на жыхарства, вучобу ў суседнюю рэспубліку без перашкод, і наадварот. Нашы народы тады яшчэ больш парадніліся, утварыліся тысячы беларуска-ўкраінскіх сем’яў. Дарэчы, і ў апошні час з зоны ўкраінскага ўзброенага канфлікту перасяліліся ў Беларусь дзясяткі тысяч грамадзян Украіны: па стане на красавік 2014-га — больш за 100 000 чалавек. Некаторых з іх прызнаюцца, што выбралі для новага месца жыхарства Беларусь, бо маюць тут сваякоў, родзічаў ці і свае родавыя карані.


Таццяна і Валерый Семянчукі на фоне ўласнай пасекі

Вільча ды Воўча

Вернемся на Харкаўшчыну, у Вільчу. Калі будавалі той пасёлак для перасяленцаў-чарнобыльцаў, планавалі ўзвесці 800 катэджаў — паспелі, пакуль не рухнуў Савецкі Саюз, давесці да ладу 400. Так і аказаліся побач Воўча ды Вільча. Дарэчы, Воўчай там часам называюць Ваўчанск, што на аднайменнай рэчцы. Адтуль родам і адна з аўтараў гэтых нататак: Валянціна Чаркашына закончыла ў горадзе школу і яшчэ кіеўскай студэнткай выйшла замуж у Мінск. Галава Вільчанскага пасялковага савета Мікалай Лірскі, расказваючы пра мясцовае жыццё-быццё, звяртаў увагу: у новую Вільчу перасялілася пераважная большасць жыхароў забруджанага Чарнобылем пасёлка, з больш чым 1800 цяперашніх жыхароў каля 1000 — адтуль. А новыя людзі часцей з Харкава: купляюць катэджы ў прываўчанскай “Рублёўцы”. Між тым, казалі нам, “калі б Саюз не лёг, не разваліўся, то з часам быў бы можа і Вільчанскі раён, а не Ваўчанскі”. Ды “няма таго, што раньш было”, як казаў класік. “Вільча старая закінута: гэта цяпер зона, і ўезд — па прапусках, — расказваў Мікалай Іванавіч, ураджэнец Тэрнопальшчыны, які па размеркаванні пасля ВНУ трапіў працаваць у лясгас на Палессе і паспеў там ажаніцца, прыкіпець да прыгожых лясістых мясцін. — Езджу туды амаль штогод, і жонка таксама. Там цёшча мая пахаваная”.

У новай Вільчы, звяртае ўвагу Лірскі, няма асаблівых адрозненняў паміж беларусамі ды ўкраінцамі: “Сябруем сем’ямі. Мы ж і там, на старой Вільчы, сябравалі. Людзі ўсе вельмі добрыя: дружалюбныя, працавітыя, гасцінныя”. Ёсць інваліды Чарнобыля, больш за 120 чалавек — удзельнікі ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, сярод іх і беларусы. Паводле падлікаў галавы, у Вільчы цяпер каля 30 беларускіх ды беларуска-ўкраінскіх сем’яў. З ліку актыўны ў сацыяльным жыцці называў нашых супляменнікаў Валянціна Юркоўскага, Валерыя Семянчука з жонкай-украінкай Таццянай. А пра тое, як вільчанцы зберагаюць традыцыі продкаў, гаворыць такі факт: штогод з Харкаўшчыны яны разам, аўтобусам і на ўласных аўто ездзяць на Радаўніцу на магілы сваякоў і блізкіх, што пры старой Вільчы.

Што яшчэ прыцягвае іх у той, закінуты цяпер куток? Пэўна ж, і светлыя ўспаміны пра былое, і супольна перажытая Чарнобыльская бяда. Ну мае ж над людзьмі ўладу “земля, с которою вместе мерз” — гэтак калісьці вызначыў паэт Уладзімір Маякоўскі падобную цягу ў мясціны мінулага… У інтэрнэце, размешчаны і відэаролік пад назвай “Сторона родная”, які паказаў нам жыхар Вільчы Іван Ільніцкі. Дом культуры... Дом быту... Чыгуначная станцыя Вільча... Піянеры і ветэраны ў святочныя дні ля помнікаў, вуліцы і пейзажы, дзе да будынкаў падступае лес, ля дамоў растуць прыгожыя сосны... Старыя здымкі зменьваюць адзін другі пад шчымлівую мелодыю з мінулага. Іван Ільніцкі на пенсіі, у старой Вільчы працаваў дырэктарам Дома культуры. “Гэта ўсё нам цікава, — тлумачыў з’яўленне настальгічных старонак у нэце Іван Адамавіч. — Там прайшла частка нашага жыцця. Я тут жыву з 9 мая 1993 года. Пасля аварыі на ЧАЭС два тыдні жылі вільчанцы і ў беларускім Мазыры ў родзічаў — мае бацькі з дачкою і пляменнікам. Гамяльчанка цяпер сястра мая стрыечная. Увогуле мы з Беларуссю, я так лічу, адно цэлае”.

У адной з сацсетак у інтэрнэце ёсць група, дзе зносяцца жыхары Вільчы — як старой, так і новай. Для навічкоў там ёсць тлумачэнне: “Вільча... Гэтае слова выклікае ў нас розныя эмоцыі, бо не кожны разумее: пра якую менавіта Вільчу ідзе гаворка? Гэтая група прысвечана пасёлку гарадскога тыпу Вільча, што ў Ваўчанскім раёне Харкаўскай вобласці”. Далей — крыху пра гісторыю пасёлка, яго адметнасці. І на заканчэнне: “Цяпер пасёлак можна ўсур’ёз назваць гонарам і красою раёна. Жыць у ім вельмі зручна, дзякуючы наяўнасці ўсяго неабходнага у цывілізаваным населеным пункце: вады, газу, электрычнасці... Вочы радуюць зялёныя вуліцы, ахайныя сядзібы. З часу ўтварэння Вільча выпускала ў жыццё моладзь. І заўсёды пры тым чуліся словы накшталт “ну нарэшце!” Маладыя людзі рады, што пакідаюць гэтае месца. Але праходзіць час — і пачынаюць сумаваць па ім. Многія вяртаюцца, і калі ідуць па родных вуліцах, то іх сэрцы поўняцца спакоем”.


Малады будаўнік у часопісным фотарэпартажы з 1992 года — гэта ён, Валерый Семянчук

Працоўнае шчасце сям’і Семянчукоў

Мяркуем, дома “поўняцца спакоем”, як пішацца ў сацсетках, і сэрцы сясцёр Алены і Кацярыны Семянчук, якія пакінулі бацькоў у Вільчы, маюць дыпломы ўрачоў ды асвойваюцца ў Харкаве: да абласнога цэнтра кіламетраў 60. Між тым да мяжы з Белгарадскай вобласцю Расіі ад Вільчы ў разы чатыры бліжэй. А трапілі мы ў сям’ю Таццяны і Валерыя Семянчукоў дзякуючы пасялковаму галаве Мікалаю Лірскаму. На нашу просьбу паказаць, як жывуць мясцовыя супляменнікі, ён разам з намі завітаў у дом па вуліцы Праразной, 9. Дарэчы, нашым субяседнікам цікаваю падалася прапанова: назваць Беларускай адну з вуліц у Вільчы. То можа гэтую, з даволі спецыфічнаю назвай, і разгледзець як “кандыдатку” на перайменаванне? Другі ж аргумент — там вельмі дбайна, у прыклад іншым гаспадарыць на 20 сотках разам з такою ж, як і сам, працавітаю жонкаю-ўкраінкаю наш зямляк-беларус. І пчолы ў іх ёсць, і пахкую ружовую паляндвічку ды кумпячок падвэнджаны да святочнага стала гасцінны гаспадар прынёс — уласнае гадоўлі быў падсвінак, казаў, і ўласнага вырабу дэлікатэсы. Карацей: імідж Беларусі і беларусам Семянчукі ствараюць вельмі станоўчы.

За багатым сталом — а былі Велікодныя дні — сядзелі малодшая дачка гаспадароў ды дзве госці. Пазней даведаліся: гэта “кіеўскія дзяўчаты”: Таццяніны сястра Валянціна — ураджэнка Будаваравічаў, што каля Вільчы — і пляменніца. Апошняя, Алена Сікорская (па-ўкраінску: Олена Сікорська), акторка, сябравала са знакамітым артыстам Багданам Ступкам, цяпер працуе як драматург. “Спектакль из ряда жизненных, чертовски правдивых историй, таких себе трагикомедий нашей жизни, где смеются, давясь слезами, и плачут, разрываясь смехом… Это правдиво, грустно, но красиво и стояще,” — знайшлі мы пазней у нэце меркаванне пра спектакль па яе п’есе “Амаркорд. Я ўспамінаю”, пастаўлены ў кіеўскім Тэатры Франка.У іх з мужам быў і свой тэатр, Алена здымалася ў кіно, была і на кінафэсце “Лістапад” у Мінску. Гэта мы пра тое, як цесна ўсё ж паяднаны беларусы з украінцамі: ці тым, ці іншым бокам.

Паспелі мы зрабіць пару каларытных кадраў Таццяны з Валерыем на фоне іхняй пасекі, а экскурсію па доме адклалі: падмацавацца! Дыктафон уключылі. Нас, вядома, найперш цікавіў зямляк, з яго і пачалі.

—  Спадар Валерый, адкуль канкрэтна вы родам?

— З Гомельшчыны, з вёскі Лінаў Нараўлянскага раёна, гэта Галоў-чыцкі сельсавет. Раней у нас быў моцны калгас “Савецкая Беларусь”. Школу заканчваў у Дабрыні, за пяць кіламетраў.

—  Мы бывалі ў вашых мясцінах! Калі ў 1996-м пешшу абыходзілі Беларусь уздоўж дзяржаўнай мяжы, ішлі пешшу з Ельска на Нароўлю...

— Мясціны тыя, вы ведаеце, таксама пацярпелі ад радыяцыі. А ў 1986-м мы жылі, ужо з жонкаю, пры АЭС, у пасёлку Прыпяць. Я пасля школы працаваў трактарыстам, пайшоў у войска. Адслужыў танкістам, прыехаў бліжэй дадому і ўладкаваўся на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС слесарам, а жыў у Прыпяці. Туды і жонку перавёз.

— А пазнаёміліся дзе?

— Якраз у Вільчы, дзякуючы сястры маёй: яна жыла там, я ў госці ездзіў. Пабачыў гэту прыгожую дзеўку (паказвае з усмешкай на Таццяну) ды ўлюбіўся. Яна з Вільчы родам, да бацькоў прыязджала, а працавала кандытаркай у Кіраваградзе. Я ў Прыпяць яе перавёз, калі мы пажаніліся. І жылі там, пакуль у 86-м не здарылася бяда. Дарэчы, аварыя, вы ведаеце, была якраз на 4-м энергаблоку. З Прыпяці пайшла эвакуацыя, паехалі ў Кіеў: Таццяна была цяжарнаю. Нам шмат дзе жыць прапаноўвалі, а потым пачулі: можна і пад Мінскам. Жонка сказала: едзем, у цябе там родзічы. Паехалі ў пасёлак Дружны. А там дом вялікі літарай П, ажно 28 пад’ездаў, для перасяленцаў будавалі. Пажылі з тыдзень, і нам далі кватэру. У жніўні засяліліся, а 21 верасня жонка ў мінскім раддоме нарадзіла старэйшую дачку Алену. Яна цяпер неўрапатолагам у Харкаве.

— То вашая Алена — мінчанка па месцы нараджэння? А мову беларускую ведае?

— Вядома, мы ж па два разы на год да сваякоў у Беларусь ездзім: моўная практыка ёсць. А ў нас там у гаворцы і беларускія словы, і рускія, і ўкраінскія дамешваюцца. Сваякі нашы, сябры жывуць у Нароўлі і раёне, у Мазыры, у Мінску... У Лінаў ездзім на Радаўніцу: там бацькі мае пахаваныя. У Нароўлі дзядзькі, цёткі жывуць. Брат адзін — у Ельскім, другі — у Лоеўскім раёне: Гомельшчына. У Мінску сябры, сваякі працуюць у сілавых структурах — да іх наведваемся. Падтрымліваем сяброўства з добрымі людзьмі ў Дружным. Сярод іх Алена Будкоўская, працуе выхавацелькай у інтэрнаце, чарнобыльцам шмат дапамагае, у якіх нямала праблем. Працуе “па гэтай тэме” яшчэ з 86-га, там і фонд, мы ведаем, створаны, які супрацоўнічае з немцамі. Раней праз яго прыходзіла вялікая гуманітарная дапамога, бо калі рухнуў Савецкі Саюз, то цяжка нам усім даводзілася. Атрымлівалі лекі, прадукты, дзяцей за мяжой аздараўлялі.

— Вы, Валерый, не расказалі: як з Дружнага, з-пад Мінска трапілі ў новую Вільчу?

— У Дружным пражылі 8 гадоў — і пераехалі сюды ў 93-м. Тады выйшла пастанова, ужо ў незалежнай Украіне: хто з’ехаў за мяжу з Прыпяці, то можа вярнуцца. А ў жонкі бацькі з Вільчы, іх адсялялі пад Ваўчанск. Абяцалі залатыя горы: заводы пабудаваць, катэджы, тралейбус ці трамвай да Харкава пусціць. А жонка, бачыў, вельмі сумавала па сваіх, без маці... Вось і рашыліся быць бліжэй да вільчанцаў.

Калі і раней да размовы падключалася гаспадарова жонка, то тут ужо Таццяне трэба даць слова. Гэта ж яе пацягнула да родных. І яе сэрца ныла-балела найбольш, нібы адчуваючы нейкую віну, калі згадвала пасля пераезду на новым месцы адладжанае ўжо пад Мінскам жыццё.

— Таццяна, якія першыя ўражанні ад новай Вільчы? Што ўбачылі?


— Уражанні зусім невясёлыя... Я, можна сказаць, са слязамі сюды прыехала. Пабачыла пустое поле, ды бруд усюды і гліна — бо яшчэ ж ішла будоўля... Мне, дарэчы, і цяпер усе сны сняцца — пра старую Вільчу. А дзеці тут раслі — гэта іхні родны кут. Валерый, дзякаваць Богу, без працы не застаўся. Ён перавучыўся і пачаў працаваць у “Гаргазе”: спецыялістам па газавай апаратуры. І ў самой Вільчы, і па раёне. А да Чарнобыльскай аварыі ён быў бляхаром (па руску — жестянщиком), прычым высокага класу: у Ленінградзе, на заводзе “Прыбой” на курсах вучыўся.

— Валерый, хто навучыў вас абыходзіцца з пчоламі? Можа хто з Лінава?


— Так, дома дзядзька мой пчоламі займаўся — нешта і мне перадалося. Вуллі, праўда, у нас з жонкаю нядаўна, гады тры. У Лінаве яшчэ сусед, дзед Гарась па прозвішчы Леглік добрым пчаляром быў — гэта родны дзед Аляксея Іванавіча Ерашэнкі, майго сябра-аднакласніка, які цяпер у Мінску.

—  Вы звычайна на Радаўніцу ў Беларусь выбіраецеся?

— Так, і яшчэ летам. Там жа хата бацькава стаіць, у якой прыемна спыніцца, пажыць. У хаце заўсёды чысціня і парадак. І вёска дагледжаная, чыстая. Некаторыя хаты, што аджылі век, пазносілі. Жонку вось — а яна ў мяне, дарэчы, дэпутат раённай рады — уражвае: у мясцовым вясковым бюджэце у Беларусі знаходзяцца грошы і на афарбоўку платоў, навядзенне парадку. Украіне, на жаль, далёка да гэтага. А ў нас у Лінаве да бацькаўшчыны, спадчыны бацькоў, паважлівае стаўленне. Калі ніхто ў хаце і не жыве — у ёй, на ўсёй сядзібе павінен быць парадак. Мы яго падтрымліваем. Гэта справа гонару: не толькі магілку бацькоўскую агледзець, а каб і хата, сядзіба вока радавалі. Тады будзе бачна: не дарма жылі людзі на свеце, добрых дзяцей выгадавалі. Падабаюцца і беларускія дарогі, ехаць — адно задавальненне. Да парога бацькоўскай хаты ў нас па спідометры аўто кіламетраў 800.


У гэтым нумары часопіса пісалі пра яго

“Та я ж свая!”

У добрай бяседзе, з цікавымі лю­дзьмі ды з пачастункамі на стале час ляцеў. Сам Валерый між тым здзівіў нас не толькі мяснымі прысмакамі, якія “адно што з вяндлярні”, яшчэ на металічным прутку ўнёс у дом.  На хвіліну адлучыўся потым у суседні пакой — і вось ідзе задаволены, усміхаецца ў вусы: “Дык вы ў гэтым часопісе пра нас напішаце?” І паказвае... часопіс “Беларусь”,  красавіцкі нумар за 1992 год, а ў ім — вялікі фотарэпартаж Уладзіміра Бацкалевіча і Віктара Жыліна з вёскі Заполле Чэрвеньскага раёна “Хто мы? Адкуль мы” пра жыццё ў Беларусі чарнобыльцаў-перасяленцаў. На здымках Жыліна пазнаем суразмоўцу з вадасцёкавымі трубамі пад пахай: на той час ён працуе ў трэсце “Чарнобыльбуд”. Валерый “узводзіць дамы для перасяленцаў”, дзеліцца ўспамінамі з журналістамі пра красавік 86-га. Згадваем Віктара Лазаравіча: няма ўжо яго ў гэтым свеце. А зберагае ж чалавек часопіс, не затрос у пераездах... І выразку з раёнкі з яго здымкам — таксама. Спадзяемся, будзе ў  Семянчукоў і нумар з гэтай публікацыяй.

Аднак, запыталі мы ў Кацярыны, ці зможа прачытаць яна тэкст па-беларуску без дапамогі бацькі? У наш прыезд у Вільчу (май 2013-га) яна заканчвала Харкаўскі медуніверсітэт: здавала дзяржэкзамены, без пяці мінут урач-тэрапеўт. “Мову беларускую разумею, аднак гаварыць на ёй не ўмею, — прызналася шчыра. — Неяк у стрыечнага брата ўзяла кнігу і паспрабавала чытаць: цяжка... Мы, як жывыя былі дзядуля і бабуля, ездзілі на тыдзень-два да іх, то некаторыя словы ведаю. Увогуле ж я ва ўкраінскай школе вучылася”. Браты ў дзяўчыны ўсе беларусы. Са смехам згадвае, як не магла спачатку зразумець, што такое ё — а ў тым рэгіёне гэта дыялектны эквівалент слова “ёсць”. Браты з Гомеля ці Нароўлі, калі прыязджае ў Беларусь, ёй кажуць: о, хахлушка прыехала! А яна ім: “Та я ж свая”!

Прыемна было маладой гаспадыні паказваць бацькоўскі дом, дзе ўсё зроблена на гарадскі лад. Утульным атрымаўся пакой самой Каці на другім паверсе, пад дахам. Да катэджа — і так ва ўсім пасёлку — падведзены цеплатраса (цэнтральная кацельня), газ, вада, ёсць цэнтралізаваная каналізацыя. Гарачая вада — круглыя суткі, а ў Ваўчанску і ў многіх шматпавярхоўках на такое забыліся... Праўда, асаблівасці побыту ўсё ж нагадваюць: у гаспадароў моцныя вясковыя карані. Між тым, згадвала Таццяна, калі вільчанцы рассяляліся там, то маглі выбіраць сабе і былых суседзяў: каб жыць зноў побач. Казалі Семянюкі: з Мікалаем Сушыцкім яны даўнія суседзі. Шмат у іх і сваякоў, і сяброў. І беларусы ў тым ліку: браты Юркоўскія, напрыклад. Ці Яўген Курака, які з Нароўлі, Валерын зямляк. І цяпер, казалі, як едзе хто ў Беларусь, “нешта перадаем радні праз сваіх”. “То можа з кім з іх і радычацца будзеце? — запыталі мы, гледзячы на іх дачку. Слова адметнае ва ўкраінскай мове азначае: парадніцца, пажаніўшы дзяцей. На што Таццяна ўсміхнулася: “А гэта ўжо як Бог дасць!”.  

З цеплынёй гаварыў Валерый пра бацьку Івана Рыгоравіча і маці Надзею Сямёнаўну, паказваў іх здымкі. Згадваў: маці як чула па тэлевізары нямецкую мову, то адразу ж і перакладала. У час вайны фашысты вывезлі яе на працу ў Германію. Расказвала: вызвалялі тэрыторыю, дзе жыла, амерыканцы. Гаворачы пра тэлевізар, Валерый зазначыў, што па талерцы (спадарожнікавае ТБ) у іх ідзе беларускі “24 канал”, і ён у курсе беларускіх навін. Не спыталі мы, праўда, ці хапае ў іх часу з гаспадаркай, агародам, садам, пчоламі тэлевізар глядзець. Таццяна, дарэчы, не толькі  дэпутат раённай рады: узначальвае аддзяленне арганізацыі “Саюз Чарнобыль”, у яе ў раёне ўваходзіць больш за 2000 чалавек. Займаецца пытаннямі сацабароненасці тых, каму Чарнобыль азмрочыў жыццё: праблемы са здароўем, надбаўкі да пенсій, зарплат. Кандытарскае майстэрства падтрымлівае хіба дома, а раней працавала ў салодкіх цахах і пад Мінскам, а да таго і ў Прыпяці.

Дзякуй вам за прыём, цеплыню і душэўнасць, паважаныя вільчанцы! Спадзяемся, наша беларуска-ўкраінскае сяброўства будзе мець добры працяг.

Іван і Валянціна Ждановічы

Мінск — Харкаў — Вільча — Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter