Ходят за грибами и ягодами и теряются: с начала года в лесу заблудились уже 64 человека

Там на нязведаных сцяжынках

Нягледзячы на ​​халоднае надвор’е i дажджы, абмежаваннi на наведванне лясоў дзейнiчаюць у чатырох раёнах Беларусi. Гаворка iдзе пра Добрушскi, Гомельскi, Рэчыцкi i Брагiнскi раёны. У Мiнлясгасе звяртаюць увагу, што абмежаваннi ўводзяць мясцовыя выканкамы пры ўстанаўленні 3-га класа пажарнай небяспекi з пяцi. Гэта значыць, што абстаноўка яшчэ не абвастрылася, але, скажам, распальваць вогнiшчы, раз’язджаць па лесе на машыне ўсё ж не варта: ёсць рызыка таго, што з iскры разгарыцца полымя. Дарэчы, лiк лясных пажараў з пачатку года ўжо пайшоў на дзявятую сотню, а iх агульная плошча перавысiла 6,5 тысячы гектараў.

Многія баяцца прапусцiць грыбную i ягадную пару.
У большасцi выпадкаў прычынай узнiкнення пажараў становiцца чалавечы фактар. Каб абаранiць жыццё i здароўе грамадзян, iх маёмасць, а таксама прыроду, уводзяцца забароны i абмежаваннi на наведванне лясоў. Разам з тым далёка не ўсе прыслухоўваюцца да рэкамендацый. Адных вабiць свежае сасновае паветра, iншыя баяцца прапусцiць грыбную i ягадную пару. У вынiку за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекi супрацоўнiкi дзяржаўнай лясной аховы сёлета прыцягнулi да адмiнiстрацыйнай адказнасцi больш як 450 чалавек. Такiя лiчбы агучыў начальнiк упраўлення лясной гаспадаркi Мiнлясгаса Сяргей Чарняўскi. 

Не чуюць некаторыя грамадзяне i iншыя просьбы. Напрыклад, парад ад МНС наконт таго, як не згубiцца ў лесе. Перш-наперш трэба расказаць хоць каму, куды iдзеш i калi прыкладна плануеш вярнуцца. З сабой трэба браць тэлефон, ваду, запалкi, мiнiмальную аптэчку, свiсток — яго гук чутны за некалькi кiламетраў, яркую непрамакальную вопратку, пералiчвае начальнiк упраўлення аварыйна-выратавальных службаў i лiквiдацыi надзвычайных сiтуацый МНС Сяргей Новiк. 

Дарэчы, ужо больш за два гады ў сiстэме дзейнiчаюць пошукава-выратавальныя службы. Iх супрацоўнiкi сумесна з прадстаўнiкамi МУС, лясгасаў, пошукава-выратавальнага атрада «Анёл», валанцёрамi за гэты час знайшлi 768 чалавек, у тым лiку 65 дзяцей. Толькi ў першым паўгоддзi гэтага года 56 дарослых i 8 дзяцей. Усяго ж за год у сярэднiм губляецца 350—400 чалавек. 

— Не бывае сутак, каб 2—3 чалавекi не згубiлiся ў лесе. Часцей за ўсё гэта пажылыя людзi. Яны забываюць тэлефоны, не папярэджваюць сваякоў аб сваiм паходзе, не гавораць, у якое месца адправяцца, — звяртае ўвагу Сяргей Новiк. — Даводзiцца прачэсваць гектары лесу, прыцягваць вялiкую колькасць людзей. Асаблiва напружана iдуць пошукi дзяцей. Так, 22 мая а 9-й гадзiне вечара да нас паступiла паведамленне аб дзiцяцi, якое знiкла ў Бабруйскiм раёне. Хлопчыку не было i 4 гадоў. Дзiця пайшло ў бок лесу. Там i знайшлi яго а 4-й гадзiне ночы на адлегласцi больш за 7 кiламетраў ад вёскi. А ў тую ноч былi замаразкi. Добра, што дзiця, мабыць, напалохала нейкага звера i ён уцёк з ляжанкi, а малое адчула цёплае месца i там лягло адпачыць. 

druk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter