Там, дзе паселіцца шчасце.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыты ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна.

Гэта ўжо 34-ы такі дом у Мінскай вобласці, пабудаваны за дзесяць гадоў. Да канца года яшчэ два з’явяцца ў Бярэзінскім і Клецкім раёнах.

Раіса і Казімір Макей выхоўваюць пяцёра дзяцей, з якіх толькі старэйшы сын, чатырнаццацігадовы Алёша, з’яўляецца ім кроўным. Хоць і на першы, і на другі, і нават на трэці погляд вясёлы гурт хлопчыкаў і дзяўчынак язык не паварочваецца назваць не роднымі. Яны і па доме бегаюць гурбой: цікава паглядзець на пяць дзіцячых пакояў, кухню, гасціную... А ў падвале, ужо вырашана, будзе сямейная спартыўная зала.
— Раней мы жылі ў трохпакаёвай кватэры, зразумела, было крыху цеснавата, — расказвае мама Раіса. — Вельмі рады, што для нас пабудавалі такі прыгожы і вялікі дом. Спадзяюся, што зусім хутка ў нас дзетак прыбавіцца — яшчэ трое папоўняць сям’ю.

Эканоміць выгадна

Вялікі катэдж, у якім усім хопіць месца, пабудаваны на сродкі ААТ “Беларусбанк”. Новы дом цалкам укамплектаваны ўсім неабходным — ад люстраў да кубкаў з лыжкамі. На наваселле Макеям уручылі яшчэ і пыласос, а новенькая пральная машына стаіць пакуль што нераспакаваная ў калідоры. Паводле слоў начальніка філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “Беларусбанк” Анатоля Лысюка, будаўніцтва дамоў для прыёмных сем’яў — гэта адзін з рэальных укладаў у рашэнне важнай дзяржаўнай задачы па пераадоленні сацыяльнага сіроцтва. І гэта не апошні дом, пабудаваны банкам.
— Праграма гэта была ініцыіравана ў свой час нашым былым кіраўніком, а сёння старшынёй Нацыянальнага банка Беларусі Надзеяй Ермаковай, — адзначыў Анатоль Лысюк. — Было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў кожным рэгіёне Беларусі па адным доме сямейнага тыпу, і пачалося ўсё з Магілёўскай вобласці. Але час ішоў, і гэты катэдж — ужо восьмы па ліку — пабудаваны на сродкі ААТ “Беларусбанк”. Ён вызначаецца некалькі іншым падыходам да будаўніцтва, а дакладней, да яго арганізацыі. Мы стараліся прыцягваць толькі мясцовыя арганізацыі, каб зарплата, падаткі і іншыя сродкі максімальна засталіся ў раёне. Праектаваўся і будаваўся гэты дом цалкам з мясцовых матэрыялаў і канструкцый будаўнічымі арганізацыямі раёна. Такім чынам дабіліся зніжэння праектнага кошту на трыццаць працэнтаў. За сэканомленыя сродкі закупілі мэблю і разнастайны інвентар, каб перадаць дом цалкам гатовым да пражывання.

Сям’я замест інтэрната

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак расказала, што ў Мінскай вобласці прафесіянальнае бацькоўства атрымала шырокае распаўсюджанне.
— Тэндэнцыі такія, што сёння мы аддаём прыярытэты выхаванню дзяцей менавіта ў прыёмных і замяшчаючых сем’ях, — гаворыць спецыяыліст. — Усяго ў вобласці больш за 1500 дзяцей выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу. У школах-інтэрнатах на сённяшні момант засталося толькі 345 дзяцей. У дзіцячых дамах сямейнага тыпу, якіх у вобласці ўжо 34, пражывае 232 дзіцяці. Гэта самы лепшы паказчык у рэспубліцы. Да канца каляндарнага года адкрыюцца яшчэ два дамы сямейнага тыпу ў Бярэзінскім і Клецкім раёнах. Мы ўдзячны кіраўніцтву ААТ “Беларусбанк”, усім спонсарам за тое, што яны не застаюцца раўнадушнымі да дзіцячых лёсаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter