Талентам дапамагаем разам

Напэўна, чытачы “Народнай газеты” здзівяцца, калі ўбачаць, што чарговы выпуск паэтычнай старонкі мы прысвячаем літаратарам Брэстчыны, ды яшчэ і маладым. Растлумачым: у паэтычным свяце “Лунінская восень”, якое па традыцыі прайшло ў вёсцы Лунін, што ля Лунінца, у снежні мінулага года, давялося прыняць удзел і супрацоўнікам “НГ”. Прызнацца, не чакалі, што творчасць пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў настолькі кране сэрцы прысутных (уражаннямі ад свята “НГ” дзялілася ў апошніх нумарах снежня). Засталіся ўражаныя тым, як паважліва на Брэстчыне ставяцца да творчасці маладых, і не маглі паехаць з Луніна без падарункаў. Спецыяльны прыз “Народнай газеты” быў уручаны арганізатарам конкурсу “Купала і Колас у духоўным жыцці беларусаў” — дацэнту кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя А.С.Пушкіна Ніне Борсук і загадчыку кафедры методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры Уладзіміру Сенькаўцу, а таксама юнай паэтэсе Алене Дэбіш.

“Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі вельмі шчыльна працуе з маладымі талентамі, — адзначае яго старшыня Анатоль Крэйдзіч. — Штомесяц ладзяцца пасяджэнні літаб’яднання “Зараніца”, лепшыя творы накіроўваюцца ў рэспубліканскія літаратурныя выданні”. Конкурс “Купала і Колас у духоўным жыцці беларусаў” — добры знак таго, што ў гэтым рэгіёне існуе пераемнасць літаратурных традыцый, што ў моладзі выхоўваецца вялікая павага да творцаў старэйшага пакалення, да гісторыі роднага краю.
Сённяшні выпуск “Паэзіі чароўная краса...” прысвячаецца лепшым вершам лаўрэтаў і дыпламантаў творчага конкурсу.

Вольга КУРДЗЮМАВА
Вучыцца ў 10-м класе СШ № 12 г.Пінска. Неаднаразова станавілася лаўрэатам міжнародных літаратурных конкурсаў. Яе вершы прызнаваліся аднымі з лепшых на форуме беларуска-шведскай паэзіі. Дзяўчына, нягледзячы на юны ўзрост, ужо мае зборнік вершаў “Сиреневое пламя”, дзе змешчаны і вершы яе бабулі.
Сэрца Еўропы
На ўвесь свет гавару: ганаруся
Я Радзімай цудоўнай сваёй!
Называюць яе Беларуссю.
Верш мой светлы
прысвечаны ёй.

На яе маляўнічых прасторах
То жытнёвае поле, то гай,
Усміхаюцца вочы-азёры,
Іх блакіт у далоні збірай.

У сям’і дружалюбных народаў
Права кожнаму голасу ёсць.
Тут заўжды з цеплынёй-
асалодай
Прывячаецца ветліва госць.

Роднай мовы вышэйшую пробу
Я душою сваёю прыму.
Беларусь — гэта сэрца Еўропы,
Не дазволім спыніцца яму.
Каця КРЭЙДЗІЧ
Вучыцца ў 10-м класе СШ № 4 г.Іванава. Пісаць вершы пачала, як толькі вывучыла алфавіт. Яе паэтычныя і празаічныя творы часта з’яўляюцца на старонках рэспубліканскага друку, а “Мае вясковыя прыгоды” было прызнана лепшым апавяданнем месяца ў адным з дзіцячых часопісаў. Акрамя таго, Каця захапляецца выяўленчым мастацтвам і марыць стаць дызайнерам.
Бусліны трыпціх
Між крыламі
Пад левым крылом
Самота ў бусла.
Пад правым —
Светлая радасць.
Ён на Радзіме —
Правае ўскіне,
А на чужыне —
Левым махне .
Правым — любіць,
А левым — церпіць.
Так і жыве
Між двума крыламі.
Над Чарнобылем
Дзе некалі лятаў
У небе бусел,
Там зараз хмара
Чорная плыве
Па-над зямлёю,
Скурчанай у скрусе.
Над краем,
Абязлюдзелым навек.
Белае пяро
Вясною я гуляла ў бабулі.
Хадзіла па полі, па двары...
Ды сумна мне было.
Раптам так хораша
Праляцеў над галавою
бусел.
Ён кінуў мне пяро.
Гэтым пяром
Цяпер любуецца ўвесь дом.
Галіна ДЗЕМ’ЯНЮК
Брэстаўчанка захапляецца літаратурай са школьных гадоў. Яна — адна з самых актыўных наведвальнікаў літаб’яднання “Зараніца”. Зараз вучыцца на факультэце журналістыкі БДУ.
У хвіліны адчаю
Супакойся, зірні ў нябёсы
(Яны — блакіт непаўторны),
І сэрца заб’ецца роўна,
І сонца ўпляцецца ў косы,

Святлом, надзеяй напоўніць,
Суцешыць душу тваю;
Аддаўшы часцінку сваю,
Сагрэе і супакоіць.

Адчуваеш: замерла жыццё,
Ані паразумення, ні згоды?..
Хоць на хвілю забудзь
пра нягоды,
Што прынесла зямное быццё.

Дакраніся да зор даланёю
Ды пазбудзься зямной мітусні.
Бач, няма болей здрады, хлусні,
Што прыносілі гэтулькі болю.

Так чароўна і лёгка цяпер,
Хутка сэрца пакіне знямога,
Стане светлай і доўгай дарога.
Будзе добра ўсё — ты
толькі вер.

Алена ДЭБІШ
Вучаніца  брэсцкай СШ № 33 на паэтычным свяце “Лунінская восень” атрымала дыплом за ІІ месца ў творчым конкурсе “Купала і Колас у духоўным жыцці беларусаў”, а таксама спецыяльны прыз “Народнай газеты”, які ўручыў галоўны рэдактар “Народнай газеты” Уладзімір Андрыевіч.
Дзяўчынка пачала пісаць вершы ў пяцігадовым узросце. Прызнаецца, што сваіх першых радкоў зараз не памятае. Цяпер у яе творчай скарбонцы мноства вершаў, паэм і нават аповесцей.

Нараджэнне паэта
Паміж лясоў, лугоў і рэчак
У леснічоўцы хлопчык жыў.
Матулін спеў і смех малечы
Яго навек заваражыў.

Ўсё зачароўвала хлапчыну:
І клёкат бусла, спеў дзяўчат...
І чмель, што сеў на канюшыну,
І пахі смолкі, смак зярнят.

Гучала песняй роднай мова,
Ў душы звінела, як струна.
І склаўся верш, да слова —
слова,
З прыгожай назваю “Вясна”.

Так хлопчык рос, як жытні колас,
Сталеў душою з году ў год...
І загучаў магутны голас
Пра беларускі наш народ...

Жыве ён, будзе жыць да веку,
Як зоркі, сонца... як ралля...
Як чалавек, а ў чалавеку —
Свой край і... “Новая зямля”.

Узорнаму тэатру паэзіі і прозы “Крынічка” цэнтра дзіцячай творчасці Іванаўскага раёна было прысуджана ІІ месца. Тэатр некалі заснавала былы дырэктар Перарубаўскай базавай школы Іванаўскага раёна Надзея Паліўка. Цяпер ім кіруе паэтэса Ірына Сінкевіч. Яна адсочвае самых таленавітых дзяцей у раёне і запрашае ў тэатр. Сёння, як адзначае Анатоль Крэйдзіч, гэта адно з самых паспяховых аб’яднанняў у раёне. Вершы яго выхаванцаў друкуюцца ў рэспубліканскіх СМІ і прызнаюцца лепшымі на літаратурных конкурсах.

Святлана ВАКУЛЬЧЫК
Пясняр зямлі беларускай
Шмат гадоў назад на Беларусі
У сялянскай простае сям’і
Нарадзіўся той, кім ганаруся,
Велічны пясняр маёй зямлі.

Ён на свет з’явіўся на Купалле.
Летняй ночкай паміж зёлак, траў
Кветку шчасця людзі ўсе шукалі...
І знайшлі: той кветкай Янка стаў.
Вольга КЕРАЗЬ
Пясняр народнай долі
У сініх прасторах, дзе пушчы
губляюцца ў небе,
Дзе сцелецца долам у ядлоўцах
зялёны амшар,
На беднае глебе, на простай
сялянскае глебе
Прарос і ўзняўся народнае
долі пясняр.

Тужлівыя песні жняі і купальскія
спевы
У сэрца ўвайшлі і навечна
спляліся ў душы.
Душа адчувала ціхуткія ветру
павевы,
Уздыхі самотныя соннай
вясковай цішы.

Змагаўся пясняр супраць
крыўды, нядолі і болю
І клікаў да шчасця праз чорнай
улады праклён,
Каб зведаў народ беларускі
і волю, і долю,
Жыццё каб цудоўным было, нібы
казачны сон.

Прабеглі гады. Над краінаю
сонца заззяла,
Здзіраючы крыўду-нядолю, агіду
і цень...
І сталася яваю светлая мара
Купалы —
Народ беларускі сустрэў ясны
сонечны дзень.
Рыта ФІЛІПАВА
Якубу Коласу
Беларускі паэт Якуб Колас
Нам пакінуў у вершах свой голас,
Голас праўды, імкненне да волі,
Да свабоды, да лепшае долі.

Ён змагаўся за роднае слова,
За сваю беларускую мову.
Як пясняр яе шчыра любіў!
І да скону адданы ёй быў.
Ірына ПЯШКОВА
Цудоўны настаўнік
Поўня сцежку слала
Ў залацістым полі.
Я свой верш складала,
На начным прыволлі.

Размаўляла з ветрам,
З соннай збажыною,
І з начным паветрам,
І з расой-слязою.

Адчувала: шчасце
Ў сэрцы гаспадарыць.
Навучыў Купала
Мяне жыць і марыць.
Марына ТРУШКО
Славуты творца Беларусі
Вясна-краса даўно адбушавала,
Агнямі спёкі адгарэла лета.
І сёння восень мне падаравала
Бясцэнны томік з вершамі паэта.

Пачула ў вершах тых зямліцы
ўздых,
І сэрца стук зялёнае планеты,
Убачыла травінак ускалых,
У небе ўспышку яркую каметы,

І хваль рачных няспешны, вольны
бег,
І водсветы маланкі паднябеснай.
Нятаючы, бялютка-белы снег
На скронях мамы стомленай,
балеснай.

Купалаў зборнік радасць мне
прынёс.
Я талентам паэта ганаруся.
Ты на зямлі святой маёй  узрос,
Славуты творца любай Беларусі.
Арцём ХАНДРЫКА
Нарадзіўся ў вёсцы Сошна Пінскага раёна. Удзел у творчым конкурсе, аб’яўленым Брэсцкім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, — першае літаратурнае выпрабаванне для юнака. Арцём стаў яго дыпламантам. І далей юны паэт будзе спасцігаць законы паэзіі.

Слова Купалы
Нарадзіўся ў ноч на Купалле
Просты хлопчык у сям’і
сялянскай.
Не гадала доўга матуля,
Немаўля называючы Янкам.
Ды, відаць, нездарма людзі
кажуць,
Што чароўная гэта ноч.
Ён знайшоў сваю
кветку-папараць...
Ён стварыў бессмяротны радок.

Чытаю Купалы творы,
І роднае слова плыве...
І рады, што беларуская мова
Жыла і дагэтуль жыве!

Яна ад маёй матулі,
Ад прадзеда-каваля.
Яе, быццам скарб, прыму я
І праўнукам перадам.

Юрый ЗАГОРЦАЎ
Скончыў СШ № 13 г.Брэста. Падчас вучобы ў школе марыў стаць урачом, але за заняткамі па хіміі і біялогіі не забываўся наведваць літаб’яднанне, дзе і пачаў усур’ёз вывучаць літаратуразнаўства. З’яўляецца лаўрэатам І прэміі абласнога конкурсу маладых паэтаў на фестывалі рускай паэзіі ў Беларусі.

И снова война на планете...
И в сердце стучится набат,
Войны не хотят наши дети —
Солдат, опусти автомат!

Пусть разного цвета их кожа,
И разного цвета глаза —
Спасти их от смерти ты сможешь.
Солдат, опусти автомат!

Одумайтесь, люди, не надо,
Не надо людей убивать,
И крови, и смерти не надо.
Солдат, опусти автомат!

И снова война на планете...
Дома и поселки горят...
Чтоб выросли дети планеты —
Солдат, опусти автомат!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter