Талент разумець іншых

Пісьменніца Вера Рыч пераклала шмат твораў беларускіх класікаў на англійскую мову і актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці англа-беларускага таварыстваНа пачатку літаратурна-музычнай імпрэзы “Якуб Колас у перакладах Веры Рыч”, якая нядаўна ладзілася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, гаварылі пра хуткацечнасць часу, ды і нашага жыцця. І сапраўды: сцены музея яшчэ памятаюць голас Веры Рыч, якая бывала “ў гасцях у Коласа”, дзялілася планамі, марыла перакласці “Новую зямлю”. Цяпер яна — у Вечнасці, і мы з удзячнасцю згадваем руплівую працаўніцу, што нарадзілася ў Лондане, дзякуючы якой творы многіх беларускіх ды ўкраінскіх паэтаў загучалі па-англійску. Яна, матэматык па адукацыі, займалася не толькі перакладамі: гэта была вядомая журналістка, аўтарка публікацый па гісторыі, літаратуразнаўстве, навуцы. Жанчына нават заснавала свой часопіс! І больш за дваццаць гадоў была карэспандэнтам часопіса “Nature”.
Пісьменніца Вера Рыч пераклала шмат твораў беларускіх класікаў на англійскую мову і актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці англа-беларускага таварыства

Дзіўнай, цікавай, актыўнай памятаюць Веру Рыч у БеларусіНа пачатку літаратурна-музычнай імпрэзы “Якуб Колас у перакладах Веры Рыч”, якая нядаўна ладзілася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, гаварылі пра хуткацечнасць часу, ды і нашага жыцця. І сапраўды: сцены музея яшчэ памятаюць голас Веры Рыч, якая бывала “ў гасцях у Коласа”, дзялілася планамі, марыла перакласці “Новую зямлю”. Цяпер яна — у Вечнасці, і мы з удзячнасцю згадваем руплівую працаўніцу, што нарадзілася ў Лондане, дзякуючы якой творы многіх беларускіх ды ўкраінскіх паэтаў загучалі па-англійску. Яна, матэматык па адукацыі, займалася не толькі перакладамі: гэта была вядомая журналістка, аўтарка публікацый па гісторыі, літаратуразнаўстве, навуцы. Жанчына нават заснавала свой часопіс! І больш за дваццаць гадоў была карэспандэнтам часопіса “Nature”.
І як жа пачала перакладаць з зусім чужой, невядомай ёй беларускай мовы Вера Рыч? Дзе Лондан, а дзе Беларусь… Усё, можна сказаць, здарылася выпадкова. Калі ёй было 17, то хадзіла ў касцёл. Аднойчы манахі прапанавалі паглядзець, як праходзяць службы ў іншых месцах, і Вера трапіла ў беларускую каталіцкую місію айцоў марыянаў (паходжаннем яны, дарэчы, з беларускай Друі) у прыгарадзе Лондана Фінчлі: цяпер там працуе каталіцкі касёл усходняга (уніяцкага) абраду. Яна расказвала, што той візіт перавярнуў усё яе жыцце, нібы адчыніліся дзверы ў новую рэальнасць. У невялічкім будынку слухала незразумелую беларускую мову — і адчувала сябе ўтульна. Побач, праз вуліцу, у так званай беларускай вёсцы былі яшчэ тры двухпавярховыя будынкі, адзін з іх пазней стаў Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны. Там захоўваліся беларускамоўныя кнігі, ладзіліся сустрэчы з беларусамі, канцэрты, канферэнцыі, іншыя імпрэзы.
Першы пераклад Веры Рыч — верш Янкі Купалы “Брату ў чужыне”. А знаёмства з творчасцю Якуба Коласа пачалося для яе з урыўка “Песні аб званах” з паэмы “Сымон-музыка”. Пэўна, самая значная праца Веры Рыч — “Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі ад 1828 года да сучаснасці”. Першая ў свеце. Кніга выйшла ў 1977-м пад эгідай ЮНЭСКА. Там ёсць творы 41 аўтара: Францішка Багушэвіча, Паўлюка Багрыма, Янкі Купалы, Максіма Танка… А Якуба Коласа — аж дзесяць вершаў, урыўкі з паэмы “Новая зямля” і вельмі мілагучныя, знакамітыя радкі з “Сымона-музыкі”: “О, край родны, край прыгожы!..”
Чыя творчасць найбольш падабалася Веры Рыч? Вядучая зачытала ўрывак з інтэрв’ю: “Максіма Багдановіча люблю, хачу прысвяціць больш часу Змітраку Бядулю. З сучасных — Анатоля Вярцінскага. Хачу папрацаваць над “Новай зямлёй” Якуба Коласа”. Вера Рыч была і актыўнай удзельніцай англа-беларускага таварыства. Пра тое на імпрэзе расказала гісторык, аўтар кнігі “Беларусы ў Вялікабрытаніі” Наталля Гардзіенка: “Таварыства створана ў 1954 годзе, у першую чаргу было звязана з дзейнасцю брытанскіх арыстакратаў, палітычных колаў, якія ладзілі мерапрыемствы з нагоды беларускіх святаў. Прыкладна з 60-х гадоў да суполкі пачалі далучацца навукоўцы, даследчыкі беларускай літаратуры і мовы. Тады прыйшла і Вера. Адным з важнейшых праектаў, у якім непасрэдна яна ўдзельнічала, быў выпуск навуковага часопіса — там можна было пачытаць пра беларускую гісторыю і культуры. Часопіс дасылаўся ў бібліятэкі розных краін. Таварыства ладзіла і канферэнцыі, вечарыны, на якіх чытала свае пераклады спадарыня Вера”.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Вера Рыч расказвала пра трагедыю англамоўным чытачам. Працавала ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам радыяцыі, які быў створаны ў Лондане. “Я пазнаёмілася з Верай тады, калі ездзіла ў Вялікабрытанію як перакладчыца, — гаварыла ініцыятар імпрэзы і яе вядучая Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Якуба Коласа і Янкі Маўра. — Вера была вельмі дзіўная, цікавая, актыўная... Помніцца, калі гасцявала ў нас, то прачнулася ў тры гадзіны ночы і сказала, што хоча працаваць, папрасіла пішучую машынку...” У Марыі Міхайлаўны любімы твор дзядулі — “Сымон-музыка”, яна сама выкладчыца матэматыкі, да таго ж узначальвае грамадскае аб’яднанне “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”. Раней, па яе словах, энтузіясты арганізоўвалі аздараўленне беларускіх дзяцей, дапамагалі дзіцячым дамам-інтэрнатам, а цяпер часцей ладзяць культурныя праграмы, напрыклад, святкаванне ў Мінску дня Святога Патрыка.
На вечарыне гучалі арыгіналы вершаў, а затым — яны ж у перакладах Веры Рыч: мілагучна, напеўна, па-англійску. Мне ж думалася, што акрамя таленту разумець іншых, гэтая незвычайная, часам дзівакаватая жанчына мела вельмі тонкае адчуванне нашай мовы, і беларускую душу адчувала — як сваю родную.

Юлія Букель

На здымку:
Дзіўнай, цікавай, актыўнай памятаюць Веру Рыч у Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter