Талент – на бочку!
16.12.2011 16:25:06
Захапленне для Аляксандра Голубева, падпалкоўніка, намесніка камандзіра палка, пачалося з... просценькай табурэткі.
ПАДЧАС сваёй вайсковай службы Аляксандр Дзмітрыевіч шмат калясіў па свеце. Служыў у Ленінградзе, Маскве, Забайкаллі, Грузіі. Пасля вядомых падзей у Баку атрымаў накіраванне ў артылерыйскі полк у Слабудку. Тут ён і застаўся жыць і працаваць. Расіянін па нацыянальнасці, Голубеў даўно лічыць Пружанскі раён сваёй малой радзімай.
— Каб зрабіць бочку, найперш трэба вызначыць чурбан, які ёй падыдзе: з асіны, дубу ці бярозы. Раскалоць яго так, каб драўляныя валокны размяшчаліся ў даўжыню, а не ўпоперак, — падзяліўся майстра. — Трэба адчуць дрэва. Перш-наперш правяраю, пастукваю, гляджу, як яно сябе паводзіць.
А канкурэнта ў Голубева да цяперашняга часу так і не знайшлося. На кірмаш са сваімі бочачкамі і крэсламі ён выязджае адзін. Здаецца, чалавек павінен радавацца, што не трэба дзяліцца даходамі. Аляксандр Дзмітрыевіч жа, наадварот, незадаволены:
— Народныя рамёствы трэба развіваць і ў даўжыню, і ўшыркі, — разважае ён. — Тым больш у такіх мясцінах, як Пружанчшына: побач Белавежская пушча, аб’язная дарога каля яе, чакаецца прыліў замежных турыстаў. Я разумею, век камп’ютараў і ўсё такое. Але і народныя рамёствы нельга забываць. Чаму б не адкрываць сталярныя гурткі ў школах, пры ўстановах аддзела культуры? Тым больш што пустуючых памяшканняў хапае. А я б з ахвотай падключыўся да іх дзейнасці!
Жонка ва ўсім яго падтрымлівае. Галіна Міхайлаўна таксама рукадзельніца, але ў адрозненне ад мужа працуе з «жаночымі» матэрыяламі: тканінамі і ніткамі.
Ганна ХАДАРОВІЧ
Фота Аляксандра МЕЛЕША