Талент ніколі не старэе

Зазірнуць на старонкі жыццёвага і творчага шляху заснавальніка нацыянальнай драматургіі і тэатра прапануе кніга “Вінцэнт Дунін-Марцін-кевіч”, якая нядаўна ўбачыла свет.

У гісторыю беларускага пісьменства Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч увайшоў як пачынальнік новай беларускай літаратуры, які сваёй дзейнасцю ўвасабляў абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага народа і здолеў адлюстраваць меру часу яго мастацкіх вартасцей.
У кнізе, выхад якой выдавецтва “Мастацкая літаратура” прымеркавала да 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пазначана, што Дунін-Марцінкевіч быў адным з першых, хто ўсёй сваёй дзейнасцю сцвярджаў ідэю існавання айчыннай літаратуры на роднай мове. Галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп і аўтар тэксту Андрэй Міраславіч на прэзентацыі выдання, якая прайшла ў філіяле ААТ “Белкніга” кнігарні “Дом кнігі “Светач”, адзначылі, што асаблівая прывабнасць кнігі — гэта лаканічны і ў той жа час змястоўны аповед пра жыццё і творчасць беларускага Дудара.
Дарэчы, гэта не адзіная новая кніга аб знакамітым земляку, выдадзеная сёлета на яго радзіме. На выставе-продажы ў “Светачы” аматараў беларускай літаратуры парадуе першы том з 2-томнага збору твораў Дуніна-Марцінкевіча, падрыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі. У кнігу ўвайшлі знакамітыя камедыі “Ідылія”, “Залёты”, “Пінская шляхта”, “Гапон”, “Вечарніцы”, народная аповесць “Купала” і іншыя. Творы прадстаўлены на беларускай, польскай і “пінчуцкай” мовах — своеасаблівым варыянце палескага дыялекту.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter