Талент або мішура?

Акрамя «Еўрабачання», ёсць мноства іншых дзіцячых конкурсаў

Акрамя «Еўрабачання», ёсць мноства іншых прэстыжных дзіцячых конкурсаў...

Да чарговага конкурсу засталося зусім нядоўга. Нагадаем, у гэтым годзе на ім Беларусь прадставіць 11-гадовы мінчанін Ілья Волкаў з песняй «Спявай са мной».

Яго каманда на днях адправілася ў Кіеў, менавіта ў гэтым горадзе пройдзе конкурс. Юны артыст ад’язджае, а ў народзе пачынаецца варажба на кафейнай гушчы: пераможа — не пераможа? Спецыялістаў, блізкіх да «Еўрабачання» (у тым ліку і дарослага), ажно калоціць ад падобных пытанняў. «Галоўнае — годна выступіць», — як адзін паўтараюць тыя, хто прайшоў горан конкурсу. Але гледачоў гэты адказ не задавальняе. Бо двойчы беларусы перамагалі ўжо!

— Трэці раз падняцца на вышэйшую прыступку — гэта на мяжы фантастыкі, — пераканана Вольга Вронская.

Адказ педагога па вакале Аляксея Жыгалковіча, які ў 2007-м якраз і прывёз галоўную ўзнагароду дзіцячага «Еўрабачання», здаецца дзіўным. Вольга рыхтуе да конкурсу і Ілью Волкава. Няўжо не думае аб перамозе?

— Не ўтойваю, хацелася б заняць прызавое месца! Але ж справа не толькі ў вакале. Мой клопат — праца з голасам. Мы моцна падцягнулі Ільі вакал. Думаю, з гэтым пытанняў не будзе.

— А ў чым быў сакрэт поспеху Аляксея Жыгалковіча?

— Мы проста працавалі, шмат працавалі. Тое ж робім і з Ільёй.

Наогул, аб складаных поспеху на міжнародным конкурсе ўсе спецыялісты кажуць прыкладна аднолькава: знешнасць, харызма, голас, касцюмы, танец... І гэты спіс далёка не поўны. Калі б хтосьці ведаў усе яго пункты, то, напэўна, змог бы каваць пераможцаў.

— У гэтым пытанні, як і ў бізнесе, павінны быць інтуіцыя, удача, — лічыць народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, які доўгія гады быў старшынёй нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне».

Пралічыць поспех немагчыма, перакананы ён. Для яго ёсць адзін крытэрый: падабаецца ці не? Гэтым ён кіраваўся, калі ствараў «Верасы», выпускаў у свет Ліку Ялінскую (Анжаліку Агурбаш), Ірыну Дарафееву. Гэтак жа трэба выбіраць і дзяцей. А таленавітай дзятвы ў Беларусі дастаткова.

З гэтым пагаджаецца і Святлана Стацэнка, мабыць, самы дасведчаны мастацкі кіраўнік сярод тых, хто ўдзельнічаў у дзіцячым «Еўрабачанні». Але чаму яна дамаглася поспеху толькі са сваёй дачкой Ксеніяй Сітнік? На думку Святланы Адамаўны, трэба больш сур’ёзна падыходзіць да выбару ўдзельнікаў на нацыянальным этапе. Рабіць гэта павінны прафесіяналы, а не выпадковыя людзі. Вядома, нават выбар музычных профі не гарантуе стопрацэнтнага пападання ў «дзясятку», але ў любым выпадку будзе блізкі да таго, лічыць яна.

Што з гэтай нагоды думае Уладзімір Глушакоў? Чаму аднойчы паўдзельнічаўшы ў дзіцячым «Еўрабачанні» (у 2009-м ён быў мастацкім кіраўніком «чароўнага труса» Юры Дземідовіча ), ён больш не вяртаецца да гэтага конкурсу? Няма годных сярод выхаванцаў? Няма добрага матэрыялу? Усё ёсць, сцвярджае Уладзімір Валер’евіч. Проста вакол «Еўрабачання» шмат негатыву, акунацца ў яго пакуль няма жадання. Хоць кіраўнік капэлы хлопчыкаў пры музычнай школе № 10 імя Глебава не выключае, што калі-небудзь яго выхаванцы змогуць заваяваць гэты конкурс. Пакуль жа яны ідуць іншым шляхам, удзельнічаюць у зусім іншых музычных форумах. Сярод апошніх дасягненняў — першае месца Рэната Юнусава на Міжнародным конкурсе імя Шаляпіна, спецыяльны прыз Яфіма Яфіменкі на конкурсе духоўнай і патрыятычнай музыкі ў Польшчы.

Так ці варта нам увогуле гнацца за перамогай на «Еўрабачанні»? Бо ёсць мноства іншых конкурсаў. Хай яны менш гучныя, але не менш прафесійныя. Там трэба браць журы не мішурой, а талентамі. А на беларускай зямлі іх не паменшала.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter