Талака працуе на будучыню

У Маскве ўзводзіцца Беларускі інфармацыйна-культурны і навукова-тэхнічны цэнтр. Беларускае Пасольства ў Расіі зацікаўлена ў тым, каб суайчыннікі ўносілі прапановы па яго дзейнасці
У Маскве ўзводзіцца Беларускі інфармацыйна-культурны і навукова-тэхнічны цэнтр. Беларускае Пасольства ў Расіі зацікаўлена ў тым, каб суайчыннікі ўносілі прапановы па яго дзейнасці.

Нарада ў беларускім Пасольстве ў Расіі. За вялікім сталом сабраліся аднадумцыПра цэнтр, які ствараецца пры Пасольстве, нашы чытачы ведаюць. Летась на каардынацыйнай нарадзе ў Маскве, у якой бралі ўдзел кіраўнікі амаль трыццаці беларускіх суполак з розных расійскіх рэгіёнаў, і пра цэнтр ішла размова. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Ігар Петрышэнка тады заўважыў: “Важную ролю сыграе стварэнне ў Маскве Беларускага культурна-інфармацыйнага і навукова-тэхнічнага цэнтра — пастаяннай пляцоўкі, на якой будуць праходзіць рэгулярныя выставы і выступленні вядомых дзеячаў айчыннай культуры і навукі, моўныя курсы, лекцыі і канцэрты, сустрэчы суайчыннікаў”. Пра нараду мы расказвалі ў 42-м нумары газеты за 9 лістапада. “За кадрам” тых публікацый, аднак, засталося тое, што саветнік-пасланнік Пасольства Алег Іваноў у размове з прадстаўнікамі СМІ, з удзельнікамі нарады расказваў пра цікавыя дэталі вялікага праекта, да таго ж прапанаваў суайчыннікам паўдзельнічаць у выпрацоўцы канцэпцыі дзейнасці Беларускага цэнтра.
Што і для чаго будуецца ў Маскве? Як цэнтр будзе працаваць? Паспрабую расказаць пра тое на падставе дыктафонных ды блакнотных запісаў з нарады.
Алег Іваноў нагадаў, што ў 2009 годзе падпісана міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб дзейнасці інфармацыйна-культурных і навукова-тэхнічных цэнтраў. Цяпер, многія ведаюць, у Мінску актыўна працуе Расійскі цэнтр навукі і культуры. І ў сталіцы Расіі, мяркуецца, летам наступнага года пачне дзейнічаць беларуская ўстанова з падобнымі функцыямі. Праўда, гэта будзе цэнтр у складзе Пасольства. Новы, вельмі сучасны будынак як вонкава, так і па тэхнічным начынні ўнутры. Плануецца, што ў ім будзе сем паверхаў, тры з якіх — падземныя. “Будоўлю мы ўжо вядзем, і ў чэрвені 2014-га павінны перарэзаць чырвоную стужку, — гаварыў дыпламат. — Адкрыць цэнтр — адно, адладзіць працу ў ім — задача не менш важная. Мы ў тым кірунку ўжо дзейнічаем, прычым пачалі, як кажуць, не з чыстага ліста. І цяпер, калі выпрацоўваецца канцэпцыя цэнтра, прапаную і беларускім суполкам Расіі ўносіць свае прапановы”.
У цэнтры спраектавана сучасная кінаканцэртная зала на 240 чалавек. Абсталяванне будзе самае сучаснае, як кажуць, па апошнім слове тэхнікі, з усялякімі інавацыйнымі падыходамі. І выставачныя плошчы спланаваны з адпаведным абсталяваннем. Карацей, ранейшае вызначэнне “ўзорна-паказальны”, пэўна, дакладна адлюстроўвае сутнасць памкненняў тых, хто рэалізуе праект. Ім хочацца зрабіць цэнтр не толькі шматфункцыянальным, здольным прымаць самыя крэатыўныя праекты, але і ўтульным, дзе кіпець будзе жыццё ў розных яго праявах. “Зразумела, мы не зможам праводзіць там нейкія камерцыйныя мерапрыемствы, бо гэта будзе Культурны цэнтр у складзе Пасольства, — абмалёўвае абрысы будучыні Алег Іваноў. — І ўсё ж тэрыторыя Пасольства будзе падзелена на зоны так, што ў цэнтр адкрыецца свабодны доступ з вуліцы. Пры тым улічым досвед іншых пасольстваў, якія нешта падобнае рабілі. Пастараемся, каб цэнтр, дзейнічаючы пад эгідай дыпмісіі, карыстаўся ўсімі льготамі, якія такі статус яму дасць. І ў той жа час каб там магчыма было праводзіць сапраўды масавыя мерапрыемствы. І не толькі тыя, у якіх наша загранустанова непасрэдна зацікаўлена, але і з улікам вашых пажаданняў”.
На нарадзе Алег Іваноў расказаў, што беларусы Падмаскоўя выходзілі на Пасольства з прапановай: прадставіць шырокай публіцы адметную карціну мастака-суайчынніка. Такія культуралагічныя праекты, лічыць дыпламат, вартыя ўвагі. Цэнтр зможа падаць твор па-сучаснаму, прыцягнуць увагу публікі да падзеі праз СМІ ды па іншых каналах. Магчыма, будзе пастаянна дзейнічаць у цэнтры і экспазіцыя Дзяркамітэта па навуцы і тэхніцы. А што яшчэ? Стваральнікам цэнтра цікавыя прапановы, меркаванні тых, хто працуе з людзьмі, у тым ліку і актывістаў беларускіх суполак. “Што вам трэба было б мець і бачыць у Беларускім цэнтры? — запытаў Алег Іваноў. — Мяркую, сумесна з вамі нашы супрацоўнікі змогуць праводзіць нейкія выязныя акцыі, але на базе цэнтра. Ён можа з’явіцца ініцыятарам новых пачынанняў. Справаў тут шмат знойдзецца для міністэрстваў культуры, адукацыі — напрыклад, чаму б не ладзіць нам Дні адкрытых дзвярэй вядучых універсітэтаў краіны! Дарэчы, гэтыя міністэрствы ў праекце таксама ўдзельнічаюць, і ў дзяржбюджэце ўжо вылучаныя грошы на дзейнасць цэнтра. Так што за добрыя ідэі мы ўжо можам суполкі і заахвоціць”.
Час для таго, каб абдумаць і падаць прапановы па арганізацыі дзейнасці Беларускага цэнтра, яшчэ ёсць. Чым раней адгукнуцца суполкі Расіі, нешта прапануюць — тым лепш. Увогуле, гэта ж вельмі па-беларуску: талакою працаваць на будучыню, думаць на перспектыву. Адна з ідэй, якая падаецца супрацоўнікам Пасольства жыццяздольнай і перспектыўнай: праводзіць у цэнтры пастаянна дзеючую выставу твораў беларускіх мастакоў. Цяпер многія з іх жадалі б прадставіць свае творы ў Маскве, ды не ведаюць, як тое зрабіць. А калі выставіцца ў цэнтры — іх творы пабачаць усе госці Пасольства. Ёсць і такая задума: зрабіць невялікі куток, прадставіўшы цікавыя беларускія кнігі. Імі можна будзе карыстацца. А яшчэ гэта будзе тэрыторыя для абмену кнігамі, перадачы іх у розныя рэгіёны — гэткі невялічкі кніжны лагістычны цэнтр. “Нехта перадае кнігі, з Беларусі ці з рэгіёна, яны тут зберагаюцца, імі можна карыстацца, — патлумачыў механізм дзейнасці “кніжнага кутка” Алег Іваноў. — А вы іх тут зможаце атрымліваць, і свае пакідаць — для іншых. І тады наведванне Масквы для вас будзе — з заходам у Пасольства, у цэнтр, у вось гэтую бібліятэку, якую мы яшчэ падумаем, як далей называць”.
З беларусамі Масквы ўжо ішлі перамовы пра тое, каб адкрыць пры цэнтры нядзельную школу. Там будуць праходзіць заняткі па беларускай мове і літаратуры. Можна ладзіць лекцыі па гісторыі, культуры Бацькаўшчыны. Увогуле маскоўскія беларусы ўжо вылучылі і іншыя цікавыя прапановы па арганізацыі работы будучага цэнтра.
“Мы зацікаўлены ў тым, каб беларусы ўсіх расійскіх рэгіёнаў падключаліся да вялікай работы, каб мы ўзаемадзейнічалі з вамі на пастаяннай аснове, — акцэнтаваў увагу кіраўнікоў суполак Алег Іваноў. — Нам хочацца, каб максімальна быў задзейнічаны ваш вялікі творчы, інтэлектуальны патэнцыял. Таму — давайце і надалей працаваць разам”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Нарада ў беларускім Пасольстве ў Расіі. За вялікім сталом сабраліся аднадумцы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter