Частному сервису нужна аттестация

Такога майстра не толькі справа баіцца

Сёння нам быццам бы прапануюць дастатковую колькасць самых разнастайных паслуг. Ды і канкурэнцыя сярод майстроў, на першы погляд, немалая. Ад рэкламы ў газетах, на сайтах і вулічных шчытах вочы разбягаюцца. Але як было раней, так і засталося: спецыяліст спецыялісту не роўныя і знайсці добрага не надта проста.

Спатрэбілася мне нядаўна перакласці дакументы для брытанскага пасольства, каб атрымаць візу (сабралася да сяброўкі ў госці). Звярнулася, як раілі, да прафесійнай перакладчыцы. І засталася моцна расчараваная. “Профі” лезла ў слоўнік ледзь не па кожнае слова. Добра што я ў свой час скончыла школу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. Увогуле прыйшлося дапамагаць і падказваць, ды яшчэ заплаціць немалыя грошы. Як патлумачыла сама “спецыялістка”, асноўная мова ў яе нямецкая, якую яна ведае амаль дасканала, а англійская — другая, так бы мовіць, дапаможная. Толькі ж, каб аказваць паслугі і браць за іх грошы, не зашкодзіла б і другой мовай валодаць дасканала, хіба не праўда? Але перакладчыцу прабелы ў адукацыі, падобна, ані не бянтэжаць. Яна і так не бядуе.

А нядаўна ў майго брата зламалася прама на трасе машына. Дзякуй вадзіцелю, які праязджаў міма: дацягнуў на тросе да бліжэйшага аўтасэрвісу. Праўда, адзінае, чым там змаглі дапамагчы — выдалі набор неабходных інструментаў. Машыну брат рамантаваў разам з сябрам, якога выклікаў па тэлефоне. Добра яшчэ, што паломка аказалася не вельмі істотная — справіліся. А з няўмелым аўтамеханікам з майстэрні так ці інакш давялося разлічвацца за прадстаўленае месца ў боксе і іншыя ўмовы, створаныя для самастойнага рамонту.

Напэўна, трэба ўсё ж часцей правяраць кваліфікацыю работнікаў сферы паслуг. Бо на вытворчасці праводзяцца атэстацыі, дык чаму б не ўвесці такі экзамен і для прадпрымальнікаў? Надакучыла нарывацца на няўмелых цырульнікаў, візажыстаў, швачак, спецыялістаў па камп’ютарах і іншых гора-майстроў. Думаю, не зашкодзіў бы і рэйтынг фірм, якія аказваюць паслугі, каб ведаць, куды варта звяртацца, а куды не варта.

Тамара Буйко, Магілёў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter