Такое блізкае далёкае

Мсціслаў – горад-легенда, калыска духоўнасці, асветніцтва і славутых людзей ..Юнак задуменна глядзіць у акно. Але не навакольны пейзаж турбуе яго. Думкі, што ўзніклі пасля пачутага ад настаўніка, занеслі далёка-далёка праз стагоддзі назад, у гісторыю. Ды не проста ў гісторыю, а ў старадаўні родны кут, у княжацкія часы. І, мажліва, зараз ён адчувае сябе ратнікам князя Сямёна ці сына яго Юрыя, што рыхтуецца да Грунвальдскай бітвы. А то, хто ведае, хлопчыкам-памагатым у друкарні Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Альбо разам са Сцяпанам Івановым па мянушцы Палубес замешвае гліны, каб аздобіць керамікай крамлёўскія палаты. Ён, цяперашні мсціслаўскі школьнік, уяўляе сябе побач з гістарычна славутымі землякамі, чые імёны захавала гісторыя. І кожная старонка гэтай гісторыі лягла ў напісаныя ці яшчэ ненапісаныя фаліянты, якія і складаюць летапіс цяперашняй Мсціслаўшчыны.

Цяжка нечым здзівіць, а таму і зацікавіць сучаснага школьніка. Ён шмат ведае, бо мае неабмежаваныя магчымасці самаадукацыі. Ён вызначыў ужо прыярытэты ў гэтых ведах і робіць на іх акцэнты, бо па прычыне рацыяналізму не прызнае шматграннасці пазнання. Але, пэўна, не знойдзецца нікога, хто б не лічыў абавязковым ведаць гісторыю свайго роднага краю, гнязда, адкуль пачынаецца ў кожнага шлях у далейшае жыццё. А ў мсціслаўскіх школах даюць такую магчымасць. Тут факультатыўна ўвялі выкладанне краязнаўчага курса “Мсціслаў і Мсціслаўшчына”. Прычым не агулам, дзеля “галачкі”, а па раздзелах, што дае магчымасць дэталёва вывучаць мінулае краю. Скажам, у 2-й школе горада раздзел “Геаграфія Мсціслаўшчыны” выкладае Таццяна Мікалаеўна Дарашэнка, гістарычную частку курса чытае навучэнцам Сяргей Алегавіч Поклад, а з літаратурнай спадчынай знаёміць Вольга Пятроўна Касуліна. І шмат чаго цікавага і павучальнага даведваюцца вучні на такіх занятках. Бо поўная гістарычных багаццяў, традыцый пісьменства, іншых асаблівасцей, якія вызначаюць гэты край сярод іншых, старажытная мсціслаўская зямля. Скажам, адну з дзвюх берасцяных грамат, раскапаных археолагамі, знайшлі тут. Прычым тутэйшая — старэйшая за тую, што знойдзена ў Віцебску. Распавядаецца ў ёй пра нейкага Сямёна, і гаворка ідзе пра тое, што год выдаўся неўрадлівы, існуе патрэба ў закупе пшаніцы. Па тым, што называецца сума ў 4,5 грыўні, заплачаная за хлеб, можна з пэўнай доляй верагоднасці меркаваць: ён закупляўся для жыхароў Мсціслава. Бо грошы былі значныя: смаленскаму епіскапу плацілі падатак з Копысі і Мсціслава па 6 грыўняў.
Але не “прэйскурант” цэн тут важны. Грамата, якую вучоныя датуюць пачаткам ХІІІ стагоддзя, сведчыць, што пісьменнымі ў княстве ў той час былі не толькі людзі княжацкага роду, але і простыя гаспадары.
Наогул, хто хоць раз пабывае тут, зразумее глыбіню гістарычных традыцый, неразрыўнай сувязі часоў. У гэтых мясцінах, здаецца, кожны камень гісторыяй дыхае. Гісторыяй славянства.
Сам Мсціслаў заснаваў смаленскі князь, унук Уладзіміра Манамаха Расціслаў Мсціслававіч у першай палове ХІІ стагоддзя. Назвай горада ён увекавечыў імя свайго бацькі. А пачынальнікам роду тутэйшых князёў лічыцца сын Альгерда Гедымінавіча Сямён Лугвень, які потым стаў зяцем Дзмітрыя Данскога.
З імем гэтага мсціслаўскага князя звязана шмат прыгожых легенд і высакародных спраў, бо княжыў ён 54 гады. Адно з паданняў сцвярджае, што калі Сямён пачаў слепнуць, яму прысніўся сон, у якім старац раіў шукаць крыніцу ў пустыні, якая верне зрок. І такую крыніцу знайшлі за 16 кіламетраў ад Мсціслава. Тры тыдні князь абмываў вочы вадою з яе і пасля гэтага пачаў бачыць. У знак цудадзейнага вылечвання заснаваў тут манастыр, які і зараз здзіўляе веліччу і прыгажосцю нават руінаў. Праўда, тут пачалося аднаўленне, жывуць нешматлікія манахі. А ў былыя часы гэта была не толькі велічная крэпасць, але і цэнтр культуры, духоўнасці, бо, як сведчыць гісторыя, менавіта вакол манастыроў і дзякуючы ім умацоўвалася хрысціянская вера, менавіта пад пёрамі тутэйшых перапісчыкаў нараджаліся рэлігійныя кнігі, тут атрымлівалі адукацыю многія славутыя людзі. Дырэктар Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея Уладзімір Шылянкоў неяк зазначыў, што ў навуковых колах існуе гіпотэза, праўда, не пацверджаная фактамі, што і славянскі першадрукар і асветнік Пётр Мсціславец вучыўся ў манахаў Пустынскага Успенскага манастыра.
Яшчэ адна мясцовая легенда апавядае пра тое, як сын Сямёна Лугвеня Юрый, калі паляваў у мясцовых лясах, заблудзіўся. Сем дзён шукаў ён шлях дадому. І раптам напаткаў старца Ануфрыя. Той і паказаў княжычу гэты шлях. У знак збавення загадаў Сямён узвесці яшчэ адзін храм — Ануфрыеўскі манастыр.
Наогул тутэйшыя мясціны адметныя старымі помнікамі культуры і архітэктуры. Гэта і касцёл кармелітаў “Успення Багародзіцы” (1637 г.), езуіцкі касцёл (1614 г.), Тупічэўскі Свята-Духаў манастыр (1641 г.), Мазалаўскі жаночы манастыр (1665 г.), сабор Аляксандра Неўскага, Крыжаўзвіжанская царква, царква св. Іллі Прарока (усе пабудовы ХІХ ст.). На жаль, большасць іх не захавалася ў тым стане, як будавалася. Час няўмольны. Але дух іх жыве наперакор існасці. У дакументах, сведчаннях, легендах.
Лёс людзей не надта адрозніваецца ад лёсу пабудоў. Вось і пра першадрукара Пятра Мсціслаўца вядома зусім нямнога. Не ўстаноўлены дакладна нават даты яго жыцця. А калі гаворка заходзіць аб асветніцкай дзейнасці, то часцей за ўсё сустракаеш словы “разам з Іванам Фёдаравым”. Зразумела, што разам. Ды толькі застаецца пакуль што неўстаноўленым, чаму прыярытэт у друкарскай справе аддаецца Фёдараву. Тым больш што “Псалтыр”, які Мсціславец выдаў у 1576 годзе, у адной толькі Маскве на працягу наступных пяці год перавыдаваўся аж 31 раз, не кажучы ўжо пра іншыя мясціны.
У шэрагу славутых імён сыноў мсціслаўскай зямлі стаяць і майстар-кераміст Сцяпан Іваноў (Палубес), і пісьменнік, выдавец, асветнік, энцыклапедыст Ілля Фёдаравіч Капіевіч, які выдаў першыя рускамоўныя падручнікі па граматыцы, рыторыцы, гуманітарных, прыродазнаўчых, тэхнічных і ваенных галінах ведаў. Прыхільнік славянскага яднання, Капіевіч беларусаў, украінцаў і рускіх называў “славяна-рускім народам”. Пра асвету ж казаў: “Ничто же полезнее есть в сем житии, пользование и умелость писмен. Сие приношает величество и славу... Писмена разум исправляют и обучают, и утешают”.
...Вольга Пятроўна Касуліна, якая выкладае раздзел “Літаратурная Мсціслаўшчына”, пачынае яго з расказу пра дзейнасць беларускага мовазнаўцы і фалькларыста Івана Іванавіча Насовіча. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён купіў у Мсціславе дом, пасяліўся тут і пачаў збіраць узоры народнай творчасці: легенды, казкі, анекдоты. Тут жа навуковец 16 год працаваў над “Слоўнікам беларускай мовы”, які ўтрымлівае больш за 30 тысяч слоў.
Але з асаблівай цікавасцю ўспрымаюць вучні творчасць і біяграфію класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, які нарадзіўся у мсціслаўскай вёсачцы Малая Багацькаўка. Усёй разнастайнай і разнапланавай творчай дзейнасцю, усім жыццём гэты чалавек быў адданы роднай зямлі, свайму народу. Трагічна склаўся яго лёс. У складаныя 30-я гады мінулага стагоддзя Гарэцкага арыштавалі па сфабрыкаванаму абвінавачанню і расстралялі ў Вязьме. Сястра пісьменніка не мела сродкаў і магчымасці перавезці яго цела ў родныя мясціны, таму прывезла толькі жменю зямлі з роднае магілы.
Калі працягваць пералік мсціслаўскіх славутых землякоў, у яго абавязкова трапіць кампазітар Мікалай Чуркін, скрыпачка, кампазітар і педагог Яўгенія Бязродная, якой належыць музыка да горкаўскай “Песні аб Буравесніку”. З гэтым краем звязана творчасць Аркадзя Куляшова. Тут жылі і тварылі многія вядомыя паэты, мастакі, пісьменнікі. Адсюль пайшлі ў навуку 7 акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 17 дактароў і 15 кандыдатаў навук у розных галінах ведаў. І народная прымаўка: “Чаму навучыўся ў гняздзе, тое будзе і ў палёце”, — яскрава пацвярджаецца мсціслаўскімі землякамі.
Іх тут не забываюць. Час ад часу наладжваюць сустрэчы. Запрашаюць на розныя фестывалі. Адзін з іх — Рэспубліканскі фестываль камернай музыкі, які праводзіць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. Ужо двойчы праходзіў у Мсціславе Рыцарскі фэст — свята сярэдневяковай культуры. А ў 2001 годзе горад сустракаў Дзень славянскага пісьменства і кнігадрукавання.
...Юнак схамянуўся, адвёў позірк ад акна, бо ў класе зашумелі. Заняткі скончыліся. А ён усё яшчэ не мог пазбавіцца ад летуценнасці, думак і вобразаў, у свеце якіх толькі што вандраваў. Ды, пэўна, зусім пазбавіцца ад іх немагчыма. Як нельга забыць свой родны кут.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter