Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У юбілейны год Песняра міжнародныя выставачныя праекты, падрыхтаваныя Літаратурным музеем Янкі Купалы, пераязджаюць з краіны ў краіну

Такі прыцягальны Купала


Шмат вершаў Песняра гучала на імпрэзе ў Мікалаеве  

Купала — паэт. Купала — класік. Народны пісьменнік Беларусі, Пясняр. Купала — чалавек... Увайшоўшы ў гісторыю беларускай літаратуры болей чым стагоддзе таму (першы верш на беларускай мове “Мая доля” датуецца 1904 годам), ён назаўжды стаў неад’емнай часткай айчыннай культуры. Яго вершы, п’есы, паэмы дагэтуль блізкія і зразумелыя чытачам. Закладзеныя ў іх думкі — актуальныя й сёння. Невыпадкова да традыцыйнай акцыі “Чытаем Купалу разам” далучаецца ўсё больш удзельнікаў. Сёлета ў МЗС яго вершы па-беларуску і на родных мовах чыталі прадстаўнікі 36 амбасадаў розных краін. А дзякуючы грандыёзнай карпатлівай працы супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы цяпер мы больш даведваемся пра класіка як чалавека — са сваімі перакананнямі, недахопамі, нават асабістым стылем у адзенні.

Матэрыялаў пра Купалу сёння настолькі многа, што, падаецца, яго творчасць ды ідэі — паўсюды. Выставачныя праекты, прысвечаныя класіку беларускай літаратуры, ладзяцца й за мяжой. Янка Купала — сапраўды нацыянальны герой. А яго партрэт-налепка “З Купалам у сэрцы”, якую атрымоўвае кожны наведнік музея, — адзін з сімвалаў незалежнай Беларусі, пра якую так марыў паэт: “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,/ Распетаю буду маліцца душой,/ Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі/ Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй” (“Мая малітва”). А яго слова і праз 75 гадоў пасля сыходу (Янка Купала трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 года) працягвае выконваць сваю ролю — адкрываць свету Беларусь, злучаць сяброўскімі сувязямі паміж сабою розныя краіны. 

На выставе “Завуся я толькі Янка Купала” 

Дырэктарка Літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч казала мне: “Сёлета адзначаем 135-гадовы юбілей Янкі Купалы — гэтай падзеі прысвечана і работа музея. Створаны міжнародны выставачны праект “Янка Купала ў дыялогу культур”. Выстава з яго, што названа словамі з верша Купалы “Завуся я толькі Янка Купала”, ужо павандравала па Польшчы, Украіне, Расіі, Грузіі, пабывала ў Парыжы. Далей паедзе ў Арменію, Славакію, Літву, Латвію… Гэтыя краіны — усе так ці інакш звязаны з імем Купалы”. 

Нядаўна экспазіцыя “Завуся я толькі Янка Купала” адкрылася ва ўкраінскім Мікалаеве. На старонцы супляменніцы Таццяны Дзяменнікавай у фэйсбуку пабачыла я спачатку анонс гэтай падзеі, пасля выклала яна і фотаздымкі. На сайце Купалаўскага музея знайшла апісанне: “У аснове выставы — матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, а яе стрыжнем, безумоўна, стала любоў беларускага паэта да творчасці Тараса Шаўчэнкі. Пацвярджэннем таму і словы паэта: “Украінскую літаратуру, відаць, я люблю больш, чым якую-небудзь іншую… З украінскіх паэтаў больш за ўсё, безумоўна, люблю Шаўчэнку”.

Дом-музей Песняра ў Вязынцы
Падобная экспазіцыя,  прысвечаная сувязям Купалы з іншай краінай-суседкай Беларусі, праходзіла і ў Польшчы. На адкрыцці выставы ў Музеі ды асяродку нацыянальнай культуры ў Гайнаўцы і я прысутнічала. А ўжо ў аўтобусе, калі вярталіся з камандзіроўкі дадому, мы гутарылі з загадчыцай аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Купалаўскага музея Марыяй Бартковай. Пасля размовы, прызнаюся, для мяне Купала адкрыўся зусім з іншага, “звычайначалавечага” боку.  Загадкавай прыгажосцю і патаемным хараством напоўнілася для мяне вёска Вязынка, дзе нарадзіўся паэт і ля якой, між іншым, знаходзіцца і нашае лецішча... 

“Выстава “Завуся я толькі Янка Купала” рабілася для экспанавання ў Польшчы, менавіта ў тых мясцовасцях, дзе жывуць беларусы, — пачала свой аповед Марыя Барткова. — Партнёрамі праекта выступілі Амбасада Беларусі ў Польшчы і Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве. Выстава стваралася на аснове алічбаваных матэрыялаў з фондаў музея. Найперш, безумоўна, рукапісаў Купалы”. На экспазіцыі бачыла я і вершы паэта, напісаныя па-польску. Марыя Барткова тлумачыць: пачатак творчасці Песняра быў звязаны з выбарам… Выхаваны з дзяцінства ў двухмоўнай культуры, беларускай і польскай, ён павінен быў выбраць, на якой мове пісаць. Менавіта тыя першыя вершы, напісаныя па-польску, і былі прадстаўлены на выставе. 

У экспазіцыі адлюстраваны і пераломныя моманты ў творчай біяграфіі Янкі Купалы, прычым важныя як для самога пісьменніка, так і для лёсу роднай краіны, якая на пачатку ХХ стагоддзя стала на шлях незалежнасці. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграла, як вядома, мастацкае слова Купалы — яго вершы, паэмы, п’есы. Асобны ж стэнд прысвячаўся публіцыстыцы. “Для сучаснікаў Купалы, нашых дзядоў і прадзедаў, вельмі важна было чытаць на старонках газет словы паэта, яго артыкулы, у якіх ён заклікаў бараніць Бацькаўшчыну, яе Незалежнасць”, — лічыць Марыя Барткова. Пад час выставы чыталіся вершы Купалы са спецыяльных картак-паштовак, кожны наведнік атрымаў і партрэт-налепку з выявай маладога паэта. 

На адкрыцці экспазіцыі ва ўкраінскім Мікалаеве

Дарэчы, у тыя ж дні па запрашэнні вялікага прыхільніка творчасці Янкі Купалы Амбасадара Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі “Беларуская гасціная з Купалавага дома” пераехала ў Парыж. “Наведнікі той экспазіцыі даведваліся не толькі цікавыя звесткі з жыцця Янкі Купалы, знаёміліся з яго творчасцю, але і змаглі пабыць гасцямі Дома пад таполяй (так называлі Купалаў дом у Мінску), пачаставацца стравамі беларускай кухні, якія любіў і Янка Купала, — казала Марыя Барткова. — Грыбы-дрэўнавушкі, па-руску іх называюць вешенки, напрыклад, везлі з мінскага Камароўскага рынку, бо не маглі знайсці такія ў Францыі”.

Пра гісторыю Купалавага сабакі, які меў місію гасцей у дом упускаць, а назад без пачастунку не выпускаць, а таксама пра Купалу-франта, чалавека, які вельмі сачыў за модай і быў заўсёды “ў трэндзе”, пачулі навучэнцы Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. Марыя Барткова для вучняў 9-10 класаў правяла незвычайны ўрок-прэзентацыю: “Старалася правесці занятак у незвычайным аспекце. Моладзь, зразумела, сочыць за модай… Янка Купала, па шматлікіх водгуках, быў вельмі прыгожым чалавекам, заўсёды стыльна па тым часе апранаўся. На аснове фотаздымкаў з фонду музея зрабілі прэзентацыю: які быў Купала-паэт і як ён выглядаў. Водгук адчуваўся: шчырыя ўсмешкі, позіркі”. Па словах Марыі Бартковай, заўсёды пад час сустрэч з вучнямі ў школах ці ў музеі ім прапаноўваецца эксклюзіўная інфармацыя, якую не знойдзеш ні ў падручніках, ні ў інтэрнэце, — каб натхніць маладое пакаленне на вывучэнне творчасці паэта.

Правяла суразмоўца і завочнае міні-падарожжа па вёсцы Вязынка, яе ваколіцах. У 1972-м, да 90-годдзя з дня нараджэння Купалы, былы фальварак Вязынка і вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі былі аб’яднаныя ў адну  вёску Вязынка. Сёлета ў Радашкавічах, пасёлку па суседстве з Вязынкай, на пачатку ліпеня, па ініцыятыве мясцовых жыхароў, прыхаджан касцёла Святой Троіцы, ужо ў трэці раз пройдзе Купалаў фэст. І прымеркаванае свята будзе хрышчэнню Янкі Луцэвіча, якое адбылося 12 ліпеня 1882 года. Дарэчы, гэтая найстарэйшая каталіцкая парафія на Беларусі сёлета святкуе 570 гадоў.

А на традыцыйным “Купаллі ў Вязынцы”, да дня нараджэння Песняра, якое звычайна праходзіць 7-8 ліпеня ў фальклорным стылі, сёлета будуць прадстаўлены гастранамічныя прысмакі — адмысловыя пірагі ды печыва мясцовых гаспадынь, гатуюць яны якія па старадаўніх рэцэптах. Прагучаць і песні Купалавы, якія ўжо сталі класікай, і музыка Манюшкі ды іншых беларускіх кампазітараў, што былі вядомыя ў часы Песняра.

Купалава лірыка западае ў сэрцы

Едучы апошнім часам на лецішча праз Вязынку, я ўглядалася ў хаты, выбудаваныя вялізныя аграсядзібы (іх, дарэчы, шмат у Вязынцы), спрабавала адгадаць, дзе стаяў дом былога гаспадара вёскі шляхціца Станіслава Замбржыцкага… Яго жонка Алімпія была хроснай маці Янкі Луцэвіча, які вырас у Янку Купалу. Нягледзячы на тое, што род Луцэвічаў сваё шляхецтва не пацвердзіў афіцыйна, мясцовая шляхта прымала іх на роўных. У нашчадкаў Замбржыцкіх, з якімі трымаюць сувязь супрацоўнікі музея, ёсць такія звесткі: Купала часта наведваў Вязынку, гасцяваў у дзядулі з бабуляй, братоў бацькі. Летнія месяцы праводзіў у хроснай, якая да канца жыцця апекавалася ім. Яна стварыла ў сядзібе своеасаблівы дзіцячы гурток, і ўсіх пляменнікаў і хрэсніка збірала на лета. Ёсць звесткі, што не столькі ў сваёй сям’і, колькі ў Замбржыцкіх вучыўся Янка Луцэвіч пісаць па-польску, знаёміўся з польскай літаратурай. “У Доме Вязынскім была вялікая бібліятэка, фартэпіяна, — казала Марыя Барткова. — Існавала і традыцыя літаратурных шляхецкіх салонаў. У 1908 годзе падарыў Купала сыну Станіслава і Алімпіі Замбржыцкіх Юзафу сваю першую кніжку “Жалейка” з дароўным подпісам. У час вайны хата іх была разрабаваная, і невядома цяпер — дзе тая кніжка. Знішчана і шыкоўная партрэтная галерэя… Удалося ўратаваць толькі абраз святога Юзафа, які цяпер захоўваецца ў сям’і Замбржыцкіх у Канадзе”. 

Шмат можна яшчэ шукаць у архівах, кажа Марыя Барткова, і знаходзіць усё новыя і новыя звесткі пра паэта, тыя мясціны, што звязаны з яго імем і творчасцю. А мне, слухаючы такія жыццёвыя гісторыі пра класіка, захацелася прайсціся пешшу па Вязынцы — з мапай вёскі пачатку мінулага стагоддзя ў руках або ў суправаджэнні цікаўных знаўцаў, пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. Можа хто й успомніць яшчэ нешта цікавае пра стыльнага паэта. Або проста прагуляцца сцежкамі Песняра, адчуць атмасферу тых мясцін, з асалодай акунуцца ў Купалаву паэзію.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter