Более 200 участников собрал смотр-конкурс свадебных обрядов Витебщины в Дубровенском районе

Таінствы трох стужак

Галоўнай тэмай фэсту стаў каравай, бо менавіта з яго ў Беларусі вяселле спакон веку пачынаецца і ўсё вакол гэтага сімвала круціцца. Якім ён атрымаецца, такое і жыццё маладых чакае, верылі нашы продкі. А таму гатаваць важную святочную страву даручалі толькі давераным асобам — куме ці прафесійным каравайшчыцам. Чыстыя рукі, цішыня і добрыя намеры падчас сакральнага працэсу яднаюць большасць традыцый вясельных абрадаў Віцебшчыны. Астатнія асаблівасці ў кожнага раёна свае. Якія — паказалі ў пачатку форуму «Вялікая вясельніца» яго ўдзельнікі з розных рэгіёнаў паўночнага краю, а таксама госці з Гомеля і Гродзеншчыны.


У Ліёзненскім раёне, напрыклад, каравайшчыц павінна было быць у пару. Жанчынкі толькі замужнія, з добрай гаспадаркай ды дзеткамі, каб і ў маладых жыццё ладзілася, распавядае кіраўніца народнага фальклорнага калектыву «Медуніца» Ганна Макравусава. Пад запеўкі ўдзельніц свайго гуртка яна дэманструе, як рыхтаваліся да абраду, мясілі цеста, ставілі яго ў печ. Пеючы раскрывае і рэцэпт добрага каравая:

— Тры лыжкі вадзіцы ды тры фунты масла, яек паўтараста, з сямі крыніц вадзіца, з сямі мяшкоў мучыца. Ад рахманай кароўкі ўдой, каб у сям'і былі лад і спакой…


Замешваць цеста пачынала хросная. Рабіла гэта цэлую гадзіну, каб было тугім і падчас выпечкі каравай не праваліўся ў сярэдзіне. Размаўлялі пра бацькоў, абменьваліся добрымі марамі і пажаданнямі маладым, няспешна працягвае Ганна Фёдараўна.

Бываюць выпадкі, што не атрымліваецца каравай з першага разу. Тады сабакам яго выкідваюць, каменціруе ўдзельніца з аграгарадка Ляды Тамара Сінякова. З годнасцю дэманструе старадаўні «рагаты» каравай свайго Дубровенскага раёна. У сімвал урадлівасці і дабрабыту ўтыкалі запечаныя ў цесце і ўпрыгожаныя цукеркамі і рознакаляровымі стужкамі яблыневыя галінкі. Ды каб на кожным не менш трох сучкоў-адросткаў было — маладым на шчасце! За плячыма маёй суразмоўніцы вопыт трох пакаленняў каравайшчыц, а таму падзяліцца ёсць чым:


— Традыцыя пячы вясельны каравай жыве і сёння. Да мяне часта звяртаюцца, нават з іншых раёнаў заказваюць. Стварэнне вясельнага каравая лічу сапраўдным таінствам. Патрэбны цішыня, чысціня і святло, асаблівы настрой. Калі завязваю сучкі і пачынаю іх упрыгожваць, тры стужкі бяру наўздагад. Выцягнула чырвоную першай — гэтаму чалавеку больш загадаю кахання, зялёную — ад усяго сэрца шчыра дабрабыту пажадаю, сінюю — каб усе мары спраўдзіліся.

Цікавасць да родных традыцый і звычаяў у сучаснай моладзі расце, падхоплівае размову намеснік кіраўніка Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай:


— Маладыя ўсё больш цікавяцца народнымі абрадамі, паварочваюцца да сваіх каранёў у такі адказны момант жыцця, бо кожнаму жадаецца, каб шлюб быў трывалы, а каханне — адно і назаўжды. Сіла і падтрымка продкаў асабліва патрэбны.

На форум яна прыехала разам з народным фальклорным калектывам «Суседзі». Частавалі гасцей традыцыйнай вясельнай стравай — аладкамі з макам, блінамі з капустай, мясам і тварагом. А каб пацешыць, падрыхтавалі гульнёвы карагод «Чарнавусы каралёк» і побытавы танец «Крыўлянская кадрыля» (атрымаў назву ад вёскі Крывыя). Яго выконваюць чатыры пары на пяць кален. Кожнае з іх мае сваю назву і пэўны парадак руху. Мясцовыя жыхары танцуюць кадрылю ўжо на працягу трох пакаленняў. У гэтым годзе раённыя ўлады будуць заяўляць гэтыя танцы ў Міністэрства культуры на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Дарэчы, некаторыя элементы вясельных традыцый Віцебшчыны туды ўжо ўваходзяць. Сярод іх «рагаты» каравай і абрад «Ганяць сучку» Дубровенскага раёна. Апошні таксама паказалі на свяце.


МЕРКАВАННЕ

Намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана РЫЖАНСКАЯ:

— Вяселле аб'ядноўвае двух чалавек, два чужыя роды. Кожнае дзеянне абраду нясе глыбокі сэнс, накіравана на росквіт і дабрабыт маладой сям'і. Таму спакон веку захоўвае сваё сакральнае значэнне. Свята-конкурс «Вялікая вясельніца» дазваляе далучыцца да багатай культурнай спадчыны нашай краіны, глыбей пазнаць усе найважнейшыя рысы абраду і звязаныя з ім традыцыі, якія нясуць у сабе магутны духоўны пасыл ад нашых продкаў. За час правядзення форуму назапашаны вялікі багаж ведаў. Знаёмства з імі карысна кожнаму, хто цікавіцца культурай свайго краю. Форум адлюстроўвае вялікую місію прыхільнікаў народнай творчасці — захаваць традыцыі і перадаць праз стагоддзі гэтыя духоўныя зерні беларускай культуры нашчадкам, захоўваючы такім чынам непарыўную сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні Беларусі.


ДАРЭЧЫ

Традыцыйна форум «Вялікая вясельніца» праводзіцца раз на два гады ў кастрычніку. Гэты час па звычаях нашых продкаў лічыцца найлепшым для стварэння новых сем'яў. Характэрна, што Дуброўна прымае свята ў трэці раз. Упершыню яно ладзілася таксама менавіта тут як агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў, якія дэманстравалі захаванасць традыцый правядзення вяселляў сваіх рэгіёнаў. Цяпер удзельнікі свята выступалі ў намінацыях «Вясельны каравай», «Наш вясёленькі паяздок» і «Жыць — не тужыць».

Знаёмства з вясельным абрадам сёлета прайшло ў новым фармаце. Яго правядзенне падзялілі на этапы, адзначае член журы, начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Лілія Рэзкіна:

— З улікам колькасці ўдзельнікаў выбралі асноўныя этапы: «Сватанне», «Пасад маладой», «Суборная субота», «Провады жаніха», «Выкуп нявесты», «Яднанне маладых», «Сустрэча маладых», «Другі дзень вяселля» і «Здыманне вянка». Не ўпусцілі ніводнага значнага моманту вясельнай традыцыі. Усе канкурсанты — малайцы! Пастараліся сваім уяўленнем і песнямі ярка паказаць найбольш цікавыя і адметныя элементы рэгіянальных абрадаў. Іх прэзентацыі адлюстроўваюць звесткі, назапашаныя падчас розных этнаграфічных экспедыцый.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter