Тады Феміда ідзе да вас…
15.12.2012
Удзельнікаў рэспубліканскай канферэнцыi «Прававая адукацыя: стан i перспектывы», якая прайшла нядаўна, моцна ўразіла выступленне старшыні Маскоўскага суда г. Мінска Святланы ЛЮБЕЦКАЙ (на здымку). Сярод іншых не ўтрымаўся ад каментарыяў на гэты конт Генадзь Варанцоў — у мінулым міністр юстыцыі, сёння — выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў». Ён успомніў, як раней усімі сродкамі міністэрства і судовыя ўстановы дабіваліся павелічэння колькасці выязных пасяджэнняў судоў.
Сапраўды, значны эфект даюць не толькі выязныя пасяджэнні гэтага раённага суда, якія, дарэчы, праводзяцца вельмі прадумана, на планавай аснове. На правараз’ясняльных мерапрыемствах прадстаўнікі суда асаблівую ўвагу ўдзяляюць прафілактыцы злачынстваў непаўналетніх супраць уласнасці, грамадскага парадку, звязаных з абаротам наркатычных і псіхатропных рэчываў. У час гутарак прадстаўнікоў суда ў працоўных калектывах вялікую цікавасць выклікаюць пытанні прымянення працоўнага заканадаўства (аб парадку звальнення, выплатах заробку, кантрактнай сістэме найму і інш.).
Цікавым з’яўляецца вопыт суда Маскоўскага раёна беларускай сталіцы, які мінулай восенню ініцыіраваў сумесныя рэйды судовых выканаўцаў і прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі. У іх ходзе праводзіцца праверка выканання заканадаўства аб дарожным руху і выканання судовых пастаноў, аб чым раней ужо распавядала наша газета. Тут робіцца і шмат іншых высілкаў, якія сведчаць аб тым, што прадстаўнікі Феміды вельмі зацікаўлена ставяцца да сваёй працы, укладваюць у яе душу. Гэтага патрабуе ад падначаленых старшыня суда Святлана Любецкая і паказвае ўсім асабісты прыклад.
Фота: Валерый ХАРЧАНКА