Сюды едуць за натхненнем. Белавежская пушча “акрыляе” нават людзей не творчых прафесій, што ж казаць пра мастакоў...

Людзі мастацтва — частыя госці ў Белавежскай пушчы. У свой час яна натхніла пісьменніка Мікалая Ляскова, які перамясціў дзеянні свайго твора “Некуды” менавіта ў гэты запаведны лес. Трохі пазней пасля сумеснага наведвання пушчы свае нататкі і эсэ апублікавалі польскі літаратар Генрык Сянкевіч і вядомы энцыклапедыст Зігмунт Глогер. Знакаміты майстар пейзажаў Іван Шышкін прыязджаў сюды ў 1883 і 1892 гадах. Мастак напісаў некалькі эцюдаў, і можна толькі ўявіць, колькі творчых ідэй у яго тут нарадзілася...

Што ж тады казаць пра сучаснікаў! Другі год запар Белавежская пушча прымае таленавітых пейзажыстаў. Сёлета тут арганізаваны “святочны” пленэр “Белавежжа-2009”, прымеркаваны да 600-годдзя ўвядзення ахоўнага рэжыму пушчы.
Летась у такім жа мастакоўскім зборы ўдзельнічалі толькі творцы з Брэста. Зараз пленэр падняўся нават не на адну, а на некалькі прыступак вышэй — стаў міжнародным. Большасць гасцей прыехала з таго боку Белавежскай пушчы — з Польшчы, а беларускі горад-рэкардсмен па колькасці ўдзельнікаў — Мінск. Далучыліся і мастакі, якія жывуць у беларускай глыбінцы.
— Малюецца заўсёды цікава, — з захапленнем разважае пасля “працоўнага” дня палескі мастак Янка Рамановіч. — У мінулым годзе я тут таксама быў — тады на палотнах застыла восень. А зараз на карцінах — лета. Ужо і фарбы іншыя — больш зелені, неба святлейшае і “цяплейшае”.
Янка расказаў, што шмат чаго цікавага бачыў, бо не раз выбіраўся з роднай вёсачкі Моталь Брэсцкага раёна, каб перанесці на палотны краявіды роднай Беларусі і замежжа.
— Калі чалавек жыве ў горадзе, ён пазбаўлены многага, — працягвае Янка. — І тады яго здзіўляе ўсё, што ён бачыць у прыродным асяроддзі, не гаворачы ўжо пра дзівосы Белавежскай пушчы. Але ж і мне ўсё гэта заўсёды цікава. Малюешь сабе паціху, а побач вавёрка па дрэве скачыць ці заяц прабяжыць. А ўчора, напрыклад, бачыў дзіка...
Малады польскі графік Лукаш Левандоўскі жыве каля лесу, але прызнаўся, што ніколі не быў у Белавежскай пушчы нават з яе польскага боку. У Беларусь прыехаў дапамагчы сваім сябрам-мастакам.
— А яшчэ цікава стаяць, глядзець на гэты лес і разумець, што, можа, некалі тут стаялі знакамітыя Ягайла і Вітаўт, — распавядае Лукаш. — Калі ехаў сюды, больш за ўсё хацелася гэтага: падзівіцца на мясціны агульнай гісторыі Польшчы і Беларусі.
Карціны, якія былі створаны ў пушчы ў мінулым годзе, дасюль упрыгожваюць пакоі мясцовай гасцініцы. Што тычыцца “юбілейнай” серыі палотнаў, то яны, як абяцаюць арганізатары пленэра, адправяцца “вандраваць” па беларускіх гарадах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter