Сыты той, хто дамавіты

На Міншчыне абмеркавалі тэму падтрымкі падсобных гаспадарак

Дэпутаты сталічнай вобласці абмяркоўвалі спосабы падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак

Вядзенне асабістых гаспадарак — векавыя традыцыі беларускага народа. І зараз, калі на паліцах магазінаў дастаткова малочнай, мясной, гародніннай і іншай прадукцыі, многія нашы суайчыннікі працягваюць аддаваць перавагу дамашнім прадуктам. Разам з тым гэта адзін са спосабаў павелічэння грашовых даходаў сялян праз рэалізацыю лішкаў дзяржаве. Увогуле ж асабістым падсобным гаспадаркам належыць немалая роля ў вырашэнні пытанняў харчовай бяспекі.

Каб людзі на сяле і ў малых гарадах не пакідалі і эфектыўна развівалі гэтыя добрыя традыцыі, ім неабходна дапамога. Зараз на Міншчыне каля 255 тысяч падсобных гаспадарак, там знаходзіцца больш за 200 тыс. га зямель, 80 тыс. з якіх — ворыўныя. Чвэрць ад усяго аб’ёма сельскагаспадарчай прадукцыі вырабляецца ў гаспадарках грамадзян.

У абласной праграме развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павелічэнне вытворчасці і рэалізацыі насельніцтвам сельскагаспадарчай прадукцыі. Чарговая сесія абласнога Савета дэпутатаў разгледзела выкананне гэтай праграмы — запланаваныя вынікі дасягнуты толькі па палове мерапрыемстваў. Сярод асноўных прычын, якія назваў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Віталь Грышанаў, — дэмаграфічныя працэсы, старэнне насельніцтва, скарачэнне колькасці падсобных гаспадарак, пагалоўя жывёлы і пасяўных плошчаў. “З гэтым пэўным чынам можна пагадзіцца, але звароты, якія паступаюць ад грамадзян, сведчаць, што месцамі работа тармозіцца тым, што не наладжана дзейсная дапамога насельніцтву”, — адзначыў ён.

Метады і спосабы аказання падтрымкі вядомыя. Гэта выдзяленне кармоў, насення, сродкаў аховы, тэхнікі для своечасовага правядзення палявых работ, забеспячэнне маладняком жывёлы і птушкі, ветэрынарнае абслугоўванне. Другі год у вобласці ўкараняецца ў практыку перамяшчэнне асобных зямельных надзелаў грамадзян у палі севазвароту сельгасарганізацый. Такім чынам у мінулым годзе было засеяна больш за 25 % збожжавых і крыху больш за 15 % бульбы, што вырошчвае насельніцтва. Што гэта дае? Людзі своечасова атрымліваюць паслугі, тэхніка, працуючы на адным масіве, эканоміць затраты, наводзіцца парадак на зямлі. У вобласці сур’ёзна абноўлены парк энерганасычанай тэхнікі, і менш магутныя трактары і камбайны накіроўваюцца на прысядзібныя ўчасткі.

А вось у жывёлагадоўчым напрамку праблемных пытанняў хапае. На сёння толькі крыху больш за 30 % падсобных гаспадарак утрымліваюць свойскую жывёлу. Закуп лішкаў малочнай прадукцыі склаў 85,8 % да запланаванага праграмай. Кароў у асноўным трымаюць людзі перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту, якім няпроста самастойна нарыхтоўваць кармы. І ў тых раёнах, дзе да гэтай праблемы ставяцца без належнай увагі, вытворчасць і закуп малака істотна змяншаюцца.

“Увогуле прыйшла пара шукаць іншыя падыходы. Адна карова зараз ужо неакупная. Трэба знаходзіць маладых, энергічных людзей, якія могуць утрымліваць некалькі ці нават дзясяткі жывёл. Пры правільным падыходзе гэта робіцца ў межах асабістай падсобнай гаспадаркі, нават з прымяненнем сродкаў малой механізацыі. Там ужо зусім іншая эканоміка і прыбыткі”, — падкрэсліў Віталь Грышанаў.

На сесіі было адзначана, што ў раёнах шмат упушчэнняў арганізацыйнага кшталту. Менавіта таму, што людзі не атрымліваюць неабходную і своечасовую дапамогу, яны адмаўляюцца ўтрымліваць жывёлу, вырошчваць збожжа, бульбу і гэтак далей. Зараз паслугі насельніцтву аказваюць сельгасарганізацыі, сялянскія і фермерскія гаспадаркі, КУПы, а таксама фізічныя асобы, якія маюць сельгастэхніку.

 “Увагу да развіцця асабістых падсобных гаспадарак неабходна павысіць. Павінна быць агульная зацікаўленасць і сумесная работа Саветаў дэпутатаў і адміністрацый сельгасарганізацый. Адзін з асноўных кірункаў работы сельскіх, раённых Саветаў дэпутатаў у тым, каб пераканаць, зацікавіць насельніцтва займацца развіццём падсобных гаспадарак. Калі чалавек звяртаецца па дапамогу ў забеспячэнні кармамі, тэхнікай, па іншыя паслугі, то ён павінен гэта атрымаць”, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.

На сесіі прагучаў шэраг заўваг у адрас нарыхтоўчых арганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў па закупу ў насельніцтва гародніны, пладоў і ягад. Прынята рашэнне штомесячна разглядаць стан работы па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак у канкрэтных раёнах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter