Сын за бацьку

З Еўрапейскіх гульняў у Баку і з чэмпіянату свету ў Доху 19-гадовы Дзмітрый Асанаў прывёз срэбра і бронзу
Эксперты не сумняваюцца, што ў Бразіліі медальная традыцыя прадоўжыцца.


Дзмітрый Асанаў (зправа) нарадзіўся ў 1996 годзе ў Маладзечне. Майстар спорту міжнароднага класа. Выступае ў вазе да 56 кілаграмаў. Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў. Бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2015 года, сярэбраны прызёр Першых Еўрапейскіх гульняў 2015 года, чэмпіён Беларусі

— Твой бацька Сяргей Асанаў — знакаміты трэнер і рэферы па боксе. Таму ты трапіў на рынг?

— Наадварот, бацька быў катэгарычна супраць, каб я надзяваў пальчаткі. Чаго толькі не пераспрабаваў у дзяцінстве, — займаўся лёгкай атлетыкай, дзюдо, футболам. Але ўвесь час цягнула на рынг. Кожны дзень забягаў у спартыўную залу, назіраў, як баксіруюць яго падапечныя. 

У выніку бацька здаўся, узяў мяне ў сваю групу. У 12 гадоў я выступаў на спаборніцтвах, біўся з хлопцамі, на чатыры гады старэйшымі. Потым паехаў на чэмпіянат Еўропы сярод школьнікаў, дзе выйграў свой першы міжнародны медаль.

— Чаго чакаеш ад выступлення ў Рыа-дэ-Жанейра?

— Спадзяюся выйграць. Хоць загадваць у спорце нельга — абавязкова сурочыш. Працую цяпер як пракляты. Дзве трэніроўкі ў дзень, плюс — ранішняя зарадка, па сутнасці, яшчэ адна трэніроўка. Адпачыць атрымліваецца толькі па ня­дзелях. Адсыпаюся, сустракаюся з сябрамі.

— Некаторыя называюць бокс мардабоем. Цябе гэта не абражае?

— Ніколькі. Людзі, якія так гавораць, нічога не разумеюць у нашым відзе. Бокс — як шахматы, спорт уперамешку з мастацтвам. Вельмі захапляльная гульня. Стараюся на рынг выходзіць з халоднай галавой, не піжоніць. Недаацэнка саперніка можа дорага абысціся. Галоўнае, што турбуе падчас схваткі, рукі майго саперніка, таму канцэнтруюся толькі на іх.

— У якой манеры ты баксіруеш?

— Існуе тры віды баксёраў: “гульцы”, “спойлеры” і “панчары”. У першых перавага ў хуткасці і тэхніцы. Другія разлічваюць на магутны ўдар, трэція з дапамогай хітрых прыёмаў перашкаджаюць баксіраваць саперніку, чакаючы моманту, каб самім нанесці рашаючы ўдар. Я — “Гулец”. Лічу за лепшае на рынгу працаваць акуратна.

— Чым цікавішся, акрамя бокса?

— Музыкай. Футболам, хварэю за “Чэлсі”. І, вядома, вучобай — я студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. У нас нават свая музычная група ёсць пад назвай “Лакацыя-67”. Лакацыя — гістарычная назва мясцовасці, дзе знаходзіцца мой родны Маладзечна, 67 — яго тэлефонны код наадварот. Нас у групе двое. Сябар стварае музыку, а я пішу і чытаю рэп. Запісалі ўжо некалькі трэкаў. Наогул мая мэта, акрамя алімпійскага медаля, папулярызаваць спорт у Беларусі. Мару, каб у сучасных дзяцей было сапраўднае дзяцінства. Памятаю, як мы з хлопцамі ў двары ўсе дні напралёт гулялі ў футбол, хакей. Цяпер жа многія дзеці занадта замкнёныя на сабе і часцяком нават не ведаюць сваіх равеснікў, якія жывуць у суседнім пад’ездзе. Па-мойму, гэта жахліва. Трэба з гэтым нешта рабіць. Лепшы сродак — спорт.

— Якім павінен быць прафесійны баксёр: бязлітасным і жорсткім?

—  У першую чаргу добрым чалавекам, які ніколі не прыменіць байцоўскіх навыкаў за межамі рынга.

Эльвіра Гарошка

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter