Сёння пустазелля няма, а заўтра яно на ўсім полi
13.06.2013 16:27:10
Гаспадаркі Верхнядзвіншчыны актывізуюць хімапрацоўку пасеваў
ВЕРХНЯДЗВІНСКі раён у мінулым годзе сабраў на круг 34,7 цэнтнера зерневых, заняў першае месца ў вобласці і стаў удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак». Усё было зроблена, каб сёлета атрымаць яшчэ большы каравай. На жаль, небывалая вясновая паводка нанесла сур’ёзныя страты хлебнай ніве.
Да гонару хлебаробаў, яны не апусцілі рукі: у сціслыя тэрміны завяршылі сяўбу зерневых і паўсядзённа акуратна вядуць догляд за пасевамі.
Азімыя, а іх 13533 гектары, падкармілі ўжо двойчы, і заняліся гэтым у трэці раз. Цяпер ідзе хімпраполка яравых зерневых і рапсу.
Прэпаратаў дастаткова. Часткова напружанасць ствараецца ад таго, што трэба аглядаць адразу амаль усе культуры: зерневые, кукурузу, рапс, лён. А тэхнікі, сучасных высокапрадукцыйных апырсквальнікаў недастаткова. Шмат часу і сродкаў займае іх рамонт.
У ААТ «Шайцерава», перадавой гаспадарцы не толькі раёна, ужо на ўсёй плошчы ў 1,5 тысячы гектараў азімых унеслі прэпарат супраць палягання і на 610 гектарах — палове — правялі праполку яравых.
А яшчэ вялікую ўвагу надаюць тут мікраэлементам. Прывезлі іх з брэсцкай фірмы «Аграінгандаль». Уносяць у чатыры заходы: пры пратраўліванні насення, хімпраполцы, па вегетацыі пад колас, і па самаму коласу.
Для догляду за пасевамі ў гаспадарцы ёсць тры апрысквальнікі. На іх працуюць Мікалай Шкіндэр, Дзяніс Дземчанка і Мікалай Родзік.
— Займаюся гэтым чацвёрты год, — гаворыць апошні. — Тэхніка — выдатная, арганізацыя — таксама. Адно, што калі-нікалі стрымлівае надвор’е. У дзень апрацоўваю стабільна па 80 гектараў. Здараецца — 100 і больш. Заробак прыстойны — 350—400 тысяч рублёў у дзень.
Само поле пакрыта чысцейшым густым дываном зялёнай яравой пшаніцы. Ніводнай былінкі пустазелля.
— А ці трэба тут уносіць гербіцыды? — спытаўся я ў галоўнага агранома Віктара Шкіндэра.
— Я таксама адзін год так падумаў, — адказаў ён. — Паглядзеў, поле чыстае, абыдзецца. Не абышлося. Збажына спынілася ў росце, шуганула пустазелле. Вышэй коласа паднялося…
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара