Сёння на раённым свяце-кірмашы “Дажынкі” адзначаны лепшыя хлебаробы Прысталічча

Цэнтральная сядзіба РУП “Агракамбінат “Ждановічы”, размешчаная на ўскрайку сталіцы, учора прымала ўдзельнікаў і гасцей раённага свята-кірмаша “Дажынкі”. Хлебаробы Прысталічча намалацілі амаль 120 тысяч тон збожжа. На круг выйшла па 46 цэнтнераў, што дазволіла заняць чацвёртае месца ў вобласці. У святкаванні прыняў удзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко. Да пасады міністра ён кіраваў Мінскім раёнам.


Пад гукі музыкі па цэнтральнай алеі крочылі дэлегацыі гаспадарак сталічнага раёна. Адкрываючы свята, старшыня райвыканкама Уладзімір Юргевіч адзначыў, што больш як паўсотні экіпажаў камбайнераў пераўзышлі тысячны намалот зерня. А камбайнеры Алег Голуб з РУП “Агракамбінат “Ждановічы” і Аляксандр Шынкевіч з ААТ “1-ая Мінская птушкафабрыка” па намалотах пераўзышлі трохтысячны рубеж. Дванаццаць экіпажаў намалацілі звыш двух тысяч тон збажыны. На перавозцы ўраджаю з поля да збожжатакоў асабліва вызначыліся іван Шпак з ААТ “Гастэлаўскае”, і вадзіцелі з РУП “Агракамбінат “Ждановічы” Аляксандр Варажун, Андрэй Чуйко, Сяргей і Аляксей Капачэўскія. На рахунку кожнага з іх звыш трох тысяч тон перавезенага зерня.


Найбольшую ўраджайнасць – звыш 98 цэнтнераў з гектара – атрымалі хлебаробы ААТ “Гастэлаўскае”. Гаспадарка прызнана лідэрам у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых. Сярод пераможцаў ДП “Усход” і абасобленае структурнае падраздзяленне “Саўгас “Мінскі” ААТ “ДОРОРС”. Хлебаробы гэтых гаспадарак прадставяць сталічны рэгіён на абласным свяце-кірмашы “Дажынкі” у Капылі.


Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко шчыра падзякаваў усіх, хто на працягу года працаваў на хлебнай ніве, і ўручыў юбілейныя медалі “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчавання Беларусі” старшыні Мінскага райвыканкама Уладзіміру Юргевічу, першаму намесніку гендырэктара Мінскага УП “Агракамбінат “Ждановічы” Віктару Каўхута, Ганаровыя граматы міністэрства галоўнаму аграному ААТ “Шчомысліца” Івану Харкунову і трактарысту-машыністу “Агракамбіната “Ждановічы” Аляксандру Янкоўскаму. Лепшыя прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу сталічнага раёна адзначаны падзякамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Рэспубліканскага камітэта прафсаюза АПК.   


Словы ўдзячнасці прысталічным хлебаробам выказалі страшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў, генеральны дырэктар Рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс” Сяргей Юркевіч і іншыя госці. Дыпломамі і грашовымі прэміямі адзначаны гаспадаркі – пераможцы раённага спаборніцтва на жніве, а таксама экіпажы зернеўборачных камбайнаў, вадзіцелі, якія перавозілі ўраджай, аператары зернесушыльных установак, галоўныя спецыялісты, фермеры. Ганаровым падарункам за найбольшы працоўны стаж адзначаны механізатар ААТ “Шчомысліца” Мікалай Кацуба.


– Жніво раскрыла новыя магчымасці, паказала, што неабходна змяніць у працы, а свята дало настрой на новыя поспехі, – адзначыў дырэктар КУП “Мінская гародніная фабрыка” Міхаіл Губіч.

Урачыстасць завяршылася вялікім святочным канцэртам самадзейных калектываў Прысталічча.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter