Сёння ў Крамлі — “Полька беларуская”!

Сёння ўвечары ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў — юбілейны канцэрт знакамітага ансамбля “Сябры”. “30 гадоў разам” – так называецца праграма, прэм’ера якой у снежні з поспехам прайшла ў Мінску, а цяпер будзе прадстаўлена ў Маскве. Знамянальна, што адбываецца канцэрт у год, аб’яўлены годам беларускай культуры ў Расіі, і разам з беларускім калектывам удзел у ім прымуць многія майстры расійскай эстрады. У ліку іх — Іосіф Кабзон, Надзея Бабкіна, Ларыса Доліна, Мікалай Баскаў, Ігар Нікалаеў, Алег Газманаў, Вітас і іншыя. “Гэтым канцэртам мы не зацвярджаемся, а пацвярджаем існаванне сучаснай беларускай песні і пастараемcя дастойна прадставіць яе нашым бліжэйшым суседзям, працуючы на добрыя адносіны з расіянамі”, — перад ад’ездам у Маскву адзначыў карэспандэнту “Р” нязменны кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. На працягу не менш чым трох гадзін юбілейнага канцэрта будуць гучаць славутыя сяброўскія шлягеры “Алеся”, “Лягу-прылягу”, “ Полька беларуская”, “Гуляць дык гуляць” і лепшыя песні апошніх гадоў. Зразумела, што не абыдзецца і без загадзя падрыхтаваных сюрпрызаў. Праўда, расказаць хаця б пра адзін Анатоль Іванавіч адмовiўся наадрэз. Прызнаўся, што баіцца сурочыць. Але як і што будзе адбывацца на сцэне, змогуць даведацца не толькі наведвальнікі залы Крамлёўскага Палаца з’ездаў. Запіс канцэрта будуць весці расійскія тэлеканалы. Пасля Масквы беларускіх “Сяброў” чакаюць Тула, Разань, Падольск, іншыя расійскія гарады. Затым – вялікі канцэрт у Кіеве разам з зоркамі ўкраінскай эстрады. Плануецца і выступленне ў Малдове. Але завершацца юбілейныя мерапрыемствы ў Беларусі. Летам ансамбль “Сябры” мяркуе адправіцца ў гастрольны тур па рэспубліцы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter