Сярэднявечны рок ля замкавых сцен

А ў хуткім часе тут можа з’явіцца свой фестываль зданяў

А ў хуткім часе тут можа з’явіцца свой фестываль зданяў

Святкаванне дня нара-джэння ля руін легендарнага замка — гэта шыкоўна, рамантычна, запамінальна, а яшчэ вельмі цікава.
У Гальшанах гурт “Стары Ольса” адзначыў свой дзесяцігадовы юбілей, а гледачы атрымалі асалоду ад беларускіх спеваў і музыкі, патанцавалі, набылі сувеніры ў мясцовых майстроў і проста адпачылі ля старажытных муроў, адчулі дачыненне да сваёй багатай спадчыны, якая праз смугу стагоддзяў напамінае нам аб нашых гістарычных каранях.
Прапанову Зміцера Сасноўскага, кіраўніка гурта “Стары Ольса” (на фота) правесці фэст у Гальшанах адразу ж падтрымалі Ашмянскі райвыканкам і турыстычныя агенцтвы “Гісторыя-тур” і “Гальшаны- тур”. Фестываль прайшоў якраз напярэдадні чатырохсотгадовага юбілею Гальшанскага замка, які мае адбыцца ў наступным годзе. Праз год тут запланавана правесці фестываль прывідаў замка.
На шыкоўны фэст прыехалі таксама гурты “Келіх кола”, “Унія”, “Расалія” і “Тэстаментум тэррэ”. Аўтэнтычная музыка ў стылі “медыяваль”, выкананая на старажытных музычных інструментах, а яшчэ і ля муроў легендарнага замка, — відовішча, якое нельга апісаць словамі.
— Па адукацыі я гісторык, і мяне заўсёды цікавіла спадчына Вялікага княства Літоўскага, — прызнаўся Зміцер, — таму вывучэннем гісторыі ашмянскай зямлі захапіўся невыпадкова. Тут асаблівая атмасфера, прывабная прырода. Гэтыя мясціны падаравалі адну з трох беларускіх святых — Іўліянію Гальшанскую. Палацавая музыка спалучалася тут з народнай абрадавай, з музыкай гарадоў і мястэчак, а таксама з еўрапейскай, якую прыносілі вандроўнікі. У выніку ўтварыўся ўнікальны сінтэз, які праз стагоддзі мы хочам данесці беларусам, асабліва моладзі. Тое, што мы іграем, не што іншае, як сярэднявечны рок. З іншага боку мы ніколі не адмаўляемся ад сучасных магчымасцей, таму паспяхова развіваем праекты ў разнастайных стылях.
Свята ля руін Гальшанскага замка закончылася бліжэй да поўначы. Асвечаныя вогненным шоу муры, здавалася, ажылі. Прывіды караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай доўга блукалі ў старажытных сценах, якія, ёсць спадзяванне, не стануць зямлёю, а будуць захоўвацца намі як самая дарагая спадчына, што засталася нам ад нашых славутых продкаў.

Дзе жыве Гальшанскі прывід?

Насамрэч, не ў замку, як мяркуюць многія. Замак (дакладней, яго руіны, там нават прывіду і пасяліцца няма дзе) знаходзіцца наводшыбе, не ў самім мястэчку. Прывід аблюбаваў іншае месца — былы францысканскі кляштар у самым цэнтры Гальшан. Кляштар захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе з часу пабудовы — пачатку XVII стагоддзя. Прывід найчасцей з’яўляецца ў адной з кутніх келляў на першым паверсе.
Вы скептычна ўсміхаецеся: прывід, маўляў, толькі выдумка мясцовых энтузіястаў, каб завабіць пабольш турыстаў? Не, шаноўныя, прывід у Гальшанах сапраўды ёсць, і гэта вам пацвердзіць кожны, каму давялося ў той келлі пераначаваць (як вашай пакорнай слузе, напрыклад). Камусьці ён з’яўляецца ў выглядзе мройнай жанчыны, якая плача і кліча да сябе, кагосьці проста кратае ледзянымі далонямі, з кімсьці жартуе, запальваючы і выключаючы святло. Мы з калегам, напрыклад, бачылі яго ў выглядзе светла-шэрага віру пад столлю, які прыцягваў да сябе так, што, здавалася, сам пойдзеш хадзіць па той столі (як, дарэчы, і рабілі некаторыя начлежнікі, калі верыць іх расказам). Не кажучы ўжо пра тое, што ў тым пакоі бываюць “завіхрэнні” ў такіх дакладных прадметаў, як компас і электронны гадзіннік.
Самае цікавае, што ў прывіда з Гальшан ёсць свая гісторыя. Як гаворыць мясцовае паданне, калі чатырыста год назад будавалі кляштар і касцёл, іх стараліся ўзвесці да нейкага вялікага рэлігійнага свята. Але пастаянна падала адна сцяна і будаўнікі, мяркуючы, што не паспеюць, рыхтаваліся да пакарання ад гаспадара. Але нехта са старэйшых параіў: будоўля патрабуе чалавечай ахвяры. Вырашылі: чыя жонка прынясе абед першая, тая гэтай ахвярай і будзе. Канешне, першай прыбегла самая маладая і прыгожая. Яе замуравалі ў сцяну, будоўля пайшла належным чынам, а несупакоеная душа дагэтуль блукае, помсцячы мужчынам...
Усё б гэта было прыгожай легендай, якая дажыла да нашага часу, калі б у сярэдзіне 90-х гадоў падчас рэстаўрацыі ў падвале кляштара рабочыя не знайшлі... шкілет, замураваны ступнямі ў сцяну. Яго закапалі на  могілках, а з таго часу аб Гальшанскім прывідзе ўспомнілі і загаварылі, бо ён стаў часта нагадваць аб сабе...
Такія вось у Гальшанах дзівосы. Вельмі спадзяюся, што фестываль зданяў, які ўсяго толькі маляўнічае шоу, не спалохае Гальшанскі прывід, а, наадварот, прыйдзецца яму даспадобы. Не так і часта ў гэтым жыцці сустракаюцца дзівосы, у якія рэальна верыш.
Алена ЛЯЎКОВІЧ, “НГ”

Дарэчы

Гальшанскі замак можа стаць месцам правядзення еўрапейскага фестывалю зданяў. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціна ЛузІна.
Паводле яе слоў, Гальшаны і Гальшанскі замак з яго багатай гісторыяй і надзвычайнымі легендамі варты таго, каб аб ім гаварыла ўся Еўропа. “Мы хочам ініцыіраваць правядзенне на тэрыторыі замка фестывалю зданяў. Для ўдзелу плануем запрасіць прадстаўнікоў тых мясцін, дзе ёсць замкі, прычым не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Польшчы. А з улікам таго, што нашчадкі Соф’і Гальшанскай правілі ў Чэхіі і Венгрыі, то і з іншых краін Еўропы, — сказала Валянціна Лузіна. — Такіх фестываляў пакуль што няма, і добра было б правесці першы ў год 400-годдзя Гальшанскага замка, гэта значыць, у наступным годзе”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter