«Сядзеш і проста націскаеш на педаль...»
01.11.2013 18:02:14
Прыклад кіраўчан дастойны пераймання
КІРАЎЧАНЕ, як вядома, «всегда куда-то колесят», едуць на работу, у школу, магазіны і па іншых справах. Увогуле, райцэнтр з-за вялікай папулярнасці веласіпеда ў народзе называюць другім Шанхаем і маюць на гэта рацыю: цяжка тут знайсці чалавека, які б «не изведал всех достоинств колеса…», як у вядомай песні. І гэта добра: акрамя таго, што веласіпед — экалагічны транспарт, да таго ж эканомны, а язда на ім дадае здароўя і добрага самаадчування. І невыпадкова гарадок выхаваў славутых зорак веласпорту Беларусі, якія дабіваюцца поспехаў на прэстыжнейшых спаборніцтвах. Варта нагадаць выхаванцаў аддзялення веласпорту ДЮСШ Вольгу Масюковіч і Рамана Цішкова. Яны зараз займаюцца ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі і ўключаны ў алімпійскую зборную каманду Беларусі, якая рыхтуецца да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Бразіліі. Лагічна, што ўзнікла ідэя правядзення раённай акцыі «На веласіпедзе — за здароўем!», якую ініцыіраваў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў і падтрымалі члены райвыканкама, кіраўнікі арганізацый раёна, кіраўчане, моладзь (яна да таго ж правяла ў межах акцыі свой конкурс «Моладзь — за здароўем на веласіпедзе!»).
Падчас урачыстага адкрыцця заезду на гарадскім стадыёне Максім Рыжанкоў адзначыў, што вельмі рады прыняць удзел у гэтым практычна сямейным мерапрыемстве, паколькі для Кіраўска веласіпед — сямейны транспарт. А ўвогуле, па задумцы і арганізацыі — гэта свята веласіпеднага спорту. Ён пажадаў прысутным, каб заўжды жылі ў руху, а фізкультура і спорт займалі ў жыцці значнае месца. Можа, і не вялікі спорт, але вялікі па ўздзеянні на здароўе, самаадчуванне, падкрэсліў памочнік Прэзідэнта і выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна за ўвагу і падтрымку, якія аказваюцца спорту і фізічнай культуры, іх усебаковаму развіццю.
А Уладзімір Піскіжаў звярнуўся з заклікам, каб падчас гэтага заезду і ўвогуле, знаходзячыся на дарогах на веласіпедзе, кіраўчане заўжды прытрымліваліся Правілаў дарожнага руху, бераглі сваё жыццё і здароўе, уласным прыкладам вучылі падрастаючае пакаленне таму, што гэтым транспартам можна карыстацца бяспечна і з карысцю для здароўя.
На старце заезду калону веласіпедыстаў узначалілі Максім Рыжанкоў, Уладзімір Піскіжаў, в.а. начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Віктар Сцяпанаў. Хоць перад стартам было адзначана, што гэта не спаборніцтвы, а проста заезд, азарт, прыўзняты настрой удзельнікаў і ўменне валодаць веласіпедам выклікалі жаданне паказаць добрую скорасць. А на фінішы райспажыўтаварыства частавала веласіпедыстаў гарачай гарбатай з пячэннем.
Пасля фінішу старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч падкрэсліла: яе здзівіла наяўнасць ва ўдзельнікаў заезду самых розных веласіпедаў: ад рарытэтных, яшчэ з савецкіх часін, да суперсучасных. І асабліва парадавала, што адгукнуліся на акцыю людзі самых розных узростаў: сапраўды, кіраўчан не трэба ўгаворваць сесці на веласіпед, гэта іх стыль жыцця.
Што датычыцца рарытэтных веламашын. Напрыклад, начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Аляксандр Ткачоў паведаміў, што прымаў удзел у заездзе на веласіпедзе айчыннай вытворчасці, які яму падарылі бацькі, калі ён быў у 7 класе. Больш за трыццаць гадоў веласіпед на хаду!
«Узроставымі» імпартнымі веласіпедамі здзівілі прадстаўнік раёна газазабеспячэння Сяргей Лазаковіч і бухгалтар райспажыўтаварыства Святлана Печань: у першага быў двухколавы сябар вытворчасці Husqvarna, у другой — Sparta.
Завяршыць гэта хочацца радкамі з той жа песні, якой мы іх пачыналі: «Солнце на спицах, синева над головой, ветер нам в лица, обгоняем шар земной. Ветры и версты, убегающие вдаль, сядешь и просто нажимаешь на педаль…»
Наталля ХАДАКОВА
Фота Максіма МІКЕШЫНА