Даследчык помнікаў садова-паркавай культуры Анатоль Федарук прадаўжае падзвіжніцкую дзейнасць

Сядзібы Гродзеншчыны

Даследчык помнікаў садова-паркавай культуры Анатоль Федарук прадаўжае падзвіжніцкую дзейнасць


Палац у Жамыслаўлі. Іўеўскі раён


На пачатку года ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалася кніга Анатоля Федарука “Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны”. Выданне выйшла пры падтрымцы Замкавага комплексу “Мір”. Мноства ілюстрацыі, звесткі пра сядзібы XVI — пачатку XX стагоддзяў з тэрыторый Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага ды Іўеўскага раёнаў вобласці. На прэзентацыі казалі: гэта неацэнны дапаможнік для тых, хто распрацоўвае новыя турмаршруты. У 2013-м выйшла кніга “Старадаўнія сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён” — там стаіць і Мірскі замак. Цяпер на чарзе трэці, заключны том: пра сядзібы астатніх раёнаў. Праца грунтоўная, велізарная! “Толькі на Гарадзеншчыне апісаў каля 1200 сядзібаў,” — казаў прафесар у адным з інтэрв’ю.

У яго кнігах жыве гісторыя, дыхае сучаснасць. З іх можна даведацца, як ствараліся старадаўнія сядзі­бы, якія характарыстыкі ў збудаванняў, паркаў, вод­ных сістэм. Апісваецца ко­лішняя шляхецкая культура, мастацкія і фамільныя каштоўнасці, стыль жыцця ўладальнікаў сядзіб. Можна пачытаць, у якім стане векавыя сядзібы цяпер.

Кнігі Анатоля Федарука з цікавасцю чытаюць і прафесіяналы, і аматары-вандроўнікі. Прафесар, доктар біялагічных навук, выкладчык Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка пачаў творчую працу з 1967 года. Выдаў кнігі “Садова-паркавае мастацтва Беларусі”, “Старадаўнія сядзібы Мінскага краю”, “Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны” (з якой аўтар родам). Карпатлівая праца знаходзіць высокае прызнанне: у 2006-м за ўклад у вывучэнне і захаванне помнікаў садова-паркавай культуры Беларусі Анатоль Федарук быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter