Сябры з Пецярбурга

Пра піцерскі перыяд жыцця і дзейнасці Янкі Купалы шырока вядома. Між тым мае дачыненні да расійскай культурнай сталіцы і Якуб КоласПаводле расійскага перапісу 1897 года ў Пецярбурзе жыло амаль 67 тысяч беларусаў. І калі ў ХІХ стагоддзі дужэў беларускі нацыянальны рух, то не дзіўна, што шляхі многіх беларускіх дзеячаў пралеглі менавіта праз гэты горад. Можна сказаць вобразна: Якуб Колас прыйшоў у літаратуру і культуру, калі пецярбургская выспа беларушчыны ўбіралася ў квецень. Слынная суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” была, як вядома, заснавана там у 1906 годзе, а будучы класік упершыню прыехаў у Піцер у канцы снежня 1907-га. Той шлях быў няпросты. Настаўнік і паэт Канстанцін Міцкевіч знаходзіўся пад следствам пасля ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, у перамяшчэннях быў абмежаваны. І, нягледзячы на забарону, разам з настаўніцай А.Г. Рамановіч ён рашаецца на падарожжа, едзе ў Піцер. Толькі на чатыры дні, таму час праводзіць насычана. Сустракаўся з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, актыўна знаёміўся з горадам, наведваў славутыя мясціны, слухаў оперу “Русалка” ў Народным доме…
Якуб КоласПра піцерскі перыяд жыцця і дзейнасці Янкі Купалы шырока вядома. Між тым мае дачыненні да расійскай культурнай сталіцы і Якуб Колас
Паводле расійскага перапісу 1897 года ў Пецярбурзе жыло амаль 67 тысяч беларусаў. І калі ў ХІХ стагоддзі дужэў беларускі нацыянальны рух, то не дзіўна, што шляхі многіх беларускіх дзеячаў пралеглі менавіта праз гэты горад. Можна сказаць вобразна: Якуб Колас прыйшоў у літаратуру і культуру, калі пецярбургская выспа беларушчыны ўбіралася ў квецень. Слынная суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” была, як вядома, заснавана там у 1906 годзе, а будучы класік упершыню прыехаў у Піцер у канцы снежня 1907-га. Той шлях быў няпросты. Настаўнік і паэт Канстанцін Міцкевіч знаходзіўся пад следствам пасля ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, у перамяшчэннях быў абмежаваны. І, нягледзячы на забарону, разам з настаўніцай А.Г. Рамановіч ён рашаецца на падарожжа, едзе ў Піцер. Толькі на чатыры дні, таму час праводзіць насычана. Сустракаўся з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, актыўна знаёміўся з горадам, наведваў славутыя мясціны, слухаў оперу “Русалка” ў Народным доме…
“Правадніком па сталіцы быў Колас. Ён падходзіў да кожнага гарадавога на варце, распытваў, як куды выйсці і вёў пасля мяне, хвалячы гарадавых і прыношаную імі карысць. Нас асабліва смяшылі гэтыя гутаркі з паліцыяй нелегальнага Коласа. Раз, між іншым, узялася вясці я. Ішлі мы ў народны дом, на оперу. Вадзіла я спадарожніка аж да стомы, запутаўшыся ў даўгіх і пустых “мяшчанскіх” вуліцах. Доўга не хацела здавацца: нарэшце з сорамам прызналася, што не выблытаюся. Узялі мы возьніка. Той правёў нас за вугал і стаў перад народным домам…” — успамінала потым А. Рамановіч.
Якуб Колас быў натхнёны паездкай: беларускае жыццё ўдалечыні ад радзімы віравала так, што можна было пазайздросціць! І малады К. Міцкевіч судакрануўся з тым жыццём, якое пакінула ў яго душы асаблівае ўражанне. Акрамя вышэйзгаданай суполкі, увагу прыцягнуў і ўзніклы паралельна ёй “Беларускі літаратурна-навуковы гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта”. Гурток быў створаны на прыклад гурткоў студэнтаў іншых этнасаў: гурток украіназнаўства, “Маладыя латышы”, гурток літоўскіх студэнтаў. Афіцыйна статут гуртка быў зацверджаны рэктарам універсітэта 30 снежня 1912 года, хаця студэнты звярталіся у рэктарат з такой просьбай яшчэ ў 1906-м. Студэнты-беларусы вялі не толькі грамадскую работу, але і прымалі меры да арганізацыйнага аб’яднання, наладжвалі кантакты з іншымі студэнцкімі арганізацыямі.
Неўзабаве ж, у 1908 годзе, Канстанціна Міцкевіча асуджаюць на тры гады турэмнага зняволення. Але падрыхтавана ўжо глеба для літаратурных усходаў. Таму 1910 год стаў ураджайным не толькі для вязня Пішчалаўскага замка ў Менску — для ўсёй беларускай культуры. “Другое чытанне для дзяцей-беларусаў” Якуба Коласа пабачыла свет менавіта ў Пецярбурзе дзякуючы старанням таварышаў па агульнай справе, якіх пісьменнік набыў, пагасціўшы там інкогніта. Як піша ў кнізе “Беларускі Пецярбург” (2009) Мікола Нікалаеў, “суполка (“Загляне сонца і ў наша ваконца” — А. Т.) выдавала гэтую чытанку разам з віленскім выдавецтвам “Наша хата” тыражом 6000 экзэпляраў. Аб’яднанне дзеля друкавання адной кнігі дапамагло сканцэнтраваць сродкі і выйсці на максімальны для беларускай кнігі тыраж”.
“Другое чытанне...” — хрэстаматыя для вучняў пачатковай школы. Яна адкрываецца прадмовай Л. Сеўрука, дзе проста і даходліва гаворыцца дзецям аб харастве роднай зямлі, аб карысці кніжкі. Чытанку склалі апавяданні, вершы, замалёўкі Якуба Коласа, а таксама народныя казкі, перапрацаваныя ім. Сем раздзелаў прысвечаны прыродзе і порам года, два з іх складаюць вершы і казкі, а найбольшы, “Родныя абразы”, паказвае малюнкі жыцця беларускай вёскі. Гэта пераважна самастойныя творы, якія публікаваліся ў “Нашай ніве”, сярод іх і верш “Нёман”, змешчаны ў першым нумары газеты. Чытанка пабудавана на кантраснасці: з аднаго боку — прыгажосць прыроды, з другога — цяжкае жыццё простага чалавека. Ранейшая праца К. Міцкевіча ў палескай школе дапамагла яму з веданнем дзіцячай псіхалогіі стварыць такую чытанку. Якая ў кантэксце айчыннай культуры паспрыяла развіццю і літаратуры, і педагогікі, і прыродазнаўства. А Пецярбург вылучыўся знакавым месцам у развіцці беларушчыны.
Якуб Колас наведвае Петрапалаўскую крэпасць у Ленінградзе. Фота з фондаў музеяІ ў турме Якуб Колас не забываў пра пецярбургскі асяродак, дзейнасць якога цаніў вельмі высока, пісаў піцерскім студэнтам-беларусам у 1911 годзе: “Я не ведаю, як вітаць вас, дарагія сябры беларускага народа! Скажу толькі, што ніякая “рэформа” ўрада, хай бы самая свабоднейшая і самая шырокая, не можа зрабіць для беларускага народа таго, што можа зрабіць вашая праца на тым грунце, на які вы яе паставілі. Гэта будзе праўдзівая, жывая праца. Ваш гурток — гэта сонца Беларусі, адкуль будзе разлівацца святло ва ўсе куткі яе. Хай жа неба ваша будзе светлае і прыветнае”. “Многае з тых спадзяванняў Коласа спраўдзілася, — піша ў даследаванні “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе” Р. Семашкевіч, прыводзячы прыклады. — Так, Цішка Гартны быў першым старшынёй Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР, Браніслаў Тарашкевіч узначаліў дзейнасць Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (1925—1927) у Заходняй Беларусі. Можна прыгадаць і яшчэ шмат прыкладаў, не кажучы ўжо пра вялікую дзейнасць членаў беларускіх студэнцкіх арганізацый да рэвалюцыі 1917 года і пасля яе ў навуцы, літаратуры і культуры”.
Піцерская культурная эліта таксама звяртала ўвагу на беларускі нацыянальны рух. І хаця Якуб Колас не меў у горадзе такой папулярнасці, як Янка Купала (ён працяглы час жыў там), творчасць іх абодвух знаходзілася пад увагай расійскіх літаратараў. У прыватнасці, прафесар А. Пагодзін у першым нумары часопіса “Вестник Европы” за 1911 год змясціў вялікі артыкул “Белорусские поэты” з прызнаннем высокай місіі Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.
Калі Якуб Колас выйшаў на волю, за ім цягнуўся шлейф нядобранадзейнасці, аднак Пецярбург ізноў падтрымлівае яго. 24 лютага 1913 года паэт адправіў туды з Мінска аўтабіяграфію — дакумент, а таксама некаторыя лісты пісьменніка, якія яшчэ, напэўна, не апублікаваны, захоўваліся ў Пушкінскім доме сярод матэрыялаў архіва С. Венгерава). Там у 1913 годзе — хутка юбілей! — адна за адной выходзяць невялічкімі кніжкамі, амаль брашурамі, апавяданні “Тоўстае палена” і “Нёманаў дар” (абодва пад псеўданімам Тарас Гушча), дзве кніжкі апавяданняў вершам “Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі” і “Батрак. Як Юрка збагацеў” (выйшлі абедзве лацінскім шрыфтам і пад псеўданімам Якуб Колас). Адбылося тое дзякуючы Антону Грыневічу — чыноўніку беларускага паходжання, калежскаму сакратару, які заснаваў “Выдавецтва Антона Грыневіча” (1910), актыўнага ўдзельніка суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”.
Не згубіла значэння для беларусаў паўночная сталіца і пасля яе перайменавання ў 1917 годзе ў Петраград. Творы Якуба Коласа паспелі ўбачыць свет і ў той кароткі перыяд, калі горад называўся Петраградам: іх друкавала газета “Дзянніца” — орган Беларускага нацыянальнага камісарыята, які пэўны час выдаваўся ў горадзе на Няве.
Якуб Колас бываў і ў Ленінградзе, ужо за савецкім часам. Там восенню 1926-га адкрыўся Беларускі дом асветы па адрасе Фантанка, 27. Верагодна, тая падзея паклікала ў дарогу Якуба Коласа, Янку Купалу і Цішку Гартнага. Наведаўшы ўстанову, госці пабывалі яшчэ на Пуцілаўскім заводзе, дзе ім паказалі зборку трактараў “Фардзон-пуцілавец”. Дакладна вядома, што Колас бываў у Піцеры і напрыканцы зімы 1929-га. Тая паездка стала больш насычанай: тэатр оперы і балета, Малы оперны тэатр, тэатр сатыры, Эрмітаж, Рускі музей, музей Рэвалюцыі, Балтыйскі караблебудаўнічы завод, — такое шырокае кола ўстаноў, і культурных, і вытворчых, ахапіла ўвага дэлегацыі.
Адно з апошніх наведванняў горада народным паэтам, на той час ужо класікам, зафіксавана ў 1947 годзе. У жніўні туды была накіравана дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў: П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка, П. Пестрак, М. Лужанін і іншыя на чале з Якубам Коласам. Сустрэчы з пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі, працоўнымі, выступленні… Шэсць дзён гасцявалі беларусы ў Ленінградзе.
Выступаючы ў Доме пісьменніка імя Маякоўскага на вечары-сустрэчы з ленінградцамі, Якуб Колас робіць агляд беларускай літаратуры на тагачасным этапе, ацэньвае лепшыя творы. Асобна адзначае дружбу беларускай і рускай літаратур: “Наша беларуская літаратура нарадзілася, расла і мацнела ў самым шчыльным яднанні і пры падтрымцы вялікай рускай літаратуры. Мне хочацца адзначыць і гістарычную сувязь беларускай літаратуры не толькі з сучасным, але і мінулым Ленінграда. Многія беларускія пісьменнікі тут навучаліся, чэрпалі свае сілы, імкнуліся сэрцам да яго. У справе азнаямлення рускага чытача з творамі беларускай літаратуры я хачу асабліва адзначыць вялікую працу, якую прарабілі ленінградскія пісьменнікі. Іх пераклады твораў беларускай паэзіі і прозы — вялікі ўклад у скарбніцу савецкай літаратуры”.
Пасля вяртання дамоў беларускі пясняр запісаў у дзённіку: “Самыя лепшыя ўражанні засталіся ад гэтай паездкі… Дзённік не адлюструе, а памяць поўна ўспамінамі аб цудоўным горадзе Пятра”.
Сёння пра ўзаеміны Якуба Коласа са слаўным “акном у Еўропу” нагадваюць і экспанаты ў музеі класіка. У прыватнасці, унікальны пісьмовы прыбор, зроблены на заказ калег-пісьменнікаў у Ленінградзе ў 1947 годзе: чарнільніцы і падстаўка для алоўкаў выкананы ў выглядзе дубовых пянёчкаў, як памяць пра любімае дрэва пісьменніка.
Па аб’ёме творчых і жыццёвых стасункаў Якуба Коласа з Пецярбургам гэты горад нельга паставіць на першае месца. Аднак і пераацаніць ролю культурнага цэнтра для творчага станаўлення народнага паэта немагчыма. Як і немагчыма вырваць з пецярбургскага культурна-гістарычнага дыскурсу велічную асобу беларускага класіка.

Анатоль Трафімчык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
На здымках:
Якуб Колас
Якуб Колас наведвае Петрапалаўскую крэпасць у Ленінградзе. Фота з фондаў музея
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter