“Сябры” з Кабардзіна-Балкарыі

У рэдакцыю праз пасрэдніцтва Таварыства “Радзіма” звярнуўся Павел Сідарук, старшыня савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне — “Сябры”. Ён просіць “аднавіць дастаўку газеты “Голас Радзімы” і ўказвае адрас суполкі ў Нальчыку. Паведамляе: суполка гэта некамерцыйная, яна актыўна дзейнічае на карысць яднання краін і народаў. Як доказ таму Павел даслаў публікацыі ў газетах Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі за мінулы год. Спачатку раскажам крыху пра суайчынніка, лідара суполкі, а потым звернемся да тэкстаў.
У рэдакцыю праз пасрэдніцтва Таварыства “Радзіма” звярнуўся Павел Сідарук, старшыня савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне — “Сябры”. Ён просіць “аднавіць дастаўку газеты “Голас Радзімы” і ўказвае адрас суполкі ў Нальчыку. Паведамляе: суполка гэта некамерцыйная, яна актыўна дзейнічае на карысць яднання краін і народаў. Як доказ таму Павел даслаў публікацыі ў газетах Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі за мінулы год. Спачатку раскажам крыху пра суайчынніка, лідара суполкі, а потым звернемся да тэкстаў.

Павел Сідарук — вядомы чалавек у НальчыкуПавел Фёдаравіч родам з Брэстчыны, з вёскі Мышчыцы Жабінкаўскага раёна. У 1969-м быў шафёрам Жабінкаўскага райкама камсамола, там і працаваў да войска. Аказаўся ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, шафёрыў ужо ў Нальчыку, закончыў аўтатранспартны тэхнікум у Майкопе, а пазней і Вышэйшую школу прафсаюзнага руху ў Маскве. Працаваў у прафсаюзах, на іншых пасадах, у тым ліку і вядучым спецыялістам упраўлення прамысловасці, транспарту і сувязі Адміністрацыі Нальчыка. Абіраўся дэпутатам райсавета народных дэпутатаў, Нальчынскага гарсавета мясцовага самакіравання, дэпутатам Парламента Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі IV склікання ад палітычнай партыі “Справядлівая Расія”. Член Грамадска-кансультатыўнага савета пры Прэзідэнце Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі.
У газетнай публікацыі “Народжаныя ў КБР”, дасланай у рэдакцыю, згадваецца пра ўдзел беларускай дыяспары ў міжнацыянальным свяце дружбы ў нальчынскім ліцэі № 2, які цяпер наведваюць вучні 25 нацыянальнасцяў. Там дэманстравалася і спецыяльная экспазіцыя, прысвечаная Беларусі.
А 12 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Павел Сідарук ужо як дэпутат Парламента КБР звярнуўся да чытачоў з артыкулам “Дзень яднання народаў”. Ён згадвае гісторыю супольнага свята, расказвае пра буйныя ўзаемакарысныя міждзяржаўныя праекты, бачыць лагічны працяг ідэй, напрацовак Саюзнай дзяржавы ў стварэнні Еўразійскага саюза.
Яшчэ адзін артыкул, пад назвай “Белоруссия родная и Россия дорогая” — пра даўняе сяброўства нашых народаў. Суполка “Сябры” праводзіла ў Нальчыку сустрэчу, прысвечаную Году гісторыі Расіі. У публікацыі згадваюцца нашы землякі: Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Зыгмунт Мінэйка, гаворыцца пра беларускія карані географа Мікалая Пржэвальскага, кампазітара Эдуарда Калманоўскага, зоркі Галівуда Майкла Дугласа, аўтара гімна ЗША Ірвіна Берліна (ён жыў у Магілёве). Прыводзіцца і шэраг іншых імён. Праўда, не абышлося ў тэксце без кур’ёзаў: прападобная Еўфрасіння Полацкая названа дачкой… “віцебскага князя Сімеона Полацкага”, Бенедыкт Дыбоўскі — Дубоўскім, Ян Чэрскі — “Черкесским”, але тое, пэўна ж, не па віне нашых землякоў. І яшчэ інфармацыя: беларускія партызанкі Ядвіга Папінеўская, Валянціна Карданава, Ганна Міхайлава і цяпер жывуць у Нальчыку, а ўсяго беларусаў у Кабардзіна-Балкарыі — 96 чалавек. Выклікае павагу, што падлік такі дакладны!
“Прыемна паведаміць чытачам, што газета “Кабардино-Балкарская правда” за цыкл матэрыялаў старшыні грамадскага руху “За яднанне — “Сябры” Паўла Сідарука, змешчаных у 2011 годзе, адзначана Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы” — чытаем ва ўрэзцы да наступнай публікацый. Аўтару вынесена ўдзячнасць за тое, што ён садзейнічае беларуска-расійскай інтэграцыі ў інфармацыйным асяродку. Нагадваецца: конкурс журналісцкіх работ “Беларусь—Расія. Крок у будучыню” праводзіцца з 2005 года. “Пішу для газеты ўжо некалькі гадоў, — расказаў Павел Сідарук. — Хацелася б, каб расійскія выданні былі дабрэй да людзей. Можна браць прыклад з беларускіх СМІ: у іх няма агрэсіі, крымінала і такой колькасці негатыву, як у расійскіх”. Узнагароды намінантам уручаліся ў Беларусі пад час памятных мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю падзей 1812 года на рацэ Беразіне.
Інтрыгуе загаловак яшчэ аднаго артыкула — “Аляксандр Лукашэнка: З задавальненнем прылячу на Каўказ”. Гэта ў газеце “Кабардино-Балкарская правда” Павел Сідарук (на здымку там і сам ён з беларускімі дзяўчатамі ў нацыянальных строях) дзеліцца ўражаннямі ад прэс-тура па Беларусі, у якім ён удзельнічаў. Госці з Расіі пабывалі ў Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Мінску, сустракаліся з многімі цікавымі людзьмі. “Што прываблівае ў Беларусі? — разважае ў публікацыі наш суайчыннік. — Мяккасць, прыязнасць, спакойнасць людзей. Здзіўляе адсутнасць пробак на дарогах, што вытлумачваецца той жа далікатнасцю людзей адзін да другога… Кідаецца ў вочы занятасць людзей, прадпрыемствы працуюць у дзве і тры змены. І не бачна вялікага разрыву паміж багатымі і беднымі: у большасці грамадзян ёсць іншамаркі прыкладна аднолькавага ўзроўню. Заслугоўвае павагі агульны ўзровень культуры людзей: ніхто не смеціць, не курыць у забароненых месцах, няма жабракоў і практычна няма бамжоў…” Кульмінацыяй паездкі стала сустрэча з Прэзідэнтам у Нацыянальнай бібліятэцы, на якой Павел Сідарук прапанаваў пашырыць стасункі людзей з братніх краін, смялей арганізоўваць туры беларусам на курорты Паўночнага Каўказа. Цяпер іх там рэдка сустрэнеш. Аўтар прыводзіць адказ Аляксандра Лукашэнкі: “Я ведаю, што ў вас ёсць такія курорты. Але вам трэба весці правільную прапаганду праз СМІ для людзей пра тое, што гэта не спрэс ваюючы Каўказ, а ёсць у вас месцы, абсалютна бяспечныя для адпачынку. Калі вы мне прапануеце наведаць вас са сваімі людзьмі дзеля такой рэкламы, я з задавальненнем прылячу”.
Што ж, і рэдакцыя газеты “Голас Радзімы” ў такім беларуска-каўказскім збліжэнні гатова паўдзельнічаць. Мы ўжо рыхтуем артыкул пра Сцяпана Саўчука, нашага земляка, былога музейнага работніка з Нальчыка, пра якога пісаў ужо і Павел Сідарук. А як жывецца там іншым беларусам? Хай напішуць нам самі.

Іван Іванаў

На здымку:
Павел Сідарук — вядомы чалавек у Нальчыку
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter