Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Развіваюцца кантакты паміж выкладчыкамі, студэнтамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ды іх калегамі ў Новасібірску, а таксама з Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры

Сябры не губляюць адзін аднаго

Штогод адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі, прычым свята сімвалізуе блізкасць нашу не толькі на гістарычным, але й культурным узроўні. Сталі традыцыяй сумесныя фэсты, сустрэчы дзеячаў мастацтва, культурныя абмены й гастролі творчых калектываў, канцэрты, правядзенне выстаў. І наш Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, як кажуць, даўно ў гэтай тэме. Сёлета мы з калегамі 2 красавіка паўдзельнічалі ў святочных імпрэзах у Новасібірскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, былі з намі саветнік Пасольства Беларусі ў Расіі, прадстаўнікі мэрыі Новасібірска, выкладчыкі ды кураўніцтва НДТУ.

Ганна Матвеева рада: яе ўнук Саша чытае вершы па-беларуску
Фота: валянціна панежа

Паміж нашымі ўніверсітэтамі, грамадскім таварыствам “Наследие” і Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры ўсталяваліся трывалыя сувязі. У канцы лістапада 2017-га мы прымалі калег з Новасібірска ў Магілёве. Тады ж падпісалі дакументы аб стварэнні Міжнароднага расійска-беларускага цэнтра міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі ды культуры. Адзін з напрамкаў дзейнасці Цэнтра — знаёміць грамадзян Беларусі, Расіі з гісторыяй, культурай, традыцыямі народаў, іх дасягненнямі ў галіне эканомікі, навукі, культуры й спорту. Мы разам распрацоўваем і рэалізуем праекты, скіраваныя на пашырэнне культуры беларускага й рускага народаў, на ўзаемадзеянне з грамадскімі суполкамі суайчыннікаў за мяжой ды іх падтрымку. 

Пра семінар “Культура беларускага маўлення”, праведзены ў Новасібірску, я пісала (“Спеўная, вобразная, родная” — ГР, 14.02.2018). Кантакты прадоўжыліся: 2 красавіка ў НДТУ я правяла чарговы семінар на тую ж тэму, але ў кантэксце славянскіх моў і славянскай культуры. Тэму вызначалі разам з кіраўніцай Цэнтра міжнародных праектаў і праграм Ганнай Гушчынай і дацэнтам кафедры філалогіі факультэта гуманітарнай адукацыі Святланай Русанавай. Дарэчы, сям’я Ганны Маратаўны мае дачыненне да Беларусі: дзед яе, генерал-маёр Сяргей Фауставіч Чэпураў, вызваляў Магілёўшчыну ад гітлераўцаў у верасні-кастрычніку 1943 года. Калега прызналася мне: да глыбіні душы кранута была тым, што на Магілёўшчыне памятаюць слаўнага генерала, свята ўшаноўваюць памяць пра яго. У семінары паўдзельнічалі студэнты 1 і 3 курсаў, якія вывучаюць славянскую філалогію. Яны з цікавасцю слухалі жывое гучанне нашай мовы, спрабавалі чытаць па-беларуску, выконвалі заданні. Былі здзіўлены, што літары Ў (нескладовае) пастаўлены помнік у старажытным Полацку. Вельмі ўразіла студэнтаў і легенда пра Машэку ды ўзнікненне Магілёва. Пасля знаёмства з найбольш цікавымі мясцінамі горада многім захацелася “павітацца” з астролагам-чараўніком, патрымаць яго за палец і загадаць запаветнае жаданне.

Вечарам у Палацы культуры НДТУ быў святочны канцэрт. Выступалі студэнцкія калектывы, а таксама народныя гурты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры: ансамблі беларускай песні “Свята” і “Завіруха”, узорны калектыў “Тэатр народнай песні “Вясёлка”, фальклорны ансамбль “Кумушкі” ды іншыя. Гучалі як рускія, так і беларускія народныя песні, вершы беларускіх паэтаў. Асабліва ўразіла мяне, з якім натхненнем студэнтка 4 курса НДТУ Тамара Абшылава прачытала верш Янкі Купалы “Малітва”. Прайшлі майстар-класы па саломапляценні, ганчарнай справе, выстава фатаграфій “Узоры дружбы”, прадстаўленая сацыяльна-культурным грамадскім аб’яднаннем “Наследие”.

Наступным днём былі заняткі па беларускай мове ў Доме нацыянальных культур імя Г. Завалокіна. Прыйшлі кіраўнікі творчых гуртоў Чулымскага раёна на чале з дырэктарам РДК г. Чулыма Алесяй Прылепскай. Гэта, нагадаю, быў другі ўжо семінар для прадстаўнікоў беларускіх суполак і мастацкіх гуртоў. Цікавасць да беларускай песні, культуры — вялікая. На семінары быў і магістрант НДТУ Леанід Янкевіч, у якога бабуля й дзядуля па лініі маці родам з Беларусі. Леанід нядрэнна валодае беларускай мовай: вывучае самастойна, спрабуе на ёй нават пісаць вершы, і адзін з іх прачытаў на семінары. Юнак прызнаўся, што Беларусь для яго — натхненне, частка яго самога, а зносіны на беларускай мове надаюць яму моцы. Адкуль, пытала я, такая любоў да мовы? Кажа, што ад бабулі, Бяляўскай Марыі Емяльянаўны, настаўніцы матэматыкі. Што ж, гэта цудоўна, калі моладзь прадаўжае традыцыі продкаў, цікавіцца гісторыяй, духоўнай спадчынай, якая ў беларусаў — велізарная.

4 красавіка прайшоў майстар-клас па беларускай мове ў Гарадскім міжнацыянальным цэнтры. Прыйшлі да нас вучні агульнаадукацыйных школ горада, супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры, іх знаёмыя й сябры. Разгадваць беларускія загадкі было цікава як дзецям, так і дарослым. Наперабой чыталі беларускія скорагаворкі. Невядомыя словы з маёй дапамогай адкрывалі свае таямніцы. Успамінамі пра Беларусь падзялілася Ганна Гур’еўна Матвеева, а яе ўнук Саша чытаў вершы на беларускай мове. Сэрца гэтай цудоўнай, сціплай жанчыны моцна спалучана з малой радзімай, таму й прывівае яна любоў, павагу да беларускай мовы ўнукам Алесі ды Сашу. Пасля семінара за круглым сталом новасібірцы дзяліліся ўспамінамі пра родныя мясціны, якія часта ім сняцца, да якіх парывае сэрца.

Перад семінарам прайшла фотавыстава “Беларусь: далёкая і блізкая”: былі прадстаўлены фотаздымкі старшай навуковай супрацоўніцы Інстытута філасофіі ды права Сібірскага аддзялення РАН (г. Новасібірск) Алены Ярохінай, зробленыя ў Мінску, Віцебску ды іх ваколіцах падчас камандзіроўкі. Алена Анатольеўна дзялілася ўражаннямі пра Беларусь, пра мясціны Мінска й Віцебска, якія змагла наведаць. “У кругавароце падзей, — падкрэсліла яна, — нязменнымі застаюцца толькі працавітасць і пачуццё гумару жыхароў гэтай цудоўнай краіны”.

Арганізатары й супрацоўнікі Цэнтра стварылі добрыя ўмовы для захавання й адраджэння мовы, культуры, традыцый народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Новасібірску. Падобныя сустрэчы, безумоўна, спрыяюць паразуменню паміж людзьмі, падвышаюць культуру міжнацыянальных зносін.

Валянціна Панежа, выкладчыца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, г. Магілёў

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter