На II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17-18 верасня ў Сочы, чакаецца падпісанне шэрагу ўзаемавыгадных кантрактаў і пагадненняў

Сяброўства прырастае рэгіёнамі

На II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17-18 верасня ў Сочы, чакаецца падпісанне шэрагу ўзаемавыгадных кантрактаў і пагадненняў

На прэс-канферэнцыі ў Мінску, якая праходзіла напярэдадні падзеі, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Русецкі паведаміў журналістам: у Сочы плануецца падпісаць кантракты на суму, якая складае больш за 100 мільёнаў долараў. Рыхтуецца да падпісання і шэраг узаемавыгадных пагадненняў. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі будуць падпісваць іх ад імя Урада з расійскімі рэгіёнамі, яшчэ ў планах і амаль 20 міжрэгіянальных пагадненняў. А кантрактаў, дарэчы, плануецца падпісаць каля сотні.

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да Форуму, расказалі таксама прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Міністэрства гандлю.

Тым часам нашы калегі з рэдакцыі старэйшага айчыннага часопіса “Belarus. Беларусь”, які выдаецца цяпер на беларускай, англійскай, іспанскай ды польскай мовах, падрыхтавалі да важнай падзеі спецвыпуск — на рускай мове. “Расійскія губернатары — частыя і жаданыя госці ў Беларусі. І да такіх візітаў заўсёды асаблівая цікавасць. Бо менавіта рэгіянальнае супрацоўніцтва рухае наперад Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі”, — чытаем у адным з тэкстаў. А ці ведеце вы, што цяпер беларускія тавары экспартуюцца амаль у 80 расійскіх рэгіёнаў? Вядучыя пазіцыі ва ўзаемавыгадным гандлі займаюць Цэнтральная, Уральская, Прыволжская і Паўночна-Заходняя федэральныя акругі. Найбольш плённае ўзаемадзеянне ў беларусаў — з Масквою, Санкт-Пецярбургам, Цюменьскай, Маскоўскай, Смаленскай, Арэнбургскай, Бранскай, Ніжагародскай, Калужскай абласцямі, а таксама з Рэспублікай Татарстан. Часопіс піша: аб’ём знешняга гандлю з гэтымі рэгіёнамі перавышае 70 працэнтаў беларуска-расійскага тавараабароту. Толькі гэтым, аднак, цеснае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж суседнімі краінамі не абмяжоўваецца: “У Беларусі створана амаль 3000 арганізацый з расійскімі інвестыцыямі. У Расіі працуе больш за 1000 арганізацый з беларускім капіталам”.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter