Сяброўства гарадоў дае свой плён

Шостая сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі прайшла ў Берліне
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектывы беларуска-германскага супрацоўніцтва і разгледзелі шэраг сумесных праектаў. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік старшыні Беларускай грамадскай арганізацыі “Пародненыя гарады”, мэр горада Баранавічы Віктар Дзічкоўскі.

Нямецкія калегі падзяліліся вопытам работы ў розных сферах і, у прыватнасці, пазнаёмілі гасцей з асаблівасцямі рэалізацыі праекта па рэканструкцыі гарадскіх будынкаў.

Варта адзначыць, што міжнародны рух параднення адзначае сёлета 50-гадовы юбілей. У былым Савецкім Саюзе першай партнёрскай парай сталі горад Сталінград і англійскі Ковентры. У 1944 годзе яны падпісалі дамову аб пабрацімстве для “развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту грамадзян”. Гэты рух падтрымала і Беларусь. Першыя дамовы аб парадненні падпісалі Мінск і Ноцінгем у 1966 годзе. Затым у рух уключыліся абласныя і раённыя цэнтры. Асноўнымі мэтамі пабрацімства сталі ўзаемадапамога і ўзаемападтрымка ў вырашэнні муніцыпальных праблем, абмен вопытам самакіравання, удасканаленне сістэмы камунальнай гаспадаркі, развіццё народнай дыпламатыі.

Напачатку параднення рух каардынаваўся Беларускім таварыствам сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. У 1995 годзе была створана Беларуская асацыяцыя пародненых гарадоў. Зараз яна з’яўляецца калектыўным удзельнікам Міжнароднай асацыяцыі “Пародненыя гарады” і ўдзельнікам Еўраазіяцкага рэгіянальнага аддзялення Сусветнай арганізацыі “Аб’яднаныя гарады і мясцовыя ўлады”.

Дзіяна Грышанава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter