У фестывалі народных танцаў у Даўгаўпілсе паказвалі майстэрства і артысты з беларускіх гуртоў

Сяброў сабраў вясёлы карагод

У фестывалі народных танцаў у Даўгаўпілсе паказвалі майстэрства і артысты з беларускіх гуртоў

У беларусаў ёсць цікавая показка: навучыся танцаваць, а ўсяму іншаму жыццё навучыць… Проста? Аднак, спасцігаючы танцавальнае майстэрства, мы актыўна, нефармальна далучаемся да шматвяковай народнай культуры. А заадно ў яе плыні асвойваем такія важныя рэчы, як пачуццё прасторы, локця, меры, а таксама рытму, прыгажосці, ды і сацыяльнай іерархіі — таксама.


Беларускія танцоры на фестывалі ў Даўгаўпілсе

Што ж адбывалася ў Даўгаўпілсе? Упершыню праходзіў фестываль народных танцаў “Sadancis”: у перакладзе з латышскай перапляс, карагод. А ладзіла карагод упраўленне культуры горада, праект падтрымалі Даўгаўпілская гардума і Латвійскі фонд культуры. Два дні наш гарадскі Палац культуры і спорту прымаў калектывы з Латвіі, Беларусі, Літвы. І гурт “Лянок” культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры прыгожа паўдзельнічаў у фестывалі. Нашы танцоры паказалі гледачам “Рэчаньку”, “Полечку-трасуху”, “Ручнік” і “Падэспань”. Пад час фэсту цікава праходзілі майстар-класы. Харэографы развучвалі з танцорамі латышскія, літоўскія, рускія і беларускія народныя танцы.

Пасля мы запрасілі ў госці віцебскі калектыў “Лявоніха”, якому  больш за 60 гадоў! Прывялі дарагіх супляменнікаў у “Беларускую хатку”: так часам называем Цэнтр беларускай культуры. Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра, зрабіла для гасцей невялікую экскурсію. Знаёміліся з танцорамі, пілі чай, гаварылі за жыццё. Удзельніца нашага гурта, Алена Кіча, частавала ўсіх смачным салатам: спецыяльна прыгатавала. Вельмі хутка прабег час. Нам цікава было слухаць аповеды супляменнікаў пра жыццё на Бацькаўшчыне.

На заключным канцэрце гледачы атрымлівалі асалоду ад майстэрства, прыгажосці ды энергіі ўдзельнікаў гурта “Лявоніха”. Усім фэстаўцам былі ўручаны значкі фестывалю і дыпломы.

Усім, хто не стамляецца танцаваць народныя танцы, хачу сказаць: вялікі дзякуй за шчырыя эмоцыі ды самааддачу, за любоў да творчасці і роднай культуры. А мы, беларусы Даўгаўпілса, спадзяемся: фестываль будзе мець добры працяг. Калі ў каго з актывістаў беларускіх суполак замежжа з’явіцца  жаданне ў ім паўдзельнічаць — то давайце адладжваць кантакты: арганізатары абяцалі ўлічыць нашы заўвагі, прапановы. Так што — да новых танцавальных сустрэч!

Вера Сухарава, сяброўка таварыства “Уздым”, удзельніца гурта “Лянок”

Голас Радзімы № 9 (3465), чацвер, 17 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter