Сяброў не забываем

Не заўважаць поспехаў сваiх калег i аднадумцаў — не ў правiлах «рэспублiканцаў»...

Новымi веснавымi клопатамi жывуць у гэтыя днi не толькi журналiсты «Рэспублiкi», але i, у прыватнасцi, нашы даўнiя партнёры i сябры — паштавiкi.

Пастаянная iх увага — падтрыманню i папаўненню тыражоў выпiсвае­мых перыядычных выданняў, што, па словах дырэктара Гомельскага фiлiяла РУП «Белпошта» Галiны Цярэшчанка, апроч iншага з’яўляецца адной з крынiц даходаў калектываў сувязiстаў. Мiж тым дбаць пра новыя здабыткi без арыенцiраў на раней дасягнутыя работнiкам пошты (як, дарэчы, i газетчыкам!) не прыстала. Яны ж, арыенцiры, у паштавiкоў Гомельшчыны даволi сур’ёзныя. Добрым плёнам абярнулiся сумесныя намаганнi падчас правядзення падпiсной кампанii супрацоўнiкаў «Рэспублiкi», сувязiстаў, кiраўнiкоў, iдэалагiчных работнiкаў органаў улады рэгiёна напрыканцы мiнулага года. Iх вынiк — амаль 14-працэнтны прырост коль­касцi падпiсчыкаў урадавай газеты ў пачатку 2010-га. Асаблiва парадавалi гамяльчане: дадаткова 1200 экземпляраў «Рэспублiкi» ў параўнаннi з папярэднiм перыядам сёння дастаўляюць паштавiкi ў кватэры, службовыя кабiнеты i офiсы новых сяброў газеты. Якiя, вобразна кажучы, рублём прагаласавалi за змест i дызайн менавiта нашага выдання. Iстотную прыбаўку тыражу «Рэспублiкi» забяспечылi мазыране — першымi ў вобласцi яны «скарылi планку» мiнулагодняга ўзроўню. Прыкметна папоўнiлася кагорта падпiсчыкаў у Гомельскiм, Кармянскiм, Ельскiм, iншых раёнах. Шчыры дзякуй за такi, мяркуем, правiльны выбар. Што ж да паштовых работнiкаў вобласцi, то ў iх ёсць асаблiвая падстава для гонару. Па вынiках падпiскi на «Р» у рэспублiцы яны сталi ўладальнiкамi пальмы першынства, абышоўшы ў гэтым «марафоне» калег-гродзенцаў, якiм некалькi год запар даставалiся галоўныя ўзнагароды конкурсу.

Не заўважаць поспехаў сваiх калег i аднадумцаў — не ў правiлах «рэспублiканцаў». Таму з задавальненнем спяшалiся на сустрэчу з тымi, хто найбольш вылучыўся сваiм шчыраваннем ў падпiсцы на ўрадавае выданне. Зразумела ж, прывезлi, каб уручыць пераможцам, конкурсныя ўзнагароды.

— Нам прыемна, што ўрадавая газета ў нашым рэгiёне — адна з найбольш выпiсваемых, — падкрэслi­ла, атрымлiваючы з рук намеснiка галоўнага рэдактара «Рэспублiкi» Маi Шэндрык i ўласнага карэспандэнта газеты па Гомельскай вобласцi Мiкалая Ждановiча галоўны прыз конкурсу — шматфункцыянальны комплекс (уключае сканер, прынтэр i капiравальны апарат), дырэктар Гомельскага фiлiяла РУП «Белпошта» Галiна Цярэшчанка. — Гэта не выпадкова: на яе старонках могуць знайсцi шмат карыснага i цiкавага пенсiянеры, моладзь, работнiкi розных галiн вытворчасцi i сацыяльнай сферы. Адзначу шчыра i iншае: без разумення важнасцi такой справы, як падпiска на вядучыя выданнi, з боку работнiкаў выканаўчай улады, цеснага супрацоўнiцтва з прадстаў­нiкамi рэдакцый на месцах, атрымаць такi вынiк паштовым работнiкам было б складана. Спадзяюся, што дасягнутыя паказчыкi, у прыватнасцi, у падпiсцы на «Рэспублiку», захаваем i ў наступныя падпiсныя перыяды...

Пра адчувальную падтрымку ў час падпiсной кампанii з боку перспектыўнага маладога кiраўнiка Гомельскага райвыканкама Аляксандра Сiтнiцы, работнiкаў гэтага органа выканаўчай улады распавёў падчас нашай сустрэчы i начальнiк раённага вузла паштовай сувязi Васiль Шпiлько. Некалькi год таму РВПС, па словах начальнiка, ужо выходзiў пераможцам у падпiсцы на «Р», але атрыманы i ў гэты раз прыз — тэлевi­зар, спадзяемся, таксама не будзе лiшнiм у гаспадарцы паштавiкоў.

Бадай пра кожнага з пераможцаў конкурсу «Рэспублiкi», гэтых адданых сваёй справе людзей, можна расказаць нямала. З 1975 года працуе ў паштовым аддзяленнi № 4, што на станцыi Мазыр, Тамара Бабына. Два гады таму Тамара Уладзiмiраўна, дарэчы, узнагароджаная нядаўна медалём «Ветэран працы», узначалiла калектыў аддзялення, дзе працуе 6 паштальёнаў. Гэта перамена станоўча адбiлася на тыражах газет, колькасць чытачоў «Р» у абслугоўваемым сектары, у прыватнасцi, сёлета, прырасла больш як на 150 працэнтаў. Уручаны ад «Рэспублiкi» прыз — насценны гадзiннiк, размесцiцца, па словах Тамары Уладзiмiраўны, у аперацыйнай зале пошты.

Калега мазыранкi Таццяна Варачкова аддала працы паштальёна больш за 10 год.

— Аб тым, як працуе гэты работнiк цэнтральнага паштовага аддзялення № 3 горада Рагачова, яскрава сведчыць такi факт: на раённым злёце перадавiкоў, што адбыўся ў лютым, Таццяну Мiкалаеўну ўшаноўвалi як лепшую па прафесii, — адзначыла супрацоўнiкам «Р» начальнiк Рагачоўскага райвузла паштовай сувязi Святлана Зайцава.

Адзначыла прыкметнае старанне Таццяны Варачковай у падпiсцы на ўрадавае выданне i рэдакцыя: ёй уручаны электрачайнiк.

Тое, што каштоўныя прызы знайшлi сваiх уладальнiкаў менавiта напярэдаднi Дня жанчын, лiчым сiмвалiчным. Не толькi таму, што ў сваю рашаючую фазу зараз уступае падпiска на газеты i часопiсы на другi квартал 2010-га. А, перш за ўсё таму, што калектывы, дзе працуюць пераможцы, пераважна жаночыя. А значыць, словы падзякi за супрацоў­нiцтва i цёплыя пажаданнi паштавiкам ад «рэспублiканцаў» прыйшлiся да часу i месца. Сяброў не забываем...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter