Сябра маладосці.

Хто шукае: Міхаіл Пятровіч Комар, в. Вулька, Лунінецкі раён.
Каго шукае: Ніну Мікалаеўну Юркевіч.
“У 1955 годзе мяне прызвалі ва ўзброеныя сілы, дзе я праслужыў тры гады і тры месяцы, — распавядае Міхаіл Пятровіч. — У 1957 годзе ў калгасе “Камінтэрн” на ўборцы кукурузы пазнаёміўся з Нінай Мікалаеўнай Юркевіч, 1937 года нараджэння. Тады яна жыла ў вёсцы Дзераўная Столінскага раёна. Я ўпершыню закахаўся. З Нінай мы сустракаліся і перапісваліся на працягу года, а можа, крыху больш. Калі я ад’язджаў у сваю вайсковую часць, яна вельмі хацела правесці мяне і прыбегла на станцыю Гарынь. Калі бегла, нават парэзала правую нагу. Ніна вельмі прасіла, каб я забраў яе ў часць на работу. Але ў той час у мяне нічога не атрымалася. Калі ж я вярнуўся з арміі, то яна завербавалася і некуды з’ехала. З таго часу сувязь з Нінай перарвалася. Напісаў шмат пісьмаў, назад яны не вярнуліся і адказу не было. Хочацца праз паўстагоддзя знайсці Ніну Мікалаеўну і даведацца, як склаўся яе лёс. Веру, што яна адгукнецца.”

Хто шукае: Уладзімір Антонавіч Корзан, Шаркаўшчынскі раён.
Каго шукае: аднакурснікаў.
“Дапамажыце, калі ласка, знайсці выпускнікоў 17-й групы  вучылішча № 192 горада Мсціслаўля Магілёўскай вобласці 1970 года выпуску, — звяртаецца Уладзімір Антонавіч. — Яшчэ хачу, каб адгукнуліся выпускнікі 1967 года выпуску Бачэйкаўскай школы-інтэрната, што ў Бешанковіцкім раёне на Віцебшчыне. Буду рады кожнаму вашаму пісьму і званочку”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter