Сябра маладосці.

Хто шукае: Праскоўя Іванаўна, Рэчыцкі раён.
Каго шукае: Івана Сцяпанавіча Лузава.
“Дапамажыце, калі ласка, знайсці сябра маладосці Івана Сцяпанавіча  Лузава, прыкладна 1937—1938 года нараджэння, раней ён жыў у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці, — піша Праскоўя Іванаўна. — Мы сябравалі, а потым я выйшла замуж за яго стрыечнага брата Уладзіміра. Не здраджвала Івану, ён сам вінаваты ў тым, што мы рассталіся, але я не думаю пра яго кепска. Калі Іван вярнуўся з арміі, паехаў у іншы горад. Аднойчы прыязджаў у вёску да маці, і мы сустрэліся на танцах. Размаўлялі. Іван сказаў, што жыве ў горадзе Карагандзе. Ішоў час, і я забыла пра наша цяжкае расстанне. Але вось Іван пачаў мне зноў сніцца. Ажылі ўспаміны. Жыву адна. З мужам даўно разышліся. Ён паехаў на цаліну, у Кустанайскую вобласць, а мне давялося зведаць шмат гора. Іван! У снах ты нагадаў мне пра нашы сустрэчы”.

Хто шукае: Святлана Аляксандраўна Гаўрылава, Віцебск.
Каго шукае: Пятра Цярэнцьевіча Філіпава.
“Шукаю Пятра Цярэнцьевіча Філіпава, — піша Святлана Аляксандраўна. — Мы разам вучыліся ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Пятра па размеркаванні накіравалі ў Браслаўскі раён, ён адтуль родам. А мяне — у Гарадоцкі. Сама я з Віцебшчыны. Пётр на другім курсе прапаноўваў мне выйсці за яго замуж. Тады мне было 16 гадоў, а яму —18. Хацелася скончыць тэхнікум, уладкавацца на добрую працу. На тым і разышліся. Праз некаторы час я выйшла замуж за іншага. Нарадзілася дачка. Але першае сваё каханне не забывала. Зрабіла запыты ў Браслаў. Адтуль паведамілі, што Пётр Цярэнцьевіч Філіпаў выехаў у Латвію. На гэтым пошукі спыніліся. Вельмі хачу даведацца пра лёс Пятра”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter