Сябра маладосці.

Хто шукае: Любоў Паўлаўна Арцюхова (Маслоўская), Івацэвіцкі раён.
Каго шукае: Юрыя Паўлавіча Рудэнку.
“Шукаю чалавека са сваёй маладосці, якога незаслужана пакрыўдзіла, але не забыла дагэтуль, — піша Любоў Паўлаўна. — Завуць яго Юрый Паўлавіч Рудэнка. У 1954—1955 гадах я працавала тэлефаністкай на пошце, якая  абслугоўвала воінскія часці. Юрый быў афіцэрам, служыў у Брэсце. У наш раён прыязджаў па службовых справах. Тады мы і пазнаёміліся. Але, як кажуць, дарогі нашы разышліся. Буду вельмі рада, калі дапаможаце даведацца пра лёс Юрыя Паўлавіча Рудэнкі, родам ён з Алма-Аты”.

Хто шукае: Марыя Кірылаўна Шаўцова, Бабруйск.
Каго шукае: Васіля Зінкевіча.
“У 1960 годзе я ездзіла на заробкі, працавала ў пасёлку Кірпічны завод, што ля станцыі Летняя ў Петразаводскай вобласці. Там быў малады хлопец Васіль, прозвішча, здаецца, Зінкевіч. Ён казаў, што родам з Ленінграда, — піша Марыя Кірылаўна. — Васіль быў прадаўцом у краме, і там здарылася растрата. Хлопец адбываў пакаранне на вольным пасяленні. Ён быў спакойны, сімпатычны. Вельмі хацеў, каб я выйшла за яго замуж. Але мяне нешта стрымлівала, і я адмовіла, потым, праўда, вельмі шкадавала і шкадую дагэтуль. Думала, паеду і ўсё забуду. Але дзе там! Прыехала ў Бабруйск і не магу забыць сябра. Ён па начах мне сніцца. Вельмі хачу даведацца пра яго здароўе, лёс. Мару, каб Васечка адгукнуўся. Ён на мяне, напэўна, пакрыўдзіўся. Папрашу ў яго прабачэння”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter