Монах Иоанн Бембель пришел в Жировичский монастырь умирать, но исцелился и живет здесь четверть века

Святыя запаветы манаха

Да міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску выйшла слаўная кніжыца манаха Іаана Бембеля. Называецца «Святло з Жыровіц», аўтар у ёй выступае пад псеўданімам Зніч і вершамі адказвае на многія злабадзённыя пытанні, якія турбуюць нашу душу і цела. Сваім пісьменнікам, манахам з няпростым, але цікавым і паказальным лёсам, насельнікі Жыровіцкага манастыра называюць брата не па крыві, але па духу — Алега БЕМБЕЛЯ, які атрымаў пострыг пад іменем Іаан. Чвэрць стагоддзя ён выконвае сваю місію ў святыні, у 56 гадоў прыйшоў сюды літаральна паміраць, бо моцна пакутаваў ад прабадной язвы, перанёс аперацыю…


— Дактары, як людзі ветлівыя, прама не гаварылі, але па выразах іх твараў і інтанацыях адчувалася: больш нічым не дапамогуць. Гэта быў 1996 год. Па парадзе сябра, які служыў у Жыровіцкай семінарыі, я прыехаў на святую зямлю, памаліўся. Нібыта анёл падвёў мяне да старца, які параіў трымацца манастыра. Такім чынам мой лёс імгненна перамяніўся, але не скажу, што хвароба адразу адступіла.

НАПАЧАТКУ айцу Іаану пагоршала, стагнаў у келлі так, што не даваў заснуць другім братам. Высах бадай да шкілета і скуры, рыхтаваўся ў іншы свет. Дарэчы, ёсць перакананне, што памерці ў манастыры — найвялікшы Божы дар. Гэта манаха і супакойвала. На Вадохрышча праз паўгода ледзь даплёўся да крынічкі і прамовіў: «Гасподзь, хочаш, вазьмі мяне да сябе, а хочаш — пакінь па­служыць Табе». 

— Браты ранкам прызналіся, што наступнай пасля Вадо­хрышча ноччу я ўпершыню не стагнаў, — успамінае айцец Іаан. — Чвэрць веку жыву пры манастыры і выдаю «Жыровіцкі лісток» — мясцовую газету. Гэта і ёсць маё служэнне. Такім чынам вяду гутарку з людзьмі, бо лісток распаўсюджваецца ў саборы і яго бяруць сабе многія прыхаджане.

— Людское жыццё ў вас таксама было цікавым. Вучыліся на інжынера, закахаліся ў парашутыстку, маеце сям’ю і чатырох дачок…

— Так, пабываў па абодва бакі манастырскага мура. І гэтыя жыцці зусім розныя: па той бок нібыта сон, а па гэты — Царства Нябеснае, кавалачкі раю на зямлі. Недухоўным здаецца, што манастыр — гэта добраахвотнае пазбаўленне волі: ні шынкоў, ні гульбішчаў, маліся ды выконвай паслушэнствы. Некаторыя мае сябры так і жартуюць: маўляў, адбыў максімальны тэрмін пазбаўлення волі — чвэрць стагоддзя. Насамрэч тут адчуваеш сябе заспакоена і шчасліва, гэта сапраўдная лячэбніца для душы.

Алег Бембель змалку су­дакранаўся з духоўнасцю. Адразу пасля Вялікай Айчыннай, калі хлапчуку было ўсяго пяць гадкоў, старэйшая матуліна сястра, цётка Настасся з-пад Ленінграда, прыехала з сынам у Мінск. Яе муж, афіцэр, загінуў на вайне, старэйшы сын падарваўся на міне, а дом разбамбілі. Цётка з дарэвалюцыйных часоў была верніцай, паспытала тры гады ГУЛАГа ў Архангельскай губерні за тое, што разам з іншай моладдзю збіралася ў Піцерскім рэлігійна-філасофскім гуртку.

— Яна многаму мяне навучыла. Сама адкрыта хадзіла ў храм, выкладала тэорыю фізічнага выхавання ў інстытуце фізкультуры. Яркая асоба, любіў з ёй размаўляць, а 17-гадовым юнаком спытаў: які раман прачытаць, каб ён адказаў мне на самыя патаемныя пытанні. Цётка параіла «Браты Карамазавы» Дастаеўскага. Як і казала, некалькі дзясяткаў старонак адольваў з натугай, а потым не мог адарвацца, перамяшаліся дні і ночы. І ў легендзе вялікага інквізітара мне адкрылася тайна Хрыста. Гэта быў паваротны пункт, які вызначыў усё маё далейшае жыццё. Няўрымслівая і гарачая душа змагалася супраць бязбожнай, звар’яцелай грамады, мусіла прапаведаваць ісціну. Дастаткова атрымаў сур’ёзных пстрычак. Каб здароўе, бунтаваў бы і далей, але Гасподзь мяне змірыў, вярнуў блуднага сына ў бацькоўскі дом, даўшы мажлівасць выпраўляць грамаду іншым спосабам.


У МАНАСТЫРЫ, па мерка­ванні айца Іаана, вышэйшая мера свабоды, творчасці, натхнення і кантакту з людзьмі. Штодзень манах вядзе гутаркі з прыхаджанамі, якія без усялякіх пытанняў расказваюць пра набалелае. Раскрываецца мноства чалавечых сэрцаў, а айцец Іаан, як сапраўдны паэт, самыя яркія аповеды зарыфмоўвае.

— Мне нават не прыходзіцца некуды ездзіць на інтэрв’ю. Фактычна мае вершы — прамова пэўнага лірычнага героя. У антычныя часы музыка, паэзія і рыторыка лічыліся першаснымі ў выхаванні свабодных людзей, таму напісанне багаслоўска-філасофскіх трактатаў у вершах тады было нормай. Можна сказаць, адраджаю традыцыю, выкладаючы на паперу голас народа.

— Пісьменнік, музыка, інжынер — што больш ваша? І ці не памыліліся, калі, пачаўшы музіцыраваць, прынялі гэта блізка да сэрца, кінулі вучобу на інжынера, паступілі ў кансерваторыю і заняліся творчасцю?

— Часта карыстаемся паняццем цнатлівасці, але разумеем яго фрагментарна, насамрэч гэта поўнае ўсведамленне мудрасці. А музыка, паводле Шапенгаўэра, цэласная прамая мова Бога, якая, дарэчы, можа быць і прамой мовай д’ябла. Таксама і я імкнуўся да царкоўных і класічных напеваў, хацеў стварыць падобны твор услед за Скрабіным — трыадзінства музыкі, колераў і слова. Але Гасподзь мяне змірыў, і, калі я паступаў у кансерваторыю, перайграў правую руку. Гэта тое самае, што для спевака сарваць голас — млела мышца ад кісці да локця, таму адмовіўся ад сваёй задумы, музыка стала захапленнем. Значыць, яе зробяць іншыя, а ўсе мае высілкі пайшлі ў слова. Што атрымалася, судзіць чытачам.

У айца Іаана выдадзена, як ён сам называе, жменька кніг. Першая з іх у 1985 годзе — «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс», дзве другія вершаваныя выйшлі ў Беластоку і Нью-Ёрку. Склаў нават фантастычную трагікамедыю ў дзвюх дзеях «Пір на восьмым небе, альбо Ленская шляхта» пад псеўданімам Лег Пухір. Справа ў тым, што Бембель у слоўніку паўночна-заходніх гаворак азначае «бурбалка», альбо «пухір». Гэткі нік і дагэтуль ніхто не расшыфраваў, а п’еса надрукавана ў 1999 годзе ў беластоцкім часопісе «Тэрмапілы», які можна пагартаць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пра тое — як на восьмым небе сабраліся інтэлектуальныя браты і сёстры абмеркаваць глабальныя праблемы.

— А як ваша сям’я паставілася да намеру пайсці ў манастыр?

— Старэйшая дачка Таццяна падумала, што ў бацькі чарговае паэтычнае захапленне. Аднак праз паўгода пераканалася, што гэта сапраўднае каханне. Так мінула 25 гадоў. Тры мае дачкі гадуюць шасцярых унукаў, а адна служыць у Жыровічах, выкладае ў семінарыі, рэгент хору.

— Цяпер сябе добра адчуваеце?

— Добра, аднак калі па чалавекаўгоддзі забываў, для чаго мне вернута здароўе, то трапляў у рэанімацыю. Вяртаўся да жыцця рукамі зямных памочнікаў Госпада. Хірург Сяргей Окунеў зрабіў мне аперацыю ў сталыя гады — рызыкнуў, ведаючы, што па зямных мерках не павінна атрымацца, але ўдалося. Для мяне гэта добрая навука і сур’ёзны напамін.

— Айцец Іаан, як думаеце: каб увайсці ў Царства Нябеснае, ці абавязкова пасціцца, спавядацца альбо куды важней трымацца звычайных чалавечых ісцін?

— Гісторыя ведае геніяльных самародкаў, якія праз пень-калоду вучыліся і рабілі геніяльныя адкрыцці. Тым не менш гэта выключэнні. Са шляхамі да зямной адукацыі можна параўнаць школу ўзыходжання ў Царства Нябеснае. Рэдкія выбраннікі спасцігаюць Божую навуку без храма і адпаведных канонаў. Разам з тым ведаем прыклады Марыі Егіпецкай, якая з блудніцы стала найвялікшай святой; апостала Паўла — лютага ганіцеля хрысціян, вельмі адукаванага іўдзея, якому Гасподзь адкрыў свае тайны. Царква — вялікая школа для недухоўных, якія адораны і не падрыхтаваны да таямнічасці. У сэрцы носім рай і пекла, жывём для таго, каб вымасціць правільную дарогу, між тым чамусьці заклапочаны сваёй вонкавай абалонкай.


Юнаму беларусу

Каб племя наша лёс свой не згубіла, 

Каб не аддаць чужынцам родны край,

Віно, свабоду, родавую сілу

Па запаведзях мудра карыстай.

Юнай беларусачцы

Не адтуляйся ад родных палеткаў,

Абыдуцца землі чужыя без нас.

Будзь класнай настаўніцай сваім дзеткам,

Хай Бог табе дасць іх аж цэлы клас.


basikirskaya@sb.by

Фота Слонімскай газеты  і з сацыяльных сетак

 

   
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter