Святочная талака. Братчына. Так звычайна называлі вясковую абшчыну, якая мела права рэгуляваць адносіны аднавяскоўцаў.

Паўсюдна братчынай звалі вясковыя святы, якія наладжваліся на працягу года. Таксама братчынай звалі жбан і напой у ім. Ёсць звесткі пра тое, што братчыны з’явіліся яшчэ ў дахрысціянскія часы (знаходкі “свечнай” братчыны каля Ноўгарада датуюцца Х ст.). Пазней братчыны наладжвалі ў дні вялікіх храмавых святаў у гонар падзей Праваслаўнай царквы. Напрыклад, Мікольшчына, Міхайлаўшчына, Кузьмінкі, Пакроўшчына і г. д.

  • У дзень святкавання братчыны аднавяскоўцы ставілі ў царкве вялікую свечку, грошы на якую збіралі “мірам” (“агулам”), і служылі набажэнства аб пасланні на іх дабрабыту.
  • Да братчыны, падчас якой абавязковай была рытуальная трапеза ўсіх членаў абшчыны, спецыяльна вырошчвалі і забівалі жывёлу (быка, вала, парсюка, барана). Мяса варылі ў вялікім посудзе, пасля чаго абавязкова дзялілі на дзве часткі: адну частку ахвяравалі царкве, другую — дзялілі па колькасці сем’яў у вёсцы. Таксама на братчыну варылі піва, медавуху, пяклі велізарныя караваі, напрыклад, на Іллю — у гонар заканчэння жніва.
  • На вызначаным месцы ў вёсцы накрывалі вялікі, доўгі стол, ставілі на яго ўсе прадукты, якія прыносіла кожная сям’я. Абавязковае правіла братчыны — складчына (ссыпка, міршчына, агульшчына).
  • На братчыну абіраўся стараста, які кіраваў падрыхтоўкай і самім святам.
  • Перш чым распачаць трапезу, у вёсцы праходзіла так званая “мірская сходка”, на якой вырашаліся спрэчкі паміж вяскоўцамі, сваркі ў сем’ях, іншыя праблемы прыватнага кшталту. Справы заўсёды вырашаліся мірна, па-сяброўску. Пасля сходкі-прымірэння прапаноўваліся ўзаемныя пачастункі, якія пераходзілі быццам бы ў асобнае свята, на якім кіравалі сяброўства, мір і братэрства паміж аднавяскоўцамі.
  • У гарадах і вёсках Гомельскай і Магілёўскай абласцей існавалі так званыя “свечачныя” братчыны. Да свята ўся вёска збірала воск. Пасля гэтага члены братчыны выраблялі вялікую свечку, часам больш за 30 кілаграмаў, вызначалі чаргу, каму і за кім прымаць “мірскую”, “брацкую” ці “запаветную” свечку ў сваю хату. Часам такім свечкам давалі назву ў гонар таго свята, калі яна была зроблена, — Васільеўская, Мікольская, Юраўская і г.д.
  • Дзень, калі запальвалі “мірскую” свечку, звалі Святам свечкі. Раніцай свечку ставілі ў хаце ў чырвоным куце, маліліся, затым накрывалі ў той жа хаце стол, на які кожны павінен быў прыйсці са сваімі стравамі і пачастункамі. Калі-нікалі да брацкай свечкі неслі грошы, якія потым ахвяравалі храму.
  • Пасля працяглага застолля свечку з песнямі пераносілі ў тую хату, дзе яе будуць запальваць на наступнае свята. Для вяскоўцаў гэта было вельмі пачэсна. Акрамя таго, што прыносілі аднавяскоўцы, гаспадары таксама імкнуліся прыгатаваць як мага больш прысмакаў, гадавалі да гэтага дня парсюка ці бычка, каб прыгатаваць яго на братчыне для гасцей.
  • Чарга пераносу свечкі магла змяняцца, калі ў якой-небудзь сям’і адбывалася няшчасце. У такім выпадку яе неслі ў тую сям’ю. Лічылася, што яе прысутнасць адвядзе бяду ад гэтай хаты, прынясе поспех, мір і спакой, палепшыць дабрабыт.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter