Святло ў родных вокнах

Адсвяткавала юбілей Бірутэ Куцкайтэ
Адсвяткавала юбілей Бірутэ Куцкайтэ.

Партрэт бабулі Разаліі. 2005 г.Літоўскую мастачку Бірутэ Куцкайтэ з рэдакцыяй газеты “Голас Радзімы” звязвае даўняя дружба. Мы пісалі пра яе выставы, якія ладзіліся ў Мінску і на радзіме — у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, пра пленэр памяці жывапісца Льва Дабжынскага, у якім яна творча ўдзельнічала (засталася выява капліцы ў Лошы). Пасля ўсяго гэтага ў маім пакоі з’явіўся арыгінальны нацюрморт, дзе побач з букетам кветак уссядае на кнігах сімпатычны коцік з дапытлівымі вачыма. А ў канцы мінулага года прыйшла з Вільнюса просьба: рыхтуецца юбілейны альбом, пажаданы “зямляцкі” артыкул (мы нарадзіліся і выраслі ў блізкім беларуска-літоўскім суседстве).

І вось нядаўна ў рэдакцыю перадалі свежанькую літоўскую кнігу пад назвай “Гервяцкі край у жывапісе Бірутэ Куцкайтэ”. Мушу патлумачыць чытачам, што “Гервяцкі край” — гэта ўжо традыцыйная і напаўафіцыйная назва ўсходняй часткі Астравецкага раёна, дзе вакол мястэчка (цяпер аграгарадка) Гервяты даўным-даўно размясціліся каля дваццаці літоўскіх вёсак. І сярод іх — Кністушкі, дзе стаіць родная хата мастачкі. Там, над берагам Ашмянкі, яна і нарадзілася семдзесят гадоў назад. Туды, да бабулі Разаліі, прыязджала на канікулы. І першыя малюнкі зрабіла ў дзяцінстве, каб утрываліць на паперы старую кністушскую хату — яе вокны і дзверы, яе ложак з грудай падушак, тканыя ды вышываныя рушнікі, а найперш яе насельнікаў, людзей і звяроў, якія не скупіліся на пяшчоту да дзяўчынкі.

Глядзець на прыгожае, пераствараць яго алоўкам, а потым пэндз-лем вучыў Бірутэ бацька, разьбяр па дрэву Уладас Куцка. Дарэчы, яго працы дэманстраваліся на выставах у даваеннай Вільні і пасляваеннай Маскве. У 30-х гадах ён вёў на радзіме напаўлегальную культурна-асветніцкую работу, за што быў арыштаваны прама ў гервяцкім касцёле падчас імшы, пасаджаны ў турму. Свой патрыятызм ён перадаў дочкам — старэйшай Бірутэ і малодшай Ніёле, якая стала вядомай балерынай.

Перададзены альбом (да яго былі далучаны чатыры карціны-мініяцюры, прысвечаныя вокнам бабулінай хаты ў веснавую, летнюю, асеннюю і зімовую пару) пачынаецца з трохмоўнай — літоўскай, беларускай і англійскай — прадмовы Марыі Куодзене. Свой аповед яна пачынае з радкоў: “Бірутэ Куцкайтэ — народная мастачка, якая ўсю сваю творчасць прысвяціла роднаму Гервяцкаму краю (Астравецкі раён, Беларусь). Літоўцы, спрадвечныя жыхары гэтай зямлі, да сёння захавалі сваю мову і самабытнасць. У творах мастачкі — родная вёска, яе наваколле, землякі, бытавыя сцэны, кветкі, жывёлы. Уся прырода тут дыхае паэтычным настроем, людзі высакародныя, свет вёскі гарманічны. Створаны мастачкай вобраз рэчаіснасці адлюстроўвае яе мастацкія ідэалы”. Далей расказваецца пра жыццёвы і творчы шлях Бірутэ Куцкайтэ, папулярнасць яе твораў (іх каля дзвюх тысяч). Некалькі дзесяткаў з іх захоўваюцца ў Музеі мастацтва Літвы, многія закуплены ў самыя розныя краіны.

У артыкуле “Лятаючы кот” вяртаецца на Радзіму” рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна Рыбік апавядае пра багатыя кантакты мастачкі з Гервяцкім краем.

А далей ідзе асноўнае — каляровыя рэпрадукцыі твораў. Буянне яскравых фарбаў. Простасць і дакладнасць ліній. Прывабліваюць увагу малюнкі віленскіх святыняў — Вострай брамы з яе абразам Маці Божай, гатычнага касцёла святой Ганны, які ўзводзіўся рукамі гервяцкіх сялян, што належалі Віленскаму біскупству. А побач такі ж сакральны характар набываюць кністушскія хаты. Каля адной з іх стаіць з мальвамі бабуля Разалія (а каля яе — абавязковы, але заўсёды адрозны, “індывідуалізаваны” кот). Сядзіць на лавачцы селянін Ёнас Кармаза. Ляціць у небе бусел. Іграе на скрыпачцы анёл. Цвітуць кветкі, спеюць яблыкі… Усюды — свята, радасць, супакой. Усё нібы просьценька і нібы нават прымітыўна. Але гэта не спрошчанасць. Гэта мастацкае абагульненне, заснаванае на народным поглядзе на свет.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter