Католики готовятся отметить Рождество Христово

Святло надзеі

Сёння вечарам вернікі збяруцца сем’ямі на ўрачыстай вігіліі, а ноччу ў касцёлах пройдуць святочныя набажэнствы. Пандэмія ўносіць свае карэктывы ў шматгадовыя традыцыі. Аднак нязменным застаецца адно — радасць ад нара­джэння Божага Сына.


Адсвяткаваўшы вясной Вялікдзень у сціплым фармаце, вернікі суцяшалі сябе: «Нічога, Божае Нара­джэнне адзначым як трэба». Аднак пандэмія не думае саступаць. І гэту вялікую хрысціянскую ўрачыстаць многія будуць вымушаны адзначаць не ў храме, а каля манітораў камп’ютараў або экранаў тэлевізараў. На шчасце, дзякуючы новым тэхналогіям сёння ёсць магчымасць далучыцца да святкавання віртуальна. Па традыцыі прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Божае Нараджэнне правядзе Белтэлерадыёкампанія. Сёлета яно будзе весціся з магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Пачатак трансляцыі сёння ў 21:45 на «Беларусь 1». А ў 23:45 на гэтым жа канале пакажуць святочную службу з Ватыкана з удзелам Папы Францыска.

Адчуюць змены і тыя, хто вырашыць наведаць храмы ў святочныя дні. У сувязі з пандэміяй у многіх парафіях прыняты спецыяльныя распараджэнні адносна святкавання Божага Нараджэння. Так, з мэтай пазбегнуць заражэнняў і абмежаваць распаўсюджванне віруснай інфекцыі рэкамендавана ўсталяваць традыцыйныя батлейкі-яслі ў касцёлах або побач з імі такім чынам, каб выключыць магчымасць утварэння каля іх натоўпу. Адмяняюцца традыцыйныя калядныя сустрэчы і дзяленне аплаткай з удзелам іерархаў. А традыцыйныя душпастарскія візіты ў сем’і з благаславеннем дамоў або памяшканняў, так званая Каляда, могуць адбывацца выключна па запрашэнні асобных сем’яў і з захаваннем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя.

Улічваючы сітуацыю з каронавірусам і закрытыя межы, многія былі занепакоены, ці атрымаецца сёлета працягнуць традыцыю падарожжа па беларускіх парафіях Віфлеемскага агню міру — штогод напярэдадні свята ў гроце Нараджэння Пана запальваецца лампада, полымя якой абыходзіць свет. На радасць хрысціян, 17 снежня Віфлеемскі агонь быў дастаўлены з польска-беларускай мяжы ў гродзенскі кафедральны касцёл св. Францішка Ксаверыя. Адтуль пачалася штогадовая скаўцкая эстафета полымя па гарадах і мястэчках Беларусі.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які сустрэў скаўтаў, адзначыў, што гэта полымя — сапраўдны агонь надзеі ў няпросты час, калі ўвесь свет закрануты пандэміяй каронавіруса: «Несучы Святло з Віфлеема ў гэтым годзе, дапаможам сабе і іншым перамагчы пачуццё няўпэўненасці, а таксама прычыны страху, які робіць людзей закрытымі». Як і ў мінулыя гады, вернікі, наведаўшы храмы ў святочныя дні, змогуць запаліць ад Віфлеемскага агню свечкі, каб занесці яго ў свае дамы.

Варта адзначыць, што беларускія католікі, нягледзячы на пэўныя абмежаванні, змогуць адзначыць Божае Нара­джэнне, захоўваючы большасць традыцый. Вернікам у іншых краінах не так пашчасціла. Да прыкладу, у суседняй Літве з 16 снежня па 3 студзеня ў святынях поўнасцю спынены публічныя набажэнствы. Сачыць за службамі можна выключна ў інтэрнэце, па радыё і тэлебачанні.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter