Гімназісты з Баранавічаў робяць сонечныя батарэі і вырошчваюць лаймы памерам з грэйпфрут

Святло ўключылі ў праграму

Хіба толькі лянівы ў Баранавічах не чуў пра пятую гімназію. Спачатку яна выклікала неразуменне гараджан, калі перайшла на яркае святлодыёднае асвятленне. Кіраўніцтва гімназіі доўга супакойвала тых жыхароў мікрараёна, якія тэлефанавалі: ліхтары ў іх гараць эканамічныя. Да таго ж зробленыя ўласнымі сіламі. Потым установа адукацыі паказала “майстар-клас” мясцоваму грамадскаму харчаванню: вырасціла ва ўласнай цяпліцы экзатычныя лаймы. Памерам з грэйпфрут. Ну і апошні фінт — выраб сонечнай батарэі. Зараз перад гімназіяй новая мэта: перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі, размясціўшы на даху сонечную станцыю...

60 такіх сонечных батарэй здольныя цалкам забяспечыць гімназію электраэнергіяй.

– Мы не на экватары і павінны прымусіць яе рухацца ўслед за сонцам.

— Тады давай напішам праграму, каб выкарыстоўваць яе на максімальнай магутнасці.

Яна — гэта сонечная батарэя. Тыя, хто вядзе размову, — старшакласнікі каля кабінета фізікі. Дыялог падслухала выпадкова, шчыра кажучы. Але папрасілася зайсці разам з хлопцамі ў клас ужо спецыяльна. Цікава ж, чым скончыцца дыскусія. Старшакласнікі стоўпіліся каля дэманстрацыйнага стала. Пачаліся заняткі навуковага таварыства навучэнцаў “IQ”. Доўжыцца сустрэча, як правіла, больш за акадэмічную гадзіну.

Настаўнік фізікі Андрэй Любас кладзе на стол раму. У металічных цісках — цёмнае шкло з мноствам правадкоў. Гэта сонечная батарэя. Разам з кіраўніком хлопцы сканструявалі ўзор яшчэ ў 2015 годзе.

— Камплектуючыя мы куплялі асобна за сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці гімназіі, а з тэхнічнай часткай справіліся за адзін дзень, — успамінае Андрэй Канстанцінавіч.

Выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і яго каманда звяртаюць увагу: сабекошт іх прадукту магутнасцю 50 ват на той момант склаў прыкладна 45 долараў. Рыначны кошт аналагічнай панэлі быў у два разы вышэйшы. Не мне вам тлумачыць, што сучасныя дзеці валодаюць фінансавым этыкетам. Нядзіўна, што яны ўзброіліся калькулятарамі і хутка высветлілі, у колькі іх “alma mater” абыдзецца пераход на энергію сонца. Зрабіць праект зусім танным замінала геалакальная праблема, уступае ў размову навучэнец 11 “А” класа Ягор Петрушко:

— Калі б наша гімназія знаходзілася ў Афрыцы, пытанне не паўстала б: там увесь дзень паліць сонца і эфектыўнасць фотаэлектрычных установак дасягае ста працэнтаў. У Баранавічах шмат пахмурных дзён і не так сонечна, таму, каб прымусіць сонечную батарэю выпрацоўваць больш электраэнергіі, патрэбна спецыяльная камп’ютарная праграма.

Хлопцы напісалі “софт”, які прымушае ўсталяваную на “ножцы” батарэю паўтараць траекторыю сонца і тым самым збіраць у “далоньку” максімум прамянёў.

Неўзабаве паспелі і тэхнічныя разлікі: каб пакрыць патрэбы гімназіі ў электраэнергіі, на даху трэба было ўсталяваць шэсцьдзясят такіх батарэй намінальнай магутнасцю 250 ват кожная. Каштавала б такая станцыя каля сямі з паловай тысяч долараў. Гімназія стварыла праект на падставе тэхнічных умоў адпаведных службаў горада, кажа дырэктар гімназіі Таццяна Шастак:

— Фотаэлектрычная ўстаноўка дазваляе атрымліваць да 6 тысяч кілават электраэнергіі ў месяц. Сёння мы штомесяц спажываем каля 8 тысяч кілават.

Баранавіцкі гарвыканкам даў дабро, і гімназія ўзгадніла праект па размяшчэнні сонечнай электрастанцыі на даху ўстановы. Аднак воз і цяпер там: якой бы светлай ні была ідэя, для яе ўвасаблення ў жыццё патрэбныя грошы.

Сталовая гімназіі — адзіная ў горадзе, а можа, і ва ўсёй краіне, дзе ў чай кладуць кавалачак лайма.

— Самі вырошчваем, — заўважае маё здзіўленне касір і ківае ў бок акна.

У цяпліцы гімназіі растуць інжыр і лайм. Хутка з’явіцца расада: у асноўным для ўласных кветнікаў, нешта — на продаж гораду.

Адтуль добра відаць цяпліца. Вельмі хутка дырэктар Таццяна Шастак правядзе для мяне экскурсію і пакажа інжырнае дрэва, лайм, на якім спеюць плады, зеляніну, гародніну, кветкавую расаду:

— Да нядаўніх часоў мы выкарыстоўвалі ў цяпліцы святлодыёдныя лямпы рознага колеру. З аднаго боку, яны эканамічныя, даўгавечныя, з другога — мы на практыцы даказалі, што святло ад дыёднага пражэктара станоўча ўплывае на рост раслін.

Дарэчы, праект на гэтую тэму быў адзначаны дыпломам пераможцы абласнога тура рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Высока ацанілі і іншую распрацоўку гімназістаў — пераход на святлодыёднае вулічнае асвятленне.

— Газаразрадныя лямпы на слупах адключаныя, гімназію асвятляюць святлодыёдныя пражэктары, замацаваныя па перыметры тэрыторыі, — распавядае адзінаццацікласнік Вячаслаў Ліс і шматзначна дадае: — Самі рабілі.

Праўда, не з Андрэем Любасам. А з яго папярэднікам — кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Альтэрнатыўныя крыніцы святла” Андрэем Лук’яненкам. Не так даўно Андрэй Аляксеевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, аднак паспеў падрыхтаваць добрую глебу для юных даследчыкаў. Бо размову пра энергазберажэнне ў гімназіі пачаў менавіта Андрэй Лук’яненка. У 2011 годзе ён увасобіў у жыццё яркую ідэю: пераклаў на святлодыёдныя пражэктары знешняе асвятленне гімназіі.

Хіба толькі лянівы ў Баранавічах не чуў пра пятую гімназію. Апошняя навіна — гімназісты купілі суперскладаныя “мазгі” і канструююць робатаў. Што задумала каманда “IQ” на чале з Андрэем Любасам зараз, хлопцы трымаюць у сакрэце. Але чакаць засталося нядоўга: у гэтым годзе ў заключным этапе рэспубліканскага турніру па інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў секцыі прамысловай робататэхнікі Брэсцкую вобласць прадставіць каманда гімназіі № 5 з Баранавічаў.

У ТЭМУ

Аляксей Рудзкі, начальнік аддзела энергетыкі і паліва Брэсцкага аблвыканкама :

— Прыклады энергазберажэння сёння ёсць. У Іванаўскім раёне цэнтральная раённая бальніца і дзіцячая кансультацыя перайшлі на сонечныя воданагравальнікі. Два дзіцячыя садкі ў Брэсце і аздараўленчы лагер у Кобрынскім раёне выбралі гэты самы шлях. Аднак варта адзначыць, што тыя, хто сёння прымае рашэнне выкарыстаць аднаўляльныя крыніцы энергіі, павінны разумець, што ўкладзеныя ў абсталяванне сродкі будуць акупляцца ў асноўным за кошт эканоміі энергарэсурсаў, а не ад продажу энергіі дзяржаве. Сёння, каб здаваць дзяржаве атрыманую з аднаўляльных крыніц электраэнергію па павышаючым каэфіцыенце, юрыдычная асоба павінна атрымаць адпаведную квоту ў камісіі пры Мінэнерга. Для гэтага ў аблвыканкам падаецца заяўка, якая штогод накіроўваецца ў Міністэрства. У мінулым годзе мы накіравалі каля 7 заявак па сонцы, але квоту ніхто не атрымаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter