Святло каляднай зоркі

Гродзенскі музей навучыць наведвальнікаў, як зрабіць анёла

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі прапануе наведвальнікам сваімі рукамі зрабіць анёла-ахоўніка

Чарговая адмысловая выстава «Пад Віфлеемскай зоркай», якую ладзіць для сваіх наведвальнікаў установа культуры, урачыста адкрыецца 20 снежня а 16-й гадзіне. Зразумела, што перш за ўсё экспазіцыя будзе прысвечана светлым зімовым святам.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў можна вылучыць рарытэтныя выданні Евангелля 1644 года ці Стакгольмскай Бібліі 1917-га, калекцыю паштовак, пачатак якой быў пакладзены яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, абразы з перламутру канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Той, хто завітае на выставу, атрымае ўнікальную магчымасць убачыць рэдкія экспанаты не толькі з фондаў музея, але і з прыватнай калекцыі матушкі Гаўрыілы, ігуменні Свята-Раство-Багародзіцкага жаночага манастыра. Васямнаццаць абразоў, якія ўяўляюць сабой узоры гравіроўкі, разьбы, роспісу, таніроўкі, мазаікі, інкрустацыі з прыгожага, але крохкага матэрыялу, матушка прапанавала да прагляду. Бо менавіта ракавінка-жамчужніца нагадвае пра Багародзіцу, якая нарадзіла каштоўную жамчужыну.

Але і гэта яшчэ не апошні сюрпрыз, які падрыхтавалі для сваіх гасцей арганізатары выставы. Гадзінай раней запрошаныя ўмельцы з аб’яднання мастакоў «Гарадзенскі каларыт» распачнуць для ўсіх жадаючых майстар-клас па вырабе калядных анёлкаў і зорак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter