Святло далёкіх зорак

На пачатку 90-х гадоў у чытальнай зале Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі свае карані шукалі не больш за 100 чалавек — а цяпер іх колькасць узрасла амаль у 10 разоў!
На пачатку 90-х гадоў у чытальнай зале Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі свае карані шукалі не больш за 100 чалавек — а цяпер іх колькасць узрасла амаль у 10 разоў!

Дзмітрый Яцэвіч<br />Жыццё чалавека часам параўноўваюць з гарэннем свечкі, святлом зоркі. А калі яно згасае — чым помніцца нашчадкам? Як сцвярджаюць беларускія архівісты, у краіне цяпер “радаводная ліхаманка”: шмат людзей цікавіцца сваімі каранямі, продкамі. З чым тое звязана? Як скласці свой радавод? Да якога калена можна правесці даследаванні па гісторыі роду і як не згубіцца ў архіўным багацці? Пра тое мы гутарым з Дзмітрыем Яцэвічам, дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі: гэтая ўстанова сёлета адзначае 75-гадовы юбілей.

На гэтых паліцах зберагаюцца каштоўныя дакументы з мінулага<br />— Раней ведаць свой радавод, пэўна, было справай звычайнай. Памятаю прабабулю, якая часам любіла паўспамінаць. Ведала род да пра-пра-прадзедаў, памятала, дзе хто нарадзіўся, жыў, пахаваны… Расказваючы, часам зазірала ў сшытак, у які ўжо па просьбе маёй бабулі запісала я імя, дату і месца нараджэння сына. Дзе цяпер той “сямейны летапіс”? І спытаць няма ў каго... Засталося ад продкаў некалькі здымкаў ды абразок, з якім вянчалі маю прабабулю, бабулю і маму. Думаю, мала рэліквій і ў іншых сем’ях. Гублялася сувязь часоў... Але цяпер мы пачынаем згадваць мінулае, хочам ведаць родавыя карані, многія шукаюць звесткі аб продках, у інтэрнэце — форумы, сайты адпаведныя. Людзі пішуць у рэдакцыі: дапамажыце ў пошуку родзічаў. Вы адчуваеце гэты вал цікаўнасці, Дзмітрый Уладзіміравіч?
— Безумоўна! Цяпер расце колькасць запытаў у архівы, і вывучэнне ўласных радаводаў папулярнае у грамадстве. Магчыма, прыходзіць разуменне: ты не проста выпадковая часцінка ў свеце, закінутая ў свой час у нейкае месца… Многія з сучаснікаў, пачынаючы вывучаць свае карані, часам і не здагадваюцца, наколькі глыбокая і цікавая ў іх гісторыя роду. Увогуле ж вывучэнне ўласнага радаводу ўмацоўвае разуменне: кожны з нас — частка вялікай гісторыі Беларусі і ўсяго народа, які тут жыве.
Ну а матывацыі пошукаў бываюць розныя. Нехта хоча больш даведацца пра сваё мінулае, хтосьці шукае звесткі пра зніклых сваякоў, іншы — свае дваранскія карані. Шанец даведацца нешта пра сваіх продкаў ёсць амаль у кожнага, і архівы Беларусі заўсёды гатовыя тут дапамагчы. Трэба толькі набрацца цярпення, паколькі пошук каранёў — справа няпростая, патрабуе шмат часу.

— Што трэба мець на руках, каб звярнуцца ў архіў?
— Варта, сапраўды, падрыхтавацца, сабраць максімальна поўныя пошукавыя звесткі аб продках: прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, гады, месцы нараджэння асоб, якія з’явіліся на свет да 1917 года. Калі няма такіх звестак, то варта пашукаць іх у архівах органаў ЗАГС, распытаць пажылых сваякоў: хай падкажуць даты нараджэння, шлюбу, наяўнасць сясцёр, братоў, веравызнанне, саслоўе... Такая інфармацыя дапаможа пазбегнуць памылак пры правядзенні генеалагічнага даследавання. Часцей за ўсё да нас прыходзяць, ведаючы прозвішча, імя і прыблізна год, месца нараджэння. Але і таго можа быць дастаткова, каб пачаць працу. Можна пракансультавацца: наш электронны адрас niab@niab.by

Метрычная кніга з касцёла ў Ішкальдзі— І калі дакументы сабраныя — што далей?
— Ёсць два варыянты архіўных пошукаў. Першы больш складаны, але цікавейшы. Вы пішаце заяву на допуск у чытальную залу НГАБ, прыходзіце ў архіў і самастойна працуеце з дакументамі. За працу ў чытальнай зале плаціць нічога не трэба. Будзе цяжка, прыйдзецца “пералапаціць” сотні дакументаў. У архіве не існуе асобнай папкі на кожнае прозвішча, часам неабходныя дакументы ляжаць у фондах розных устаноў, і мова іх можа быць польскай. А вы ведаеце, што ва ўсходняй Беларусі сялян у вёсках доўгі час запісвалі ў дакументах наогул без прозвішчаў? Ды цяжкасці не спыняюць даследчыкаў, і чарга ў нашу чытальную залу — звыклая з’ява. Магчымы і другі варыянт пошуку: сабраўшы звесткі-прывязкі да часу і мясцовасці, можна звярнуцца да нас з запытам на правядзенне даследаванняў па гісторыі сям’і. Досыць запатрабаваная сёння паслуга, ёй карыстаюцца як грамадзяне Беларусі, так і замежныя, продкі якіх — выхадцы з нашай зямлі. Увогуле ж праца над запытам, якую праводзіць наш архівіст, унікальная па сутнасці. Ніводзін замежны архіў сваімі сіламі такую паслугу не аказвае: там ёсць генеалагічныя агенцтвы. Асноўная функцыя архіва ўсё ж — захаванне і навуковае выкарыстанне архіўных дакументаў, а выкананне генеалагічных запытаў тут далёка не на першым месцы. Штогод мы выконваем не больш за 100 падобных запытаў, на большае не хапае часу.

— Колькі каштуе такое даследаванне?
— Мінімальны кошт генеалагічнага даследавання па адным прозвішчы — каля двух мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта так званы аванс за 6 працоўных дзён. Канчатковы кошт залежыць ад аб’ёму выяўленай інфармацыі і часу, які на тое спатрэбіўся. Увогуле ёсць норма: даследаванне праводзіцца не больш за 30 дзён.

— Калі зраблю заказ, што атрымаю на выхадзе: нейкі малюнак ці даведку з інфармацыяй?
— Мастацкае афармленне вынікаў — не галоўнае ў падобным даследаванні. Атрымаеце даведку ўстаноўленага ўзору. І будуць уключаны ў яе вытрымкі з дакументаў, у якіх маюцца звесткі аб запытаных асобах, іх продках па прамой (мужчынскай) лініі: дзяды, прадзеды, прапрадзеды... Усе вытрымкі падаюцца з пошукавымі дадзенымі дакумента (нумары фонду, вопісу, справы, лістоў). Знойдзеная інфармацыя можа быць рознай, напрыклад, аб нейкіх судовых працэсах, аб прызыве на службу ці куплі-продажы чаго-небудзь. Змест дакументаў мы не каментуем: усе высновы заказчык робіць самастойна.
У нашым архіве ёсць дакументы, якія ўтрымліваюць генеалагічныя дадзеныя, з канца XVIII і да пачатку XX стагоддзяў. Па Мінскай губерні яны захаваліся лепш, па Віцебскай — горш, па асобных рэгіёнах Магілёўскай іх вельмі мала. Ды бывае, што даследчыкі і да XVII стагоддзя дакопваюцца: як пашанцуе. Калі вашы продкі з дваранскага саслоўя, са шляхты, і ў архіве захавалася справа аб іх такім паходжанні, то ёсць шанец выявіць звесткі за больш ранні перыяд.

— Дзе ўвогуле можна выкарыстоўваць вынікі генеалагічнага даследавання?
— Генеалогія найперш важная для разумення, умацаваня сваёй сям’і. Праводзяць пошукі больш для сямейнага архіва, чым дзеля нейкай выгады. Нашым кліентам цікава бывае атрымаць дакументальнае пацвярджанне нацыянальнасці продкаў, бо нацыянальнасць у сучасным разуменні аформілася дакументальна толькі на пачатку XX стагоддзя, раней у дакументах не паказвалася. Часам да нас звяртаюцца, каб пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне на падставе нейкіх даведак, выпісаных шарлатанамі ад генеалогіі. Мы такіх паслуг не аказваем.

— Што пажадаеце тым, хто гатовы шукаць родавыя карані?
— Настойлівасці, цярпення і ўдачы. Я б яшчэ параіў не шукаць знатнасці і багацця папярэднікаў, галоўнае — адшукаць ісціну. Усе нашы продкі, з якога б саслоўя ні былі, жылі на гэтай зямлі, любілі яе, абаранялі. Такі іх уклад у станаўленне, развіццё дзяржавы і грамадства. Веданне гісторыі свайго роду — аснова патрыятызму, пачуцця далучанасці да гісторыі Айчыны, нацыянальнай і рэлігійнай цярпімасці.

[i]Іна Ганчаровіч[/b]

На здымках:
Дзмітрый Яцэвіч
На гэтых паліцах зберагаюцца каштоўныя дакументы з мінулага
Метрычная кніга з касцёла ў Ішкальдзі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter