Святая заступніца Белай Русі

Заўтра — дзень святой Ефрасінні Полацкай

Аднойчы, сярод надзіва халоднай жнівеньскай непагадзі давялося назіраць карціну, якая ўразіла і надоўга запомнілася. Па цэнтральнай вуліцы Полацка з парасонам у адной руцэ, з дзвюма цяжкімі валізкамі ў другой ішла немаладая жанчына. Сцёбаў пранізлівы дождж, вецер выкручваў парасон, жанчына спяшалася ў зацішак аўтобуснага прыпынку. Але, параўняўшыся з помнікам Ефрасінні Полацкай, яна прыпынілася, павольна паставіла на мокры асфальт сваю ношу, склала парасон і пачала... хрысціцца на помнік і класці яму зямныя паклоны. Так веруючыя хрысцяцца на макаўкі храма, на крыж, які стаіць пры дарозе. Але каб на звычайную свецкую статую, няхай сабе гэта і статуя святой... Такога бачыць не прыходзілася ніколі. Тады падумалася: якой жа павагай і пашанай карыстаецца ў сваім родным горадзе гэта святая, калі любая яе выява становіцца аб’ектам пакланення.
І толькі трапляючы ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, пачынаеш сам разумець і адчуваць нешта падобнае. Бо святасць Ефрасінні Полацкай вельмі чалавечая. І зразумелая. У дванаццаць гадоў адрачыся ад славы і багацця полацкай князёўны дзеля служэння Богу, перапісвання кніг (а праца перапісчыка была тады настолькі цяжкая, што ёй займаліся толькі мужчыны). Прысвяціць усё жыццё асветніцтву, апякунству, дабрачыннасці, ні маленькага каліва не пакінуўшы для сябе, усё аддаўшы Богу і людзям... Ступаючы па манастырскай зямлі, гледзячы на маленькую халодную келлю ў сцяне Спасаўскай царквы, у якой Ефрасіння праводзіла гадзіны і дні, міжволі пытаеш у сябе, у самых чыстых і дабрадзейных думак сваіх: а ці змог бы я — так? І шчыра адказваеш сам сабе: не, не змог бы. І вось тады хочацца ўкленчыць проста на каменныя пліты пад нагамі, і маліцца ёй, і прасіць аб заступніцтве за сябе, за сваю сям’ю, за сваю краіну, бо каго, як не яе, Усявышні там, на небе, пачуе...
Нездарма на Беларусі Ефрасінню ўшаноўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Першая ўсходнеславянская святая (Ефрасінню царква кананізавала раней, чым княгіню Вольгу) стала сапраўднай заступніцай і апякункай Белай Русі.
І ўсё спраўдзілася. Яна вярнулася на родную зямлю. Храм, які будаваўся па яе замове, выстаяў сярод усіх навалаў і войнаў і не перастае здзіўляць сваёй дасканаласцю і сваімі таямніцамі (нядаўна ў Спасаўскай царкве рэстаўратары пад некаторымі старажытнымі роспісамі адкрылі яшчэ больш старажытныя фрэскі — з ХІІ стагоддзя). Крыж, святыня нашай зямлі, зроблены па яе замове, страчаны ў пажары апошняй вайны, зноў у Полацку (хай сабе не той самы, але мы яго адрадзілі — хіба гэта не падзея, не вяртанне да веры, да духоўнасці). А ў Сафійскім саборы, які сёння — канцэртная зала, заўтра, у дзень памяці святой, будзе ісці царкоўная служба і старажытныя падмуркі храма, якія памятаюць лёгкія крокі князёўны Прадславы, ажывуць і гулкім рэхам адгукнуцца на тыя ж, што і ў ХІІ стагоддзі, словы набажэнства...
Мы многае ўжо зрабілі, каб быць вартымі яе памяці. Нам яшчэ нашмат больш трэба зрабіць, каб быць вартымі яе малітваў за нас.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter