Святая заступніца Белай Русі.

Сёння — дзень святой Ефрасінні Полацкай. Штогод на пачатку лета старажытны Полацк жыве сапраўдным святам. Сотні людзей з розных куточкаў нашай краіны і з-за яе межаў з’язджаюцца пакланіцца Ефрасінні. 5 чэрвеня — Яе дзень. У гэты дзень Яна ў недасягальна далёкім 1173-м пакінула гэты свет. Развіталася з жыццём не на радзіме — на Святой Зямлі, здзейсніўшы сваю мару і свой абавязак — пакланіўшыся Труне Гасподняй. Яна не змагла вярнуцца ў Полацк, як абяцала, ад’язджаючы, тым, хто яе любіў. Але Яна спраўдзіла сваё абяцанне — вярнулася ў родны горад праз семсот з лішнім гадоў, роўна сто гадоў назад. У Полацку, дый па ўсёй Беларусі сёння вялікае свята — дзень памяці першай на ўсіх усходнеславянскіх землях святой і сто гадоў, як заступніца Белай Русі вярнулася на зямлю, якой Яна апякуецца перад Усявышнім.

Сёння — дзень святой Ефрасінні Полацкай.

Штогод на пачатку лета старажытны Полацк жыве сапраўдным святам. Сотні людзей з розных куточкаў нашай краіны і з-за яе межаў з’язджаюцца пакланіцца Ефрасінні. 5 чэрвеня — Яе дзень. У гэты дзень Яна ў недасягальна далёкім 1173-м пакінула гэты свет. Развіталася з жыццём не на радзіме — на Святой Зямлі, здзейсніўшы сваю мару і свой абавязак — пакланіўшыся Труне Гасподняй. Яна не змагла вярнуцца ў Полацк, як абяцала, ад’язджаючы, тым, хто яе любіў. Але Яна спраўдзіла сваё абяцанне — вярнулася ў родны горад праз семсот з лішнім гадоў, роўна сто гадоў назад. У Полацку, дый па ўсёй Беларусі сёння вялікае свята — дзень памяці першай на ўсіх усходнеславянскіх землях святой і сто гадоў, як заступніца Белай Русі вярнулася на зямлю, якой Яна апякуецца перад Усявышнім.

Сто гадоў мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай знаходзяцца ў самім Полацку, а многія з нас, здаецца, так і не ўсвядомілі, што гэта значыць для Беларусі і яе насельнікаў. Шукаем хрысціянскія святыні за межамі краіны, ездзім у паломніцка-турыстычныя падарожжы за сотні кіламетраў, з захапленнем расказваем потым знаёмым, як у нейкай лаўры ці ў нейкім храме ўбачылі, прыклаліся, пакланіліся... Гэта, канешне, важна, гэта састаўная частка веры, з гэтым трывалей адчуваеш сябе ў Сусвеце. Але ж вось яно — зусім побач: адзін з найстарэйшых еўрапейскіх гарадоў, маленькая белая цэркаўка, такая дасканала чыстая, што хочацца ўзяць яе на далонь (а цэркаўцы той — удумайцеся толькі! — амаль дзевяцьсот гадоў), пазалочаная рака, у якой — мошчы ПЕРШАЙ усходнеславянскай святой, якую ўшаноўваюць і праваслаўныя, і каталікі, бо была Яна найвялікшай асветніцай...
Не ўсведамляем, што маем, можа, таму, што няшмат ведаем. Пра тое, як у XII стагоддзі пасля захопу Іерусаліма егіпецкім султанам хрысціяне, рызыкуючы жыццём, перавезлі мошчы святой у Кіеў. (Нават цяжка ўявіць, як ім гэта ўдалося — тысячы кіламетраў і ніякіх самалётаў.) Як мошчы знаходзіліся ў Кіева-Пячэрскай лаўры семсот гадоў. (І гэта пры тым, што сам Кіеў татары за гэты час некалькі разоў палілі дазвання, гарэлі храмы, іконы, рукапісы.) Як у XIX ужо стагоддзі, пасля таго як заснаваны Ефрасінняй манастыр зноў стаў праваслаўным, панесліся да айцоў царквы прашэнні з правінцыйнага Полацка з просьбай вярнуць мошчы святой на Яе радзіму.
Як пасля доўгай перапіскі Полацку ўдалося атрымаць невялічкую часцінку мошчаў — сярэдні палец з рукі святой. Як гэту невялікую часцінку з пашанай сустракалі, як стаяла стужка-чарга, каб да яе прыкласціся. Як у 1910 годзе, толькі праз восемдзесят гадоў, было прынята рашэнне перавезці ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр усе мошчы святой. Як іх праводзіў Кіеў — чорна-белая фотахроніка зафіксавала: людское мора, тысячы людзей выйшлі на вуліцы, і сярод гэтага людскога мора — маленькая, дзіўна маленькая труна. Як везлі Ефрасінню на радзіму на параходзе “Галавачоў”па Дняпры — з Кіева да Оршы. Як панеслі пасля мошчы на руках, і паўсюль іх сустракалі сотні людзей з надзеяй і малітвай. Як некаторыя з вернікаў пазбаўляліся ад хвароб, толькі паглядзеўшы на раку са святыняй. Як заняла яна належнае пачэснае месца ў храме. Як падчас Першай сусветнай вайны мошчы эвакуіравалі ў Растоў, як насталі хутка цёмныя для рэлігіі часы, як у 1921 годзе мошчы вывезлі ў Маскву — “на даследаванне”. Як мошчы дзівосным чынам вярнуліся — няхай сабе і як экспанат Віцебскага краязнаўчага музея (сапраўды здарыўся цуд, бо колькі ў тыя бязбожныя часы было прыкладаў, калі астанкі святых выносілі з храмаў і проста выкідвалі на сметнік). Як у 1943-м Ефрасіння зноў вярнулася ў Полацк, каб застацца там назаўжды...
Мы пра ўсё гэта ведаем няшмат, бо мы не праходзілі гэта ў школе па гісторыі, нам не расказвалі пра гэта нашы бацькі. А варта было. І выкладаць, і расказваць. Бо гэта НАША святая, бо гэта сапраўды было, бо над гэтым можна і трэба думаць і разважаць, бо тым, што Яна ў нас ёсць, трэба ганарыцца...
Можа, калі будзем верыць і ведаць, калі школьнікаў падчас канікул арганізавана пачнём вазіць у Полацк, а не ў сталічны “Макдональдс”, калі яны ўбачаць пранізліва-глыбокія вочы святых на дзевяцісотгадовых фрэсках у Спасаўскай царкве, калі паназіраюць, як нават зімой, каб пакланіцца Ефрасінні, людзі на парозе храма разуваюцца, калі пачуюць гісторыю жыцця нашай святой заступніцы ад маладзенькай манашкі, так падобнай на тую, першую, калі зразумеюць, што ўсё гэта — не проста абзац у кнізе, а Радзіма, можа, тады мы ўсе станем лепшымі. І хоць на каліва станем падобнымі да тых справядлівых, сумленных, шчырых, шчодрых, добрых людзей, якімі Яна нас бачыла праз смугу стагоддзяў, перапісваючы для нас кнігі пры цьмяным святле лучыны ў цеснай келлі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter