Святар Кірыл БАРДОНАЎ: У імя Айца, і Сына, і Духа Святога

У нядзелю каталікі адзначаць урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

У нядзелю каталікі адзначаць урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

«У імя Айца, і Сына, і Духа Святога» — такімі словамі хрысціяне пачынаюць свае малітвы, новую справу, новы дзень. Гэты кароткі сказ сам па сабе з’яўляецца малітвай і перадае глыбокую таямніцу хрысціянскай веры. Мы верым у аднаго Бога ў трох Асобах — у Тройцу. На разважанне над гэтай праўдай натхняе нас адпаведнае свята, якое Каталіцкі Касцёл будзе адзначаць у бліжэйшую нядзелю.

Ніводная іншая рэлігія, апрача хрысціянства, не сцвярджае нічога падобнага — што Бог адзін, але адначасова ў трох Асобах. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што вера ў тры Божыя асобы — гэта адметная рыса хрысціяніна. Таму той, хто не верыць, што Бог — гэта Бог Айцец, Хрыстос і Дух Святы, не мае ў сабе хрысціянскай веры.

Многія ведаюць малітву да Тройцы: «Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому. Як было спрадвеку, цяпер і заўсёды, і навекі вечныя. Амэн». У лацінскім абрадзе ў дзень Святой Тройцы ў літургіі так выражаецца хрысціянская вера: «Вызнаючы сапраўднае і вечнае Боства, мы ўшаноўваем тры Божыя Асобы, адной сутнасці і роўнай велічы».

Чалавечаму розуму цяжка зразумець трыадзінасць Бога. Гэта адна з Божых таямніц, якую мы можам спасцігаць, але ніколі да канца не спасцігнем. Дзецям спрабуюць тлумачыць таямніцу Тройцы з дапамогай вобразаў. Напрыклад, калі запаліць тры свечкі і нахіліць іх адна да адной, то свечкі будуць тры, але агонь у іх — адзін. Аднак гэта толькі недасканалы вобраз. Святы Патрык, апякун Ірландыі, прапаведуючы язычнікам, спрабаваў данесці ім праўду аб Тройцы, паказваючы лісток канюшыны. Лісток, які падзяляецца на тры часткі. Тры часткі, але лісце адно — яшчэ адзін вобраз трыадзінства Бога. Пазней трыліснік стаў сімвалам Ірландыі.

Толькі сваім розумам чалавек ніколі б не дайшоў да веры ў Тройцу. Хрыстос аб’явіў нам гэтую праўду. У Бібліі слова «Тройца» ніколі не ўжываецца, але ў розных месцах узгадаваецца Бог у Трох Асобах. Перад узыходжаннем на неба Езус кажа апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога» (Мц. 28, 19). Другое Пасланне да карынцянаў заканчваецца словамі: «Ласка Пана нашага Езуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і еднасць у Духу Святым няхай будуць з усімі вамі» (2 Кар. 15, 13).

Асобны ўспамін у літургіі ў гонар Святой Тройцы ўзнік у заходняй хрысціянскай традыцыі дастаткова позна, толькі ў XI стагоддзі. Тут трэба растлумачыць адзін момант. На пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня (Пяцідзясятніца) заходняя хрысціянская традыцыя адзначае ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, а ўсходняя (візантыйская) — урачыстасць Тройцы. Свята ж Тройцы рыма-каталікі адзначаюць у наступную нядзелю пасля Пяцідзясятніцы. Сумеснае суіснаванне дзвюх традыцый у Беларусі і адначасова іх няведанне прыводзіць да некаторых непаразуменняў з усведамленнем дзён святкаванняў. У Беларусі свята Тройцы ў заходнім абрадзе з’яўляецца нібы працягам святкавання Пяцідзясятніцы.

«У сэрцах Бога несці, каб жыць і з Ім памерці», — гаворыцца ў адной з пабожных песень, так каротка мы можам выявіць галоўную прагу хрысціянскай душы. Душы, якую Бог стварыў, за якую памёр і якую Ён асвячае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter