Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У вядомым расійскім курортным горадзе беларускія суполкі ўсё часцей заяўляюць пра сябе, ладзячы масавыя гулянні

Свята над ракою Сочы

У мясцовых СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што сёлета, 6 ліпеня ў Сочы, зноў адзначылі свята Івана Купалы. Як вядома, раней у гэты дзень на Русі традыцыйна збіралі лекавыя травы, а калі надыходзілі прыцемкі, то запальвалі папярэдне падрыхтаваныя рытуальныя вогнішчы, здзяйснялі розныя Купальскія абрады. Бо нашы продкі верылі, што ноч напярэдадні свята Іаана Хрысціцеля — асаблівая. Вось і на курорце Сочы прадстаўнікі ўсіх славянскіх супольнасцяў горада вырашылі правесці яе разам: на беразе ракі Сочы, згадваючы Купальскія традыцыі продкаў.

У свяце, якое ладзілі беларусы Сочы, паўдзельнічала шмат дзяцей
Ілья Фралянкоў

Паколькі ў Сочы галоўнымі арганізатарамі свята выступілі мясцовыя беларусы, то і цэнтральная страва на святочным частаванні была — дранікі. Прычым купальцаў сабралася шмат, і спатрэбілася некалькі вёдраў бульбы. Падрыхтавана была і цікавая забаўляльная праграма з улікам Купальскіх традыцый, над якой арганізатары працавалі не адзін дзень. Распачаўшыся яшчэ завідна, бліжэй да вечара народныя гулянні, што праходзілі на прыгожай паляне, пад вечар перамясціліся на бераг ракі. Там запалілі вогнішча ды вадзілі вакол яго карагоды, спявалі Купальскія песні, а калі яно трохі прагарэла, то па даўняй традыцыі маладыя хлопцы і дзяўчаты скакалі цераз агонь. А крыху пазней было і купанне ў рацэ. 

Прыемна, што Купальская традыцыя прыжылася ў курортным горадзе: актывісты, сябры славянскіх суполак горада на свяце Івана Купалы сустрэліся пяты год запар. “Мы запрасілі на свята грэкаў, грузін, армян ды людзей іншых нацыянальнасцяў, — гаворыць старшыня Савета нацыянальных аб’яднанняў, саветнік кіраўніка горада Сочы Аляксандр Фралянкоў. — Купалле тут — гэта ўжо традыцыя, хоць раней у Сочы такога не было. Мы ж вырашылі: паколькі прадстаўнікі розных славянскіх народаў тут вельмі шчыльна жывуць, то варта і вярнуць гэтыя традыцыі, якія шанавалі нашы продкі”.

Акрамя Аляксандра Фралянкова, актыўна паўдзельнічалі ў арганізацыі ды правядзенні свята старшыня гарадской Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Белорусы Сочи” Пётр Ефімовіч, яго намеснікі Барыс Макаранка ды Ілья Фралянкоў, актывісты суполкі Канстанцін і Анастасія Бальшаковы, Андрэй і Святлана Жукі, Андрэй Лапцеў і многія іншыя. А цікавую канцэртна-забаўляльную праграму да свята падрыхтаваў творчы калектыў “Конфетти” пад кіраўніцтвам Рамана Даніловіча і Наталлі Віцько.

Юлія Фралянкова, г. Сочы

Ад рэдакцыі

Тэкст пра Купалле ў Сочы ў нашу рэдакцыю пераслаў вядомы беларус з Масквы Алег Кандыба — прэзідэнт “Московского клуба белорусов” і галоўны рэдактар газеты “Сябры”. На той час наш зямляк знаходзіўся ў Мінску, на VІІ З’ездзе беларусаў свету. Ён жа патлумачыў: цяпер Аляксандр Міхайлавіч Фралянкоў не толькі ўзначальвае ў Сочы Савет нацыянальных аб’яднанняў — ён і прэзідэнт “Сочинского клуба белорусов”. Арганізацыі, якімі кіруюць Аляксандр Фралянкоў і Пётр Ефімовіч, цяпер у складзе “Московского клуба белорусов”. Усяго ж, напісаў нам Алег Кандыба, на сённяшні дзень у Расіі створана 53 клубы беларусаў.

Што да з’езда, то яго маскоўскі госць называе лепшым з усіх, якія праводзіла суполка “Бацькаўшчына”: “Цудоўнае выступленне Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея прыўнесла ў залу добры настрой, зняло напружанасць, неспакой, пачуццё надуманай “апазіцыйнасці”, дало годны дзелавы старт рабоце з’езда. Дзелавыя, стрыманыя і граматныя былі выступленні кіраўнікоў і сяброў розных суполак. Парадаваў мяне і асноўны склад дэлегатаў, найвысокі ўзровень усіх мерапрыемстваў з’езда. На мой погляд, пачаўся новы этап адносінаў кіраўніцтва Беларусі і народнай дыпламатыі — яе прадстаўляюць беларусы свету. І ёсць надзея, што гэтае ўзаемадзеянне прынясе карысць нашым землякам у свеце, а таксама і ў любімай і роднай Бацькаўшчыне”.

Голас Радзімы № 29 (3533), чацвер, 3 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter