Свята ў мястэчку Станькава

Сярод маляўнічых прастораў Міншчыны, кіламетраў за 40 ад сталіцы, знаходзіцца старадаўняе Станькава. У свой час тут была збудавана Свята-Мікалаеўская царква...
Дзе ёсць вера — там будзе і храмСярод маляўнічых прастораў Міншчыны, кіламетраў за 40 ад сталіцы, знаходзіцца старадаўняе Станькава. У свой час тут была збудавана Свята-Мікалаеўская царква. Будаўніцтва фундаваў уладальнік маёнтка граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі, былі і ахвяраванні прыха-джан. Дарэчы, Эмерык Чапскі, прадстаўнік старажытнага нямецкага рыцарскага графскага роду, нарадзіўся ў Станькаве 17 лістапада 1828 года. Граф закончыў Маскоўскі універсітэт і ў царскай Расіі займаў высокія пасады: губернатар Вялікага Ноўгарада, віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга, дырэктар Ляснога дэпартамента. У сваім маёнтку Станькава ён стварыў буйнейшы ў Еўропе прыватны музей, у якім знаходзілася больш за 30 тысяч старадаўніх манет розных краін, больш за 20 тысяч тамоў кніг і больш за 11 тысяч ардэноў і медалёў.

Каб даказаць цару і Айчыне сваю адданасць, ім, католікам па веравызнанні, і была закладзена ў Станькаве праваслаўная царква. Аўтарам праекта быў славуты па тым часе архітэктар Канстанцін Тон — па яго чарцяжах узводзіліся Крамлёўскі палац і храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Шэсць гадоў будавалася царква. Асвяціў яе на свята Успення Багародзіцы (28 жніўня 1858 года) архіепіскап Мінскай епархіі Міхаіл (Галубовіч). У той час гэта быў адзін з найпрыгажэйшых на Міншчыне храмаў. Дарэчы, за будаўніцтва яго імператар Аляксандр II абвясціў Эмерыку Чапскаму «найвышэйшую падзяку». Высокая беласнежная царква стаяла над возерам, поўным гарлачыкаў і лебядзіных пар. Мудрая гармонія з прыродай надавала ёй незвычайную таямнічую прыгажосць. Першым святаром у храме служыў протаіярэй Мікалай Трускоўскі, будучы архімандрыт, пісьменнік, краязнавец. Затым доўгі час, аж да 1918 года, святаром быў протаіярэй Фёдар Чарняўскі — бацька новапраслаўленай святой блажэннай Валянціны Мінскай (Валянціны Сулкоўскай). Яна была кананізавана царквой як святая 6 лютага 2006 года. Апошнім святаром царквы быў іярэй Ілья Мэндзік, рэпрэсіраваны разам з сям’ёй і расстраляны ў 1936 годзе.

Прыгожаму будынку быў наканаваны нешчаслівы лёс. Яго зачынілі ў 1936 годзе, было вынесена і разрабавана ўсё каштоўнае, званы пайшлі на пераплаўку. Да Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе храм быў прыстасаваны пад зернясховішча, пазней, у выніку пажару з-за навальніцы, зерне выгарала, і храм пуставаў. А ў 1961-м царква была ўзарвана — ад яе заставаліся толькі руіны.

Святая Валянціна МінскаяУ 2006 годзе, пасля кананізацыі святой Валянціны Мінскай, было атрымана дабраславенне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі на адраджэнне храма. Цяпер работы ідуць поўным ходам. А сёлета, праз 150 гадоў пасля асвячэння храма, адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Прайшла і Божая літургія, вячэрні малебен. Былі часова падвешаны 4 званы, на набажэнствах прысутнічала каля 200 чалавек. У час урачыстасцяў шмат гаварылася пра святую Валянціну, якой сёлета — 120 гадоў з дня нараджэння. Выказвалася падзяка ўсім, хто ахвяраваў сродкі на рэстаўрацыю храма.

На свята з Падмаскоў’я прыехаў Мікалай Валадковіч — ураджэнец Беларусі, унучаты пляменнік святой Валянціны Мінскай, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі касманаўтыкі. Ён, дарэчы, вядомы слухачам Беларускага радыё як неаднаразовы ўдзельнік праграмы “Святло душы”. Як паведаміў паважаны госць, цяпер імя святой Валянціны Мінскай ведаюць і шмат дзе ў Расіі. Прыехала з Мінска на свята і Валянціна Выхота — прадстаўніца роду графаў Чапскіх, мовазнавец, кандыдат педагагічных навук. У навуковым свеце яна вядома як аўтар “Кантактнага беларуска-нямецкага слоўніка” і іншых прац. Удзельнічалі ў мерапрыемствах таксама пісьменнік, журналіст, аўтар кнігі “Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі” Анатоль Валахановіч і жыхар Станькава, аўтар кнігі “Станькаўскі парк-сядзіба графа Чапскага” Дзмітрый Бадун.

Цяпер Станькава, яго архітэктурныя і гістарычныя помнікі становяцца сімвалам адра-джэння Беларусі. Рэстаўруецца так званы “Скарбчык” — прыгожы будынак, дзе граф Эмерык Чапскі зберагаў сваю калекцыю. Вядуцца работы па аднаўленні парка, заснаванага графам, і прыйдзе час, калі Станькава стане месцам прыцягнення шматлікіх турыстаў — як айчынных, так і замежных. А сёлета, у лістападзе, у Станькаве адзначаць 180-годдзе з дня нараджэння графа Эмерыка Чапскага. Арганізатары мерапрыемства, сярод якіх кіраўнік работ па адраджэнні храма і парка, архітэктар Алег Масліеў, спадзяюцца, што ў Станькава прыедуць і іншыя сваякі, нашчадкі графаў Чапскіх.

Лявон Целеш, краязнавец
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter